«Чалавеку пасля турмы застаецца толькі зноў абрабаваць шапік»

Як жыве прадпрыемства, дзе працуюць людзі з ВІЧ, інваліднасцю і былыя зняволеныя. Спачатку «Умелы Калабок» займаўся фасаваннем і продажам цвікоў, потым тут распрацоўвалі эксклюзіўныя гаспадарчыя тавары, дыванкі для дэзінфекцыі падчас афрыканскай чумы свіней.

Наталля Стрэльчанка

«Я не магла дазволіць сабе быць горшай»

— Я з дзяцінства настройвала сябе, што павінна працаваць там, дзе магу, а не дзе хачу. Людзям з інваліднасцю пастаянна трэба даказваць, што яны не горшыя за іншых. Усё жыццё трэба падладжвацца. У мяне з самага маленства дужа дрэнны зрок. Але па мне ніколі гэтага не скажаш, таму што я вельмі адаптаваная, — кажа Наталля Стрэльчанка, якая кіруе ў Светлагорску сацыяльным прадпрыемствам «Умелы Калабок» і ўзначальвае грамадскае аб’яднанне «Роўныя магчымасці».

Першае ўражанне пра Наталлю — яна паўсюль адчувае сябе як рыба ў вадзе. Яна пагаджаецца і кажа, што гэта — вынік вялікай працы.

— У школе я па ўсіх прадметах рабіла дзве кантрольныя за ўрок. Бо я з дошкі не бачыла заданняў, таму суседка па парце спачатку перапісвала мне свой варыянт, я яго хуценька рашала, а потым — мой. Ёй я рабіла на 3–4, бо яна кепска вучылася, а сабе — на 5. Я не магла дазволіць сабе быць горшай, да таго ж мне гэта лёгка давалася.

Можа, таму і місію (язык не паварочваецца назваць гэта «працай») Наталля абрала не самую простую. На яе прадпрыемстве працуюць людзі з інваліднасцю, ВІЧ-станоўчыя, пасля турмаў і ЛПП, шматдзетныя маці і маці дзяцей з інваліднасцю — словам, тыя, каго звычайна не бяруць на працу. А Наталля — бярэ. Бо гэта, у пэўным сэнсе, маніфест яе жыцця.

— З людзьмі, якія прыйшлі з турмаў, лёгка працаваць. Яны звыклыя да парадку, а яшчэ яны вельмі цэняць, калі ім давяраеш, — дзеліцца досведам суразмоўца.

Хаця, канешне, бываюць і крадзяжы, але вельмі рэдка. У гэтых выпадках Наталля лічыць неабходным «дагрукацца да свядомасці» супрацоўнікаў. Звычайна пасля размовы сам-насам праблемы знікаюць.

— З імі значна прасцей, чым з людзьмі з інваліднасцю, асабліва з тымі, якія сядзяць дома і атрымліваюць гіперапеку. А вось з алказалежнымі праблемы ўзнікаюць увесь час. Зрывы бываюць, таму ў вытворчасці на іх мы стаўку не робім, а разлічваем на пастаянных людзей.

У швейнай майстэрні працуюць як жанчыны, так і мужчыны


Як з’явіўся «Умелы Калабок»

У 33 гады Наталлі далі групу інваліднасці па зроку. Жанчына прыйшла ў Таварыства сляпых і адразу аказалася сярод лідараў. Дзякуючы сваёй актыўнасці, яна здолела стварыць у Светлагорску філіял гомельскага завода «Светлатэхніка», дзе невідушчыя людзі збіралі свяцільнікі. Прадпрыемства праіснавала восем гадоў, але ў Гомелі змянілася кіраўніцтва, якое стала закрываць філіялы. Супрацоўнікі аказаліся на вуліцы, а Наталлю адправілі працаваць у Мазыр на аб’яднанне двух заводаў. Адпрацаваўшы 1,5 года, Наталля з’ехала.

Пакуль працавала ў Мазыры, яна не пераставала дасылаць лісты, каб людзям, якія працавалі з ёй у Светлагорску, далі працу. Сама па вяртанні змагла ўладкавацца ў кніжны шапік прадаўцом. Але нарэшце пасля адной з заяў кіраўніка дзяржавы справа зрушылася з мёртвай кропкі, і ў Гомельскім аблвыканкаме пытанне працаўладкавання невідушчых узялі на кантроль. І так сталася, што акурат у гэты час двое мужчын, пакуль ляжалі ў Гомелі ў шпіталі, вырашылі стварыць сацыяльнае прадпрыемства з працаўладкаваннем людзей з інваліднасцю. Праўда, мэта ў іх была самая празаічная — зарабіць на гэтым грошы. І з гэтай ідэяй яны прыйшлі ў Гомельскі аблвыканкам з запытам на людзей з інваліднасцю.

— Ім далі мой нумар тэлефона, а далей — справа тэхнікі, — усміхаецца суразмоўца.

Так з’явілася прадпрыемства, дзе людзі з інваліднасцю займаліся расфасоўкай метызаў, а Наталля Стрэльчанка, яшчэ сама таго не ведаючы, стала яго дырэктаркай.

Наталля Стрэльчанка

— Праз месяц я запытваюся: «Хлопцы, вы хоць назву мне скажыце». А яны кажуць: «Умелы Калабок» і паказваюць мне дакументы. Я да гэтага часу камплексую ад такой назвы, але цяпер яна — брэнд прадпрыемства, і адмовіцца ад яе складана, — прызнаецца Наталля.

А гісторыя была такая: калі заснавальнікі прыйшлі рэгістравацца ў выканкам, усе прапанаваныя назвы ім не падабаліся. І адна з супрацоўніц сказала: «Ну не “калабкамі” ж вас назваць!». На што пачула: «А чаму не? “Умелы Калабок”. Бо з інваліднасцю — без ручак, без ножак, без зроку, а ўсё ўмеюць».  

Гатовая прадукцыя


Умець, сапраўды, давялося ўсё, у залежнасці ад патрэбаў рынку. Спачатку «Умелы Калабок» займаўся фасаваннем і продажам цвікоў, потым тут распрацоўвалі эксклюзіўныя гаспадарчыя тавары, дыванкі для дэзінфекцыі падчас афрыканскай чумы свіней, затым пачалі шыць рытуальныя покрывы і падушкі, а там дайшло і да вырабу вянкоў, трунаў і ўсяго неабходнага для пахавання.

Першую труну збілі ўдваіх з намесніцай

«Не палохайся, тут мы робім труны», — праводзіць мяне ў цэх, які некалі быў крамай, Наталля. У памяшканні стаіць адна гатовая пунсовая труна, на падваконні ляжаць бліскучыя дэталі для аздаблення, у пакунках — штучныя кветкі для вянкоў. Пакуль праца тут прыпыненая: чакаюць завозу драўніны. Але двое майстроў на месцы і ў любы час гатовыя ўзяцца за справу. Пытаюся ў Наталлі, ці не было такога, што яе супрацоўнікі баяліся ці не хацелі займацца вырабам рытуальнай прадукцыі.

— У гэтай працы важна, як сябе маральна настроіш. Бо самі па сабе тканіны не нясуць ніякага негатыву. У мяне з такой тканіны фіранкі ў кабінеце, і з яе ж мы шыем покрывы.

Першую труну мы з маёй намесніцай збілі ўдваіх: бо, калі я даю людзям працу, я павінна ведаць, як яна робіцца. Потым мы тры дні яе прыгожа абівалі, і калі нарэшце зрабілі, выпеставалі — які можа быць страх пасля гэтага? За ўвесь час толькі адзін чалавек пасля таго, як убачыў, што мы тут робім труны, больш не прыйшоў. Потым жонка распавяла, што яго трэсла ўсю ноч.


Бадай, самае прэзентабельнае збудаванне ва ўсім комплексе «Умелага Калабка» — рытуальная крама, якая месціцца побач з асноўным будынкам. Яна абшытая сайдынгам, усярэдзіне зроблены рамонт, і, каб не спецыфічная прадукцыя, можна было б сказаць, што памяшканне радуе вока. У першай залі выстаўленыя толькі вянкі і кошыкі са штучнымі кветкамі, покрывы і адзенне, а труны перанесеныя ў іншую — каб не шакаваць пакупнікоў. Адна бяда — няма чым плаціць за ацяпленне, таму прадавачка Віка грэецца пры дапамозе кандыцыянера. Дзяўчына мае вышэйшую матэматычную адукацыю і 2-ю групу інваліднасці.

— У мяне шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, але хвароба нікога не шкадуе, — распавядае Наталля Стрэльчанка. — Таксама ёсць прыбіральшчыца з анкалогіяй, яе адправілі паміраць. А яна адлежваецца дзень пасля «хіміі» і прыходзіць, кажа: «Гэта мне дае моцы жыць».


Думаць пра кагосьці яшчэ

Будынак, дзе цяпер месціцца прадпрыемства, «Умеламу Калабку» і «Роўным магчымасцям» аддае ў арэнду райвыканкам. Збудаванне старое і патрабуе рамонту, на які катастрафічна не хапае грошай. Цяперашнім насельнікам усё даводзіцца рабіць тут сваімі рукамі.

На першым і другім паверсе адміністрацыйныя памяшканні чаргуюцца з майстэрнямі і складамі, а на трэцім размяшчаюцца грамадскія арганізацыі.

Памяшканні арганізацыі «Людзі+»

— Амаль два гады таму мы стварылі «Роўныя магчымасці». Мы сабралі тут усе грамадскія аб’яднанні горада. Бо чалавек, які прыйшоў з турмы, не ведае, куды яму пайсці. І яму застаецца толькі зноў абрабаваць нейкі шапік і вярнуцца ў турму. Таму такім людзям павінна аказвацца комплексная падтрымка і суправаджэнне, камусьці трэба яшчэ і падлячыцца. Таксама дапамога патрэбная людзям з інваліднасцю і тым, хто выхоўвае дзяцей з інваліднасцю, — распавядае Наталля.

Гэта адзіны такі праект у Беларусі, калі ствараецца сацыяльна-вытворчы комплекс. Сюды ўваходзяць лідары такіх арганізацый, як БелТІ, БелТІЗ, Чырвоны Крыж, «Людзі+» (працуюць з ВІЧ-інфікаванымі), «Ветэраны спорту», Таварыства вазочнікаў, арганізацыя маці, што выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а яшчэ — тры сацыяльныя прадпрыемствы: «Умелы Калабок», рамонт электраінструментаў і тыпаграфія.

Актавая зала

Памяшканні арганізацыі «Людзі+»

Чырвоны Крыж, акрамя асноўных абавязкаў, займаецца тут зборам і раздачай гуманітарнай дапамогі. Дзейнасць філіяла «Людзі+» накіраваная на тое, каб знізіць дыскрымінацыю ў адносінах да людзей з ВІЧ. Тут ладзяць лекцыі і трэнінгі як для хворых, так і для іх блізкіх, развенчваюць шматлікія міфы, звязаныя з вірусам, а неўзабаве збіраюцца нават абсталяваць кабінет па заборы крыві. Ёсць тут і актавая зала, дзе праходзяць як сур’ёзныя, так і забаўляльныя мерапрыемствы.

За час сваёй працы «Умелы Калабок» закрыў у горадзе пытанне працаўладкавання людзей з інваліднасцю. У Наталлі ёсць ідэі, як развіваць і прадпрыемства, і «Роўныя магчымасці». Але банальна не хапае на гэта чалавечых і фінансавых рэсурсаў. Сама яна працуе па 14 гадзін на суткі, ужо 10 гадоў не была ў адпачынку і тры гады не атрымлівала зарплаты — жыве на адну пенсію па інваліднасці.

— Калі ў мяне пытаюцца, як можна столькі працаваць за бясплатна, я адказваю, што не ўяўляю, як можна гэтага не ра­біць. Хаця спадзяюся, што калісьці ўсё ж змагу забраць грошы. Проста калі ты жывеш у гэтым свеце, ты павінен яго паляпшаць, а не забіваць, і, жывучы побач з людзьмі, думаць не толькі пра сябе, а пра кагосьці яшчэ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: