Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Чаму адразу дранік»? Літоўка вывучыла беларускую мову і адкрыла ў Магілёве кавярню «Шпаркі лось»

Выйсці замуж за беларуса, захапіцца ягонай мовай і паверыць у яе лепшую будучыню — так грамадзянка Літвы Даля Аніськова прыехала ў Беларусь.

Даля Аніськова

Дзяўчына вывучылася на юрыста, практыкавалася ў паліцыі, але перагледзела свае прыярытэты і занялася тым, што ёй сапраўды па душы.

Даля — кіраўніца новай магілёўскай кавярні «Шпаркі лось». Страўня з аўтарскай кухняй — адна зь нямногіх тутэйшых, якую гаспадары аформілі цалкам па-беларуску.

«Пачуваюся ў Беларусі, як у сваёй хаце»

У Беларусі Даля з невялікімі перапынкамі жыве амаль два гады. Яна выйшла за магілёўскага хлопца, якога лічыць беларускім патрыётам. Пакідаць радзіму ён не захацеў, і яна пасля роздумаў адважылася пераехаць да яго. Паводле Далі, асаблівага дыскамфорту ў Беларусі яна не адчувае.

«Нават калі даводзіцца бываць цяпер у Літве, то хочацца дадому, — з усмешкай заўважае яна, седзячы за столікам кавярні. — Да тутэйшага жыцця я прызвычаілася, пачуваюся тут, як у сябе ў хаце».

Адзін з шаржаў з «Шпаркім ласём»

Сама Даля з Вільні. Не ўтойвае, што часам сумуе па лабірынтах вуліц старога гораду. У беларускіх жа гарадах, кажа яна, ад старых часоў засталося няшмат, а тое, што ацалела, не параўнаць з тым, што ёсьць у сталіцы Літвы.

«Я разумею, што давялося перажыць вашым гарадам, — са шкадаваньнем кажа суразмоўца. — Нашым пашанцавала значна болей».

Беларусы, паводле яе, людзі гасьцінныя, хоць у параўнаньні зь літоўцамі больш закрытыя.

«Літоўцы больш разняволеныя, — адзначала яна. — Беларусы ж паводзяць сябе іншым разам так, нібыта ўвесь час чакаюць нечага для сябе непрыемнага, але яны падкупляюць іншаземца цеплынёю ў стасунках. У іхных паводзінах няма агрэсіі».

«Чаму беларусы не гавораць па-беларуску, мне незразумела»

Даля вучыць беларускую мову, але прызнаецца, што пакуль падтрымліваць доўга гаворку ў яе не выходзіць. Не хапае, тлумачыць, маўленчай практыкі, бо мала беларускамоўных суразмоўцаў. Кажа, што атачэнне мужа трымаецца беларускасці, але сябры і знаёмцы гавораць па-беларуску не ўсюды і не з усімі.

«Беларускай мовы не чуваць, таму і вывучаць яе няпроста. Калі б усе тутэйшыя гаварылі па-беларуску, то я б ужо добра размаўляла на вашай мове», — запэўнівала суразмоўца.

«А так, — са скрухаю кажа яна далей, — запытаеш у некага, як па-беларуску будзе нейкае слова, — адкажуць, а паколькі няма дзе яго ўжываць, дык яно і забываецца».

Моўная сытуацыя ў Беларусі Далю дзівіць. Яна не разумее, чаму беларусы цураюцца сваёй мовы. Спрабавала высветліць, як так сталася. Тлумачэнні беларусаў засталіся для яе непераканаўчымі.

«Я спрабавала пераканаць сваіх суразмоўцаў, што беларуская мова — іхная родная мова, але гэта не дало плёну, — прыгадвае свае дыскусіі зь беларусамі ў моўным пытаньні Даля. — Мне адказвалі: „Дык у нас жа дзяржаўная мова таксама і руская, дык навошта вучыць яшчэ беларускую? Навокал жа гавораць па-руску!“».

«Некаторыя тлумачылі сітуацыю тым, што беларусаў спрэс зрусіфікавалі, — казала далей суразмоўца. — Я такім адказвала, што і літоўцаў таксама спрабавалі русіфікаваць, і нават забаранялі нашу мову, але літоўцы трымаліся свайго слова. Даводзіла, што не памятаю сваіх сямейнікаў, каб яны не гаварылі па-літоўску. Карацей, моўная сытуацыя ў Беларусі для мяне дзіўная».

«Беларуская мова — мілагучная і еўрапейская»

Акрамя сваёй роднай мовы, Даля гаворыць па-англійску і па-руску.

«Мы хадзілі ў Магілёве на прэм’еру беларускамоўнага „Маленькага прынца“, — кажа Даля, — дык засталіся ў захапленьні ад мовы, на якой гаварылі героі мультфільму. Ваша мова такая мяккая ды простая ва ўспрыняцці. Мне незразумела, чаму некаторыя называюць яе „калгаснай“. Як па мне, то беларуская мова мілагучная і еўрапейская».

Ніякай рэкламы. Кулінарныя наватворы на стойцы

Суразмоўца не сумняваецца, што найлепшае ў беларускай мовы яшчэ наперадзе. Як толькі прыехала ў Беларусь і ўзялася за мову, кажа яна, то, здавалася, што тых, хто гаворыць на ёй, няшмат. Аднак з часам пераканалася ў адваротным.

«Проста беларускамоўныя беларусы трымаюцца чамусці ў ценю і толькі між сабой гавораць па-беларуску», — падзялілася сваімі назіраньнямі магілёўская літоўка.

Чаму як беларуская мова, то абавязкова дранік?

Даля мае адукацыю юрыста. Практыкавалася ў паліцыі. Неяк, кажа яна, зразумела, што занятак юрыста не для яе. Пакуль вучылася, падпрацоўвала афіцыянткай, потым у бары ды адміністратаркай у рэстарацыі. Скончыла курсы кухараў і сваё далейшае жыцьцё звязвае з бізнэсам у сфэры грамадскага харчавання.

«Мне дужа прыемна, калі людзі ядуць і захапляюцца згатаваным, — казала Даля. — Ад гэтага маеш вялізнае задавальненне. Каб працавала юрысткай, гэтага б ня мела і не адчула».

Кавярняй «Шпаркі лось» валодае суполка бізнэсоўцаў. У назвы, кажа суразмоўца, няма гісторыі.

«Усім спадабаўся яе крэатыў, таму і вырашылі так назвацца», — патлумачыла яна. — Ніхто не пярэчыў, каб аздабленне было беларускім. Для нас усіх беларускасць — абсалютна нармальны ход, і нязвыкласьці ў гэтым мы ня бачым».

«У нашай кавярні аўтарская кухня, — працягвае Даля. — Назвы страў мы прыдумляем самі. З імі доўга эксперыментавалі. Мноства разоў прыдуманае бракавалі. З харчоў няма нічога незвычайнага. Тое, што можна купіць у краме, з таго і мы гатуем».

Магілёўская вуліца стала з «Шпаркім ласём» крыху беларускай

Паводле суразмоўцы, рэакцыя кліентаў на беларускую мову дужа розная. Але кожны звяртае ўвагу, што меню беларускамоўнае.

«У некага пазытыў у вачах, а ў некага збянтэжанасьць, але варожасці няма, — кажа Даля. — Тое, як рэагуюць кліенты, мне падабаецца. Неяк заўважылі былі памылку ў слове „дранікі“, дык нязлосна пра гэта сказалі. Канфліктных сытуацыяў празь беларускасьць не было, дзякаваць Богу. Спадзяюся, што іх і не будзе».

Паводле суразмоўцы, многія кліенты, пабачыўшы беларускую мову, адразу робяць выснову, што ў кавярні падаюць толькі стравы беларускай нацыянальнай кухні.

«Беларускую мову чамусьці атаясамліваюць з дранікамі», — са здзіўленьнем заўважае гаспадыня кавярні. — Дранікі, безумоўна, страва крутая, і іх можна падаць па-рознаму. Мы, напрыклад, прыдумалі страву «Вежкі», гэта калі дранікі выкладзеныя стосікам».

Але беларускасць кавярні не ў драніках, сцвярджае Даля.

«Так, у меню кавярні ёсьць элементы з беларускай кухні, — казала далей Даля. — Але, калі прыязджаеш у Лёндан, там жа мэню па-ангельску і ніхто гэтаму ня дзівіцца. У Парыжы па-французску. Так і ў Беларусі меню выдрукавана на беларускай мове, столікі з беларускімі словамі. Дык чаму адразу нацыянальная кухня і дранікі, не зразумела».

«Спадзяёмся, што беларускамоўных беларусаў стане болей»

Паводле гаспадыні кавярні, пэрсанал з абавязковым патрабаваннем ведання беларускай мовы не падбіраўся.

«Ніводзін з нашых работнікаў не мае нічога супраць беларускай мовы, — даводзіла яна. — Стараюцца, калі з імі гавораць па-беларуску, адказваць гэтак жа. Таму праблемаў няма».

Даля пакуль не гатовая казаць, ці павялічыць беларускае аздабленне прыбытак з кавярні. Заўважае, што трэба даўжэй папрацаваць. Пры гэтым кажа, што беларушчына дапамагае вылучыцца з масы падобных устаноў у Магілёве.

«Маем надзею, што беларуская мова будзе прыцягваць кліентаў. На жаль, гэта пакуль для Беларусі ня норма, а хутчэй незвычайнасць. Зразумела, чым болей кліентаў, тым больш паспяховы бізнэс», — кажа гаспадыня страўні і на разьвітаньне дадае:

«Спадзяёмся, што наша беларуская кавярня стане прыкладам для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску, і падтрымкай для тых, хто ўжо гаворыць. Яны пачнуць выходзіць з беларускай мовай на вуліцу і не саромецца размаўляць на ёй. Думаем, што такіх беларусаў паболее».

Паводле Радыё Свабода

Каментаваць