Чаго дамагліся пратэстоўцы супраць акумулятарнага завода?

Больш за 5 гадзін правялі актывісты, якія пратэстуюць супраць будоўлі акумулятарнага завода пад Берасцем, з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам, перадае Радыё Свабода.
Актывісты перадалі яму 800 старонак матэрыялаў і папрасілі адказаць на 93 пытанні.

Сцісла пра вынікі сустрэчы:

1. Ці працягнецца будаўніцтва акумулятарнага заводу, будзе вызначана па выніках паўторнай экалагічнай экспертызы. Іх пратэстоўцам паведамяць 15–16 снежня;

2. Да гэтага часу акцыі пратэсту ў цэнтры Берасця працягнуцца;

3. Пратэстоўцам паабяцалі яшчэ адну сустрэчу з міністрам.

Пратэстоўцаў прадстаўлялі 4 чалавекі, з боку ўладаў на сустрэчу прыйшло 26 чыноўнікаў.

Галоўным вынікам сустрэчы, на думку блогера Аляксандра Кабанава, стала дамова аб сустрэчы з міністрам яшчэ раз, пасля таго, як стануць вядомыя вынікі другой дзяржаўнай экспертызы. Калі ж вынікі экспертызы будуць «станоўчымі для будаўнікоў», то будоўля працягнецца.

Пратэстоўцаў супраць заводу здзівілі дакументы, якімі аперуюць прадстаўнікі міністэрства. Яны карыстаюцца дакументамі 1970–80-х гадоў, сказаў Свабодзе Кабанаў. Актывісты ж прадставілі распрацоўкі пераважна 2015 года. Паводле Кабанава, чыноўнікі папракнулі пратэстоўцаў, што тыя ўзялі дакументы з інтэрнэту.

Спрэчным стала палажэнне аб колькасці свінцу ў акумулятарах. Паводле Кабанава, завод плануе выпускаць 2 млн акумулятараў на год. У кожным акумулятары будзе прыкладна 9 кг свінцу. Такім чынам, за год трэба будзе перапрацаваць як мінімум 18 тысяч тон свінцу. Паводле ж праекту, сказаў Кабанаў, магутнасць завода — 13 тысяч тон.

«Як дзяржаўныя чыноўнікі думаюць выходзіць з гэтага становішча, яны нам не сказалі», — заявіў Кабанаў.

Правесці стрым з сустрэчы Кабанаву забаранілі. Усе сродкі сувязі пратэстоўцаў папрасілі пакінуць на ўваходзе.

Уладзімір Глод, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!