Чаму беларусам усё часцей забараняюць уезд у Ізраіль

Амаль 550 беларусаў у 2018 годзе ў аэрапорце Бэн-Гурыён не атрымалі згоды на ўезд у Ізраіль. Гэта ў паўтара разы болей, чым было ў 2017 годзе. А за першую палову 2019 году ізраільскія службы завярнулі назад ужо 390 беларусаў.

Гэтыя лічбы назваў амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ўладзімер Скварцоў, піша прэсавая служба Міністэрства замежных спраў.

З 2015 году паміж абедзьвюма краінамі дзейнічае пагадненьне аб «бязьвізе».

Беларускі дыплfмат кажа:

«Адзін з найбольш распаўсюджаных довадаў для такіх адмоваў, якія прыводзяць супрацоўнікі ізраільскіх міграцыйных службаў, — падазрэнне ў тым, што многія іншаземцы, уключаючы і некаторых беларусаў, уводзяць іх у зман у дачыненні да сапраўдных намераў свайго знаходжання ў Ізраілі. Паказваючы ў якасці мэты наведвання турызм, яны насамрэч, паводле ацэнак чыноўнікаў, едуць у краіну ў пошуках працы».

Паводле Скварцова, часам бываюць абсурдныя выпадкі. Аднаму беларусу на ўездзе ў Ізраіль кажуць, што сума ў 1000 долараў, якую ён мае пры сабе, занадта малая для знаходжання ў краіне. А літаральна праз дзень іншаму турысту з той жа 1000 долараў сказалі, што гэта зашмат і гэта сведчыць пра намер застацца ў Ізраілі.

Яшчэ адной прычынай дэпартацыі ізраільскі бок часта называе рэзкі рост колькасці прашэнняў аб атрыманні статусу бежанца, якія падаюць іншаземцы. Гэта вядзе да агульнага ўзмацнення жорсткасці падыходаў уладаў пры памежным кантролі.

Амбасадар Скварцоў кажа, што беларускія дыпламаты падымаюць гэтую тэму перад прадстаўнікамі ізраільскіх кампетэнтных органаў:

«Цяжкасці з перасячэннем мяжы не аднойчы былі прадметам абмеркавання як у рамках сумеснай міжурадавай камісіі, на сустрэчы на ўзроўні намесніка прэм’ер-міністра з шэрагам ізраільскіх міністраў, так і на палітычных і консульскіх кансультацыях МЗС дзвюх краін. Мы падкрэсліваем, што абмежавальная практыка ўсё больш выпустошвае сутнасць дзейнага пагаднення аб „бязвізе“».

Падрабязна пазнаёміцца з рэкамендацыямі амбасады Беларусі тым, хто збіраецца наведаць Ізраіль, можна на сайце амбасады. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: