Чаканне немагчымага. Жыхары Грушаўкі схадзілі да адміністрацыі і чакаюць рашэння па скверы

Вось ужо два тыдні як сквер на Грушаўцы абнеслі будаўнічым плотам — і ўсё замерла. Пасля візіту кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта разам са старшынёй Мінгарвыканкама працы больш не ідуць, але і яснасці, што ж будзе далей, няма.
У ініцыятыўнай групы адбылася сустрэча з Анатолем Сіваком, старшынёй Мінгарвыканкама.

«Усе, хто чакаў хуткай перамогі, будуць засмучаныя і вось чаму», — пішуць яны 5 лютага ў телеграм-канале «Грушвіль» і пералічваюць: пакуль ідзе ўнутранае разбіральніцтва, але працы ў адной з трох секцый прыпыненыя. У двух дазволеныя. Жыхарам не далі акты выбару зямельных участкаў і параілі даведацца ў землеўпарадкавальнай службе, не распавялі пра падставу, на якой забудоўшчык атрымаў участак.

Пра ідэю жыхароў вярнуць плошчу сквера ў 2,16 гектар у выканкаме ведаюць, але гэта закранае фінансавыя інтарэсы забудоўшчыка «Датч Стар», таму рашэнне не такое лёгкае. Як тлумачаць жыхары на сайце сквера, у красавіку 2018 Мінгарвыканкам сваім рашэннем паменшыў плошчу сквера з 2,16 да 1,72 гектара.

У цэлым, як лічаць жыхары, вынікі сустрэчы нельга назваць адназначнымі. Сваю пазіцыю яны агучаць праз некалькі дзён, пасля таго, як горад вынесе рашэнне.

Даведка: у скверы на Грушаўцы было распачата будаўніцтва. Новы ўчастак узгаднілі ў самым канцы 2019 года. Жыхары мелі зносіны з адвакатам, уладамі, рыхтавалі пазоў і перыядычна чулі, што праект ужо прайшоў экспертызу.

Яны павязвалі на дрэвы шалікі і звярталіся да кіраўніка дзяржавы, але ў выніку бліжэй да начы 21 студзеня ўбачылі рабочых і будаўнічы плот. Здавалася, работы павінны пачацца — але тут праз пару дзён у сквер прыехалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава і старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак, быў і дырэктар ТАА «Датч Стар» Дзяніс Заморац.

«У выніку агляду сквера і прылеглай тэрыторыі забудоўшчыку было дадзена вуснае прадпісанне на час праверкі забараніць высечку дрэў і правядзенне далейшых будаўнічых работ», — пераказваюць актывісты.

«Нам далі новы ПДП», — жартуюць жыхары ў телеграм-канале «Грушвіль»

«Нам далі новы ПДП», — жартуюць жыхары ў телеграм-канале «Грушвіль»

Паводле Зялёнага партала

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: