Чаму эвакуацыйныя выхады ў мінскіх гандлёвых цэнтрах зачыненыя?

 Беларускае МНС праверыла каля 300 аб’ектаў пасля пажару ў расійскім Кемерава. Там у гандлёвым цэнтры «Зімовая Вішня», дзе загінулі 64 чалавекі, эвакуацыйныя выхады былі зачыненыя.

Аляксандр Лукашэнка даручыў МНС правесці праверку ўсіх гандлёвых цэнтраў у Беларусі да канца сакавіка, то бок, за пяць дзён. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі распавёў Еўрарадыё, што супрацоўнікі правераць каля 300 аб’ектаў. Прычынай стала трагедыя ў гандлёвым цэнтры “Зімовая Вішня” ў расійскім горадзе Кемерава, дзе ў выніку пажару загінула больш за 60 чалавек, і яшчэ прыкладна дзясятак людзей лічацца зніклымі без вестак. Па папярэдніх дадзеных, эвакуацыйныя выхады былі зачыненыя і шмат хто з-за гэтага не змог выбрацца з будынка.

Еўрарадыё вырашыла прайсціся па папулярных гандлёвых цэнтрах у Мінску і паглядзець, як там сітуацыя з запаснымі выхадамі.

“Сталіца”

У “Сталіцы” на кожным паверсе па два эвакуацыйныя выхады, размешчаныя ў сярэдзіне гандлёвых шэрагаў. Аднак праз іх не выйсці — яны зачыненыя на электрамагнітныя замкі. Побач з дзвярыма чырвоным гарыць электронны замок, указваючы, што дзверы зачыненыя.


“Галілеа”

У “Галілеа” на кожным паверсе дзесьці па тры эвакуацыйныя выхады. Яны таксама зачыненыя на электрамагнітныя замкі. Праходу няма.

Dana Mall

З аднаго боку будынку ўсе дзверы зачыненыя на электронныя замкі і пазначаныя як “службовыя”. З іншага боку ў напаўцёмных калідорчыках драўляныя дзверы без пазначэння. Частка з іх зачынена на электрамагнітныя замкі. Атрымалася знайсці адчыненыя дзверы. За імі — цемра лесвічных пралётаў. Прайшоўся па гэтай лесвіцы — дзверы на іншыя паверхі былі замкнёныя. Выйсці можна толькі на вуліцу.

"На кожны выпадак трэба глядзець праект, — тлумачыць Віталь Навіцкі. — Калі гэта адпавядае праекту, то праблемы няма. Ёсць розныя тэхналагічныя рашэнні. Галоўная ўмова, якая павінна быць выканана, каб падчас эвакуацыі ўсе патрэбныя выхады былі адкрытыя. А якім чынам гэта дасягаецца — выбірае ўласнік".

Што аб гэтым гаворыцца ў заканадаўчых актах.


У дэкрэце №7 ад 23 лістапада 2017 года ў дадатку №3, частка “Патрабаванні па забеспячэнні эвакуацыі пры пажары”:
Пункт 48. Замкі на дзвярах, размешчаных на шляхах эвакуацыі, павінны забяспечваць магчымасць іх вольнага адчынення знутры без ключа.
Пункт 49. У выпадках неабходнасці замкоў на дзвярах дапускаюцца электрамагнітныя замыкальнікі, якія спрацоўваюць уручную, дыстанцыйна і аўтаматычна — ад абсталявання пажарнай аўтаматыкі (гэта акурат такія, якія мы і пабачылі ў гандлёвых цэнтрах).

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: