Чаго хочуць «ямыбацькі»?

Жыццё паступова ўсё ставіць на свае месцы. Рана ці позна. Нават для тых прыхільнікаў улады, хто сябе называе «ямыбацька».
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Працэсы, якія распачаліся мінулым летам і працягваюцца дагэтуль, падзялілі грамадзян Беларусі на два лагеры. Чытачы «Новага Часу» добра ведаюць і разумеюць тых, хто змагаецца за дэмакратычныя перамены, за свае перакананні трапляе за краты ці вымушаны пакідаць Радзіму. Але простыя людзі, якія працягваюць падтрымліваць рэжым і часам сваю пазіцыю праяўляюць досыць агрэсіўна — хто яны? Адказ на гэтае пытанне мы паспрабавалі знайсці сярод шараговых жыхароў Слуцка.

Як высветлілася, многія з тых, хто станоўча ставіцца да вызначэння «ямыбацька», не надта жадаюць дзяліцца сваімі думкамі наконт сітуацыі ў краіне. Але таго-сяго са случчан на размову «пра палітыку» карэспандэнту НЧ угаварыць атрымалася. На здзіўленне, сярод знаёмых, якія да мінулага года за ідэалогію былі гатовы «парваць на брытанскі сцяг апошнюю кашулю», выявілася шмат такіх, якія цяпер гэтага не зрабілі бы.

Хто яны?

Калектыўны партрэт маіх суразмоўцаў: людзі сярэдняга і сталага ўзросту, праваслаўныя альбо абыякавыя да рэлігіі, не вельмі забяспечаныя, належаць да розных прафесій, большасць з іх ніколі не выязджалі за мяжу краіны, некаторыя маюць дзяцей альбо ўнукаў за мяжой і карыстаюцца іх падтрымкай. Агульнае для ўсіх — просяць не называць імёнаў. Пагэтаму імёны не сапраўдныя.

«А хай бы і не лезлі»

Аляксандр, 50 гадоў. Інжынер. Нарадзіўся ў савецкі час і дагэтуль не перажыў траўму знікнення з мапы Савецкага Саюза. Верыць кіраўніку краіны ў тым, што той хоча пабудаваць новы Саюз накшталт былога. Агрэсіўна ставіцца да «пратэстуноў». Працуе не па спецыяльнасці, на жыццё, з яго слоў, яму хапае, нават застаецца.

«Гэтыя змагары хочуць пагоршыць жыццё беларусаў і толькі санкцыі прасіць умеюць у сваіх гаспадароў для нашай краіны. Дарэчы, а адкуль у Ціханоўскага столькі грошай было за канапай? Пра гэта ж проста так не напісалі б. І ганьбяць, ганьбяць усё: то Лядовыя палацы ім не падабаюцца, то яшчэ што-небудзь. Што кіраўнік краіны ні зробіць — усё абгадзяць.

Пакідалі ў турмы? Жорстка абыходзяцца з імі? А хай бы не лезлі і бойкі не ўчынялі з міліцыянтамі. Я нікуды не лезу, дык мяне ніхто не б'е і не чапае».

«Як жа гэта можна ўхваляць?»

Людміла — пенсіянерка, 62 гады. Чалавек, які пакутуе на сур’ёзную хваробу. Лекі паглынаюць большасць яе невялікага бюджэту, таму эканоміць на ўсім, чым можа. Глядзіць беларускае і расійскае тэлебачанне. Летам суседзі не аднойчы чулі яе агітацыйныя прамовы з лавы ля дома, якія грунтаваліся на навінах БТ:

«Можа, і не ўсё ў нас зусім добра, але ж Бацька малайчына, стараецца. Паглядзіце, што робіцца ў іншых краінах: там шмат бедных людзей, якія таксама гаруюць, нават на вуліцах жывуць. Не, галасаваць трэба за яго. Мы нікога лепшага і не ведаем...»

Нядаўна сустрэла яе на вуліцы. Спытала, ці адабрае яна тое, што робіцца ў краіне. І пачула нечаканае:

— Вой, як жа можна гэта ўхваляць? Зусім падурнелі, са шкарпэткамі ды бела-чырвона-белымі сняжынкамі змагаюцца. Хай сабе пратэстоўцы і сцягамі махаюць. Дык сцягі — гэта ж не кулямёты! І за гэта на столькі гадоў саджаць? У мяне ўнук падрастае. Я яго не вучу гэтаму змаганню, але ж не ведаю, дзе ён ходзіць. А раптам і ён які сцяжок у рукі возьме? Дык за гэта ў турме будзе гніць? Жах! Я вось нічога такога не рабіла. Але баюся сустрэцца з міліцыянтам: раптам мая белая хустка яму не спадабаецца? І мая думка такая: раз ужо столькі людзей выйшла супраць, значыць, іх трэба таксама паслухаць — гэта ж народ!

«Людзі павінны падпарадкоўвацца любой уладзе»

Яшчэ адзін жыхар Слуцка — Павел, 60 гадоў, задаволены тым, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе 26 гадоў.

«Ён набыў досвед кіравання краінай. Рэпрэсіі і пасадкі ў турмы адабраю, таму што людзі павінны падпарадкоўвацца любой уладзе. У краіне павінен існаваць парадак!»

І ён, і жонка матэрыяльнымі ўмовамі задаволеныя, хаця пенсіі невысокія: 400 рублёў у Паўла і 380 — у жонкі. Маюць хранічныя захворванні, на лекі трацяць ледзьве не траціну пенсій. Яго жонка згодная з тым, што пенсіі і заробкі ў нашай краіне невысокія, але кажа, што з прыходам новага прэзідэнта будзе яшчэ горш.

Павел любіць тэлефанаваць адной маёй знаёмай, каб падзяліцца дзяржаўнай прапагандай. Яму хочацца і яе перавыхаваць, перацягнуць на свой бок. Аднойчы тая не вытрымала: папрасіла яго выключыць тэлевізар і набыць тэлефон з інтэрнэтам. Пакрыўдзіўся і доўгі час не аб'яўляўся.

«Мы нічым не выправім становішча»

Мікалай раней вельмі хваліў Лукашэнку. Распавядаў, што ў «нашай краіне ўсё добра, і дабра ад дабра не шукаюць». Яму жывецца сапраўды няблага, бо карыстаецца грашовай падтрымкай сына, які атрымлівае добрую, на яго погляд, пенсію па інваліднасці ў дэмакратычнай краіне за мяжой.

Жорсткасць расправы над пратэстоўцамі і маштаб рэпрэсій адвярнулі яго ад цяперашняга кіраўніка краіны. Асуджае рэпрэсіі, але лічыць, што «мы нічым не выправім становішча».

«Ён жа, бедненькі, так стараецца…»

Яшчэ адна случчанка, Галіна, раней шмат часу праводзіла каля тэлевізара. Падчас выбараў галасавала «за Бацьку» — паводле прынцыпу «ён жа, бедненькі, так стараецца…». Крытыку дачкі старалася не слухаць. Да крывавых жнівеньскіх падзей у Мінску паставілася ў адпаведнасці з навінамі БТ.

«Набралі нейкіх баевікоў. Пабілі бедных міліцыянераў, траўмавалі іх, зладзілі пабоішча...»

Праз некаторы час з экрана БТ зніклі яе любімыя вядучыя. Іх замянілі незнаёмыя твары, з нейкім чужым акцэнтам у галасах. Гэта яе здзівіла. Дачка падліла «кіпеню»: «Ну, а што ты хочаш, нас ужо тут усіх расіянамі хутка заменяць. Хіба не бачыла, што не толькі беларускія міліцыянты летам удзельнічалі ў разгонах пратэстаў?» Галіна гэтага не бачыла, але цяпер больш крытычна ставіцца да інфармацыі з расійскага і беларускага тэлебачання. Вялікая колькасць арыштаў ёй таксама не падабаецца, бо ніяк не стасуецца з выглядам мірнай і стабільнай Беларусі.

«Дзе ж прэзідэнт возьме грошай?»

Нядаўна ў краме я аказалася сведкай такой сцэны. Счапіліся дзве жанчыны. Адна з іх вохкала каля стэлажа з алеем, што надта ўсё дорага стала: прыйдзеш у краму, нічога не набудзеш, а 40 рублёў вылецела. Другая жанчына гэтыя выказванні ўспрыняла як крытыку ўлады і пачала яе абараняць: «Я згодная з тым, што цэны зараз высокія сталі, але дзе ж прэзідэнт возьме грошай, каб павысіць наш узровень жыцця?»

«Дык хай скароціць міліцэйскі апарат ды прадасць рэзідэнцыі, не ўзводзіць Лядовыя палацы ў кожным горадзе!» — у запале крыкнула першая. Другая жанчына моўчкі павярнулася і пайшла.

*****

Вынікае, што жыццё — такое, як яно ёсць, — паступова ставіць усё на свае месцы. Рана ці позна. І ніякая прапаганда ў выніку не зможа яго перайграць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: