Чаму я нiколi i нiкуды не з’еду з Беларусi

Прачытала ў «Новым Часе» развагi на тэму ці варта з'язджаць з Беларусi, i не змагла застацца абыякавай.
mmkut.by

mmkut.by

Першы раз я збiралася з’ехаць з Беларусi, калi мой хлопец прапанаваў перабрацца ў Чэхiю, якую палюбiў за вясёлую студэнцкую маладосць, прыемных людзей i смачную ежу. Капiла грошы, вучыла мову, але нешта ўсё замарудзiлася, забылася, перадумалася.

Другi раз я збiралася з’ехаць з Беларусi, калi ўпершыню адназiрала на выбарах: пабачыла фальсiфiкацыi, цынiзм i подласць чальцоў камiсii, прыйшла дахаты ў слязах, схапiла валiзу: «Куды заўгодна!» На ранiцу адпусцiла.

Трэцi раз я збiралася з’ехаць з Беларусi, калi ва Украiне адбыўся Еўрамайдан, у якiм я таксама прымала ўдзел: накрыла хваляй натхнення, радасцi, гонару за дабро, якое перамагло, зачараваў моцны i мужны народ. Але таксама замарудзiлася, забылася…

Чацвёрты i апошнi раз я збiралася з’ехаць з Беларусi, калi, шмат пападарожнiчаўшы, наведала Iсландыю – i закахалася ў яе. Бадай, гэта быў адзiны хоць троху сур’ёзны выпадак такiх намераў: бо нi страху, нi адчаю ад таго, што «дома ўсё кепска», нiякай негатыўнай матывацыi, якая часта ўсiх нас накрывае. Адно прыемнае пачуццё замiлаванасцi гэтай цудоўнай краiнай. А потым у мяне скончылася шэнгенская вiза, i я стала падарожнiчаць па Беларусi, i трапiла ў Пiнск. I закахалася шматкроць мацней.

А колькi ж я ўсяго яшчэ не бачыла! Дагэтуль не дабралася да Ельнi, якую так ратавалi намаганнямi, здаецца, усiх эколагаў краiны; яшчэ не паспела паглядзець помнiк Касцюшку, а ужо паўсталi iншыя: i Гедымiну, i Сапегу; яшчэ не наведала i паловы традыцыйных штогадовых фэстаў, а iх усё болей новых; не усе абышла музеi i замкi, не прачытала ўсе новыя беларускiя кнiжкi… Калi, напрыклад, я чытаю, як піша мая калега Алена Ляшкевiч пра беларускiя традыцыi, цiкавыя падзеi, незвычайныя мясцiны – то разумею, колькi ўсяго мне хочацца пабачыць, наведаць, адчуць, i страх толькi за тое, цi ж хопiць жыцця на гэта.

Але Змiцер у сваiх разважаннях падымае важныя пытаннi нашай з вамi беларускай рэчаiснасцi, якiя моцна i глыбока адбiваюцца на якасцi жыцця. I ў гэтым ён мае рацыю. Сумна i балюча ад таго, што так шмат у чым у нас не атрымлiваецца сёння ўплываць на развiццё сваёй краiны, што ўлады i народ супрацьстаяць адно аднаму, а павiнны б супольна працаваць. Разумею гэтае пачуццё, калi здаецца, што не бачна святла ў канцы тунэлю.

Толькi вось асабiста я не гатовая i не хачу адмовiцца ад гiсторыi, якой я ганаруся, ад славутых продкаў i не менш натхняльных сучаснiкаў. Ад сяброў i паплечнiкаў, з якiмi паядналi не толькi вясёлыя пасядзелкi ў кавярнях, але галоўным чынам змаганне за незалежнасць, справядлiвасць, свае правы, мову, будучыню. Ад усяго, што я перажыла на роднай зямлi i што зрабiла мяне моцнай сумленнай асобай, чалавекам, на якога мне прыемна глядзець у люстэрка. I калi б мая краiна не была такой, як ёсць, то i я б не стала такой, якая я ёсць сёння – за гэта я люблю яе. А яна мае ўва мне патрэбу, ва ўсiх нас, каму не ўсё роўна. Усе краiны рана цi позна перажываюць цяжкасцi – але перажываюць iх дзякуючы тым, хто змагаецца, працуе, пераадольвае страх i апатыю. Нi ў адной краiне не было адразу добрых дарог, вялiкiх заробкаў, даступных крэдытаў цi годнай пенсiйнай сiстэмы. Калi, напрыклад, я чытаю, як пiша мая калега Дзiяна Серадзюк пра вострыя сацыяльныя праблемы – гаротны стан нашай адукацыi i культуры, несправядлiвыя суды, рэпрэсii, Курапаты – у мяне балiць сэрца, але не апускаюцца рукi, бо няма часу на адчай, калi столькi ўсяго трэба рабiць. У дзяцiнстве я любiла фiльмы пра супергерояў кшталту Бэтмэна, Супермэна: яны ратавалi свет, змагалiся са злом i несправядлiвасцю, хацелася быць на iх падобнай. Але зараз я добра ўсведамляю: хоць i не цэлы свет – мне ёсць што ратаваць: маленькi кавалак свету, якi я люблю. Ратаваць нашу Радзiму, у якой зараз не лепшыя часы. Бо калi не мы, то нiхто. I гэта цiкавей, чым у кiно. У мяне ёсць выдатны шанец пражыць сваё жыццё як тыя супергероi – з годнай мэтай, смелымi ўчынкамi i вялiкай радасцю ад кожнай новай маленькай перамогi на глебе адраджэння краiны. Гэта адначасова палохае, але й натхняе.

Вядома, не ўсе людзi кiруюцца любоўю да краiны ў выбары месца жыхарства, сярод маiх знаёмых беларусаў шмат эмiгрантаў. Але яны ўсё роўна кiруюцца любоўю: да сваёй сям’i, якой шукаюць добрыя ўмовы, да цiкавай працы, якую знайшлi за мяжой, цi проста да мора цi гор, якiх у Беларусi няма. I за гэта не варта нiкога асуджаць.

Таму, Змiцер, калi дазволiш, мая парада: як любiш – у гэтай любовi знайдзi i сiлу працаваць далей. Розум паслухаецца, бо аргумент «люблю свой дом i таму яго адбудоўваю» – гэта лагiчны i рацыянальны аргумент. А як не любiш – то з’язджай. Але лепш не туды, дзе сыта i бяспечна, а туды, дзе сэрца заб’ецца мацней. Бо калi не заб’ецца мацней – сытасць i бяспека проста надакучаць. Роспач у якасцi матывацыi працуе горш за надзею i натхненне.

А для сябе на пытанне, цi варта з’язджаць з Беларусi, я не адказвала – яно нiколi для мяне не паўставала ўсур’ёз, толькi пад уплывам кароткатэрмiновых эмоцый. I не паўстане ў будучынi, ну калi толькi я ўсё ж не закахаюся зноў. Але ж я бачыла самую цудоўную краiну ў свеце, а закахалася ў Радзiму – таму гэты варыянт мне не ўяўляецца верагодным.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!