Чаму дзеці сябе дрэнна паводзяць?

Да мяне як педагога-псіхолага часцяком прыходзяць бацькі з просьбай: «Дапамажыце! Не ведаю, што рабіць, дзіця адбіваецца ад рук! Вы яго змяніце — і больш нічога не трэба!» Але выправіць паводзіны дзіцяці немагчыма без аналізу сямейнага выхавання, без працы з усёй сям’ёй.


У карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін патрэбны сістэмны падыход. Любыя паводзіны чальца сям’і — гэта функцыя сістэмы: калі нехта ў сям’і нешта робіць, то ўсёй сям’і гэта трэба. Калі ўзнікаюць праблемы ў паводзінах дзіцяці, то, хутчэй за ўсё, яно рэагуе на тое, што робяць іншыя чальцы сям’і. Праблемныя паводзіны — гэта пасланне малечы свету, яно хоча гэтым нешта сказаць. Ёсць прычына або прычыны, па якіх дзіця так сябе паводзіць. А часам праблемныя паводзіны могуць справакаваць і бацькі.

Часцяком на кансультацыю прыходзіць адзін з бацькоў, якога найбольш хвалююць праблемныя паводзіны. Зазвычай той, хто прыйшоў, і з’яўляецца чалавекам, які больш за ўсё перажывае ў сям’і. І, як не дзіўна, часцей за ўсё ён і з’яўляецца носьбітам праблемы. Псіхолагі-пачаткоўцы спяшаюцца запэўніць бацькоў, што папрацуюць з дзіцём і выправяць яго паводзіны. Але гэта міф. Нават калі і ўдасца палепшыць паводзіны малечы — не ліквідаваўшы прычыну «закідонаў», усё вернецца наноў. Таму важна глядзець, што папярэднічала праблемным паводзінам? Якія падзеі адбываліся ў сям’і? Што адбываецца пасля? Як усе чальцы сям’і рэагуюць? Каму больш за ўсё выгадна, каб дзіця паводзіла сябе такім чынам? Не здзіўляйцеся — менавіта выгадна!


Самасцвярджэнне, крыўда, страта веры

Часцей за ўсё прычын, па якіх дзеці паводзяць сябе дрэнна, некалькі. Напрыклад, барацьба за ўвагу. Калі малеча не атрымлівае патрэбнай яму колькасці ўвагі, дзіця знаходзіць спосаб яе атрымаць — непаслушэнства. Калі бацькі звяртаюць увагу на дзіця толькі тады, калі яно паводзіць сябе дрэнна, то ў яго выпрацоўваецца ўмоўны рэфлекс. Але, як толькі бацькі перастануць надаваць увагу дзіцяці падчас дэманстрацыі дрэнных паводзінаў, а будуць заахвочваць добрыя ўчынкі, то дзіця стане паводзіць сябе добра.

Барацьба за самасцвярд­жэнне. Дзіця адстойвае права самому вырашаць свае справы. Калі яно самасцвярджаецца, то, хутчэй за ўсё, бацькі занадта кантралююць яго. Трэба аддаць нейкія справы малечы пад самакантроль. Ёсць «зона бліжэйшага развіцця» — нешта дзіцяці ўжо можа рабіць самастойна. Штосьці нельга зрабіць без бацькоў, а нешта трэба рабіць разам з імі. Але часцей за ўсё бацькі заклапочаныя сацыяльнымі поспехамі дзіцяці — на яго вялікія надзеі. І бацькі лічаць, што, калі яны нешта прапусцяць, то ў будучым гэта прывядзе да непапраўных наступстваў. Трэба абараніць дзіця ад небяспекаў.

Але дзіцяці вельмі часта цяжка несці гэтую ношу, і яно пачынае брыкацца. Абарона ад складанасцяў жыцця замінае і развіццю. Бацька лічыць, што калі яго дзіця сутыкаецца з цяжкасцямі, то ён — дрэнны бацька (не навучыў, не папярэдзіў, не асцярог). Мы занадта шмат патрабуем ад дзяцей і вельмі часта перастрахоўваемся. Занадта канцэнтравацца на сям’і і дзецях у нашым грамадстве сацыяльна заахвочваецца, асабліва ў жанчын: «Я ж маці!».

Крыўда і жаданне адпомсціць. Дзіця можа злавацца на бацькоў або на аднаго з іх і дзейнічае насуперак. Бацькі лічаць, што любую памылку дзіцяці трэба прыкмячаць і выпраўляць. І наогул, «ты малы яшчэ нешта хацець або патрабаваць». Выбудоўваючы межы дазволенага, мы, свядома ці міжволі, можам нанесці малому траўму або моцна пакрыўдзіць.

Страта веры ва ўласны поспех, нізкая самаацэнка дзіцяці. Назапасіўшы досвед няўдач і крытыкі ў свой адрас, дзіця губляе ўпэўненасць у сабе. Вырашае, што ўсё роўна нічога не атрымаецца, а значыць, і не трэба старацца. Бацькі лічаць, што трэба хваліць толькі тады, калі ўсё ідэальна. Вельмі многія бацькі баяцца перахваліць. Няма паслання, што мы верым у дзіця. Яно мае права на памылкі, але важна ўмець іх выпраў­ляць. Гэта вопыт, падрыхтоўка да рэальнага жыцця, калі трэба будзе самому пераадольваць цяжкасці.


Мадэлі паводзінаў

Уласныя паводзіны бацькоў. Бацькі з’яўляюцца мадэлямі паводзін у соцыуме. Калі не атрымліваецца адвучыць малечу ад нейкага стылю паводзін, важна паназіраць за сабой. Калі бацька крычыць на дзіця, то цалкам лагічна, што дзіця бу­дзе крычаць на яго. Калі бацька праяўляе агрэсію ў адносінах да дзіцяці або іншых сямейнікаў, то дзіця будзе гэтак жа пасту­паць са сваімі аднагодкамі.

Прычына гэтага — тое, што называюць «канфлікт лаяльнасці». Калі маці і тата даюць дзіцяці супярэчлівыя ўказанні, яно не разумее, каго слу­хаць. Яно вымушана абіраць, на чыім баку знаходзіцца — маці або таты. Гэта можа прывесці да развіцця неўратычных сімптомаў: страху, моцна выяўленай агульнай гатоўнасці да рэагавання, залішняй пакоры. Пры гэтым дзіця адчувае сваю непатрэбнасць, пакінутасць, паколькі перажыванне бацькамі канфліктаў адцягвае іх увагу ад дзіцяці. У сварках сужэнцы могуць прынізіць адзін аднаго за эмацыйны стан дзіцяці.

Бывае і іншы варыянт, калі адзін з бацькоў пераносіць свае пачуцці да партнёра на дзіця: ён бачыць у ім нейкія рысы жонкі/бацькі і пачынае з імі змагацца. Што ж рабіць дзіцяці, калі бацькі не могуць дамовіцца між сабой?


Каму гэта зручна?

Важна разумець, што непаслушэнства ўмоўна зручна ўсім або кожнаму чальцу сям’і паасобку. Напрыклад, тата шмат працуе, а маці сядзіць з дзіцём. Яна стамляецца, адчувае сябе закінутай, сумуе. Тата прыхо­дзіць з працы, і мама зрываецца, але разумее, што муж стаміўся, і таму яго чапаць нельга. Самая добрапрыстойная падстава: «У нас з дзіцём праблема. Я ўжо не спраўляюся, так што давай, падключайся!» Муж не можа адмовіць, ён падключаецца і пачынае выхоўваць дзіця. А пасля ў мужа і жонкі ёсць падстава пагутарыць, абмеркаваць, што адбылося. Бацькі гуртуюцца і адчуваюць сябе разам. Гэта падводзіць іх да размовы, калі ў іншых умовах яны б і не адважыліся. Гэта выгадна абодвум бацькам. І тады непаслушэнства дзіцяці — замацоўваецца!

Калі ў маці і таты напружаныя адносіны, яны пачынаюць у іх далучаць дзіця — альбо для таго, каб разрадзіць абстаноўку, альбо для таго, каб згуртавацца як сям’я. Дзіцяці гэта таксама выгадна, бо моцна павялічваецца яго статус. Малеча адчувае сябе больш значным, і таму з задавальненнем ва ўсім гэтым удзельнічае. А з іншага боку — гэтая ўмоўная выгада і замінае малому: дзіця не жыве сваім жыццём, не вырашае свае дзіцячыя задачы, а ўвесь час абслугоўвае ўзаемаадносіны бацькоў. Дрэнныя паводзіны гуртуюць сям’ю, але не даюць правільна развівацца дзіцяці і ў перспектыве — пагаршаюць узаемаадносіны бацькоў.

Яшчэ адной прычынай дрэнных паводзін малога можа быць узнікненне ў сям’і «кааліцый». Функцыянальнай у сям’і ёсць кааліцыі бацькоў і кааліцыі дзяцей, а ўсе астатнія — дысфункцыянальныя, якія паказваюць на наяўнасць праблем. Бываюць кааліцыі маці і дзяцей з аднаго боку, і таты — з другога. Гэта гульня «супраць каго мы сёння сябруем». Можа быць, што маці з адным дзіцём выступае супраць таты з іншым дзіцём. Горш, калі ўмешваюцца бабулі і дзядулі. Напрыклад, бабуля займаецца з дзіцём, пакуль бацькі занятыя. Перыядычна яна дазваляе дзіцяці нешта такое, што не ўхваляецца бацькамі. Маці, не ўступаючы ў канфлікт наўпрост (асабліва калі гэта свякроў) пачынае скардзіцца мужу, што бабуля сябе паво­дзіць няслушна. Муж абараняе сваю маці. Бабуля, вядома, са свайго боку таксама можа пад­ліць алею ў агонь. Потым муж і жонка канфліктуюць. Але пасля любога канфлікту надыходзіць перамір’е, дзеля якога муж і жонка часта і канфліктуюць! Бо ў іх, аказваецца, няма іншага спосабу сказаць, як яны любяць і шануюць адзін аднаго. І перамір’е ў канфлікце становіцца тым адзіным месцам, дзе яны кажуць пра свае пачуцці. Такім чынам, праблемныя паводзіны выгадныя мужу і жонцы.

Бывае, што бабуля (дзядуля) утварае кааліцыю з дзіцём супраць бацькоў. Самы распаўсюджаны варыянт у разведзеных сем’ях, калі маці з дзіцём жыве ў доме сваёй маці, уяўляе сабой кааліцыю бабулі і дзіцяці супраць выхаваўчых мер маці. Або адзін з бацькоў аб’ядноўваецца з дзіцём супраць іншых дзяцей, дазваляе малому больш, чым іншым, — і выклікае рэўнасць.


Перавернутая іерархія

Таксама прычына дрэнных паводзін — перавернутая іерархія ў сям’і. Некаторыя бацькі лічаць, што падтрымка дысцыпліны несумяшчальная з любоўю да дзіцяці. Ці іншы варыянт: захаваць добрыя адносіны з дзіцём можна толькі ўзаемадзейнічаючы з ім на роўных. У сучасных сем’ях часта вядуцца спрэчкі, ці трэба дзіцяці паслухмянасць, ці самастойна яно павінна прымаць рашэнні. Самастойнасць, бясспрэчна, патрэбная, — але ўжо для падлетка.

Таксама людзі думаюць, што любіць дзіця — гэта патураць усім яго просьбам, не абмяжоўваць яго волю. Дысцыпліна не ўстанаўліваецца, і дзіця не бачыць у бацьках тых, каго трэба беспярэчна слухацца, хто можа даваць нейкія ўказанні. Бачыць малое раўнапраўным членам сям’і — гэта не заўсёды адмова ад бацькоўскай пазіцыі. Калі дзіця на роўных вырашае дарослыя праблемы — гэта вялікая адказнасць, якая яму не па плячы. Вельмі важна, каб малое слухалася бацькоў, і каб адрознівала сітуацыі, калі трэба беспярэчна падпарадкавацца, а калі ў яго ёсць выбар. У паслухмянага маленькага дзіцяці паляпшаецца адаптацыя да свету, бо яно давярае бацькам. У яго з’яўляецца некаторая пэўнасць і прадказальнасць. Перакананні, што такое добра і што такое дрэнна, не нараджаюцца самі па сабе. Яны прыходзяць з апавяданняў і дзеянняў бацькоў.

Гэта, вядома, не ўсе прычыны, якія могуць прыводзіць да дрэнных дзіцячых паводзін. Але гэта найбольш тыповыя, што сустракаліся ў практыцы. Для чаго б дзеці ні выкарыстоўвалі свае паводзіны, яны звычайна дамагаюцца поспеху: бацькі пачынаюць адчуваць пасланні дзіцяці.


Рэкамендацыі

Што можна рэкамендаваць бацькам? Галоўнае — не рэагаваць звычайным чынам. Калі дзіця змагаецца за ўвагу бацькоў, важна павялічыць долю станоўчай увагі, ігнаруючы звыклае непаслушэнства. Калі дзіця самасцвярджаецца, то, наадварот, зменшыць кантроль, даваць яму магчымасць самому выбіраць заняткі або сяброў. Калі дзіця пакрыўджанае і хоча адпомсціць, то трэба паспрабаваць ліквідаваць прычыну крыўды. А калі гэта немагчыма, абмеркаваць сітуацыю з ім. Калі бацька адчувае віну перад дзіцём, важна папрасіць прабачэння, прызнаць, што вы не маеце рацыю, растлумачыць.

І вельмі важна пераглядзець свае чаканні ад дзіцяці. Калі малое страчвае веру ва ўласны поспех, неабходна паменшыць свае прэтэнзіі да яго, наладзіць цёплыя адносіны, быць больш адчувальным да яго індывідуальнасці і стану, часцей выконваць працу з ім, даваць шмат пазітыўнай увагі, не крытыкаваць, а заахвочваць. Самы слушны падыход — выкарыстанне метадаў пазітыўнага выхавання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: