Чаму Кузьма Чорны ўсхваляў калгаснае жыццё, калі побач знішчалі сялян?

Вёскі Чарнагубава і мястэчка Цімкавічы Капыльскага раёна знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах адна ад адной. Іх яднаюць не толькі месцазнаходжанне, але і агульная трагічная гісторыя, і два мемарыялы.

У вёсцы Чарнагубава — першы ў краіне помнік растраляным сялянам, які ўзнік у пачатку 1990-х, у аграгарадку Цімкавічы — музей «сялянскаму» пісьменніку, які таксама быў рэпрэсаваны, перанёс катаванні і пакуты ў турме НКУС.

Дырэктар музею Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч падчас экскурсій распавядае, што шлях школьнага музея, які ўзнік у 1962 годзе, да дзяржаўнага быў нялёгкім. Чыноўнікі на розных узроўнях не спяшаліся спрыяць увекавечванню памяці слыннага пісьменніка на дзяржаўным узроўні. Гэта стала магчымым толькі ў пачатку 1990-х.

Што, дарэчы, здзіўляе наведвальнікаў музея, паколькі ўжо ў 1950-я гады мноства рэпрэсаваных беларусаў былі рэабілітаваныя. «Кузьма Чорны рос, гадаваўся сярод простых людзей, для якіх кавалак хлеба і адна палатняная кашуля ў год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю», — кажа Людміла Іосіфаўна.


Помнік рэпрэсаваным сялянам у вёсцы Чарнагубава не мае дзяржаўнага статуса. Ён быў усталяваны ў 1996 годзе намаганнямі Станіслава Лісоўскага, ураджэнца гэтых месцаў, пры дапамозе мясцовых жыхароў. Мясцовыя ўлады не супрацьдзейнічалі.

Тры вялізныя дубовыя ствалы, званы на крайніх і выява Маці Божай на сярэднім дубовым ствале, больш за 70 прозвішчаў загінуўшых — сціплы помнік звычайным людзям, якіх з лёгкасцю аб’явілі ворагамі народа, прапусцілі праз пекла пакут і знішчылі. Хтосьці застаўся ляжаць у халоднай Сібіры, хтосьці знайшоў сваю смерць у Курапатах альбо ў мясцовых лясных масівах. Кранае за душу ўрывак верша Сяргея Грахоўскага на каменных плітах.


— Майго бацьку Аляксандра Татура забралі ноччу ўвосень 1937 года, — успамінае з сумам Раіса Салавей. — Мне ўсяго два гадкі тады было. У нашай сям’і гадаваліся шасцёра дзяцей, я — самая малодшая. Казалі, што ён вельмі любіў мяне. Працаваў на канюшні, браў з сабой на працу, садзіў у кармушку і ўходжваўся каля коней.
За што яго забралі? На тым баку мяжы з Заходняй Беларуссю жылі родзічы, ён наведваў іх некалькі разоў, каб прынесці хлеба. Часам дзед прыносіў дзецям белых булак з польскага боку. Яны звычайна і цёмнага хлеба не бачылі — а тут белыя булкі! Хтосьці данёс, што бацька ходзіць на польскі бок, абвінавацілі ў кантрабандзе.


Некаторы час бацька сядзеў у Слуцкай турме. Аднойчы яго ўбачыў сусед, што працаваў у слуцкай турме, дык не адразу пазнаў яго: настолькі страшна Аляксандр Татур выглядзеў — быў увесь збіты.

— У Старым Гудкове жыў брат маці, а яго сын быў лесніком, — працягвае расповед жанчына. — Той быў сведкам жахлівых падзей у лесе непадалёк ад сяла. Чуў гул машын, што прывозілі ў тую восень людзей на расстрэл, і на свае вочы бачыў, як арыштанты днём самі сабе капалі ямы, а ўвечары іх кідалі ў тыя яміны.

Ужо пасля вайны дзядзька паведаміў маці Раісы, каб тая не чакала свайго мужа, бо ён не вернецца. Распавёў, што калі зімой 1937 года машыны перасталі ездзіць у лес каля Старога Гудкова, ён з некалькімі мужчынамі паехалі да тых ямін. Відовішча было жудаснае: з зямлі тырчалі рукі, ногі, галовы. Людзі закапалі рэшткі забітых.


Раіса Аляксандраўна да гэтага часу дакладна не ведае, дзе знаходзяцца косткі бацькі: у лесе каля Старога Гудкова, у слуцкіх лясах ці ў мінскіх Курапатах.

Яшчэ да гэтых падзей сям’ю раскулачылі — забралі каштоўныя рэчы, зямлю, коней. У сям’і настаў галодны час. Каб не даць прапасці жывёле ў калгасе, Аляксандр Татур і ўладкаваўся туды конюхам. Бывала, што мнагадзетнай маці ўдавался атрымаць з канюшні крышку збожжа для дзяцей.

Дома хавалі жорны, бо сялянам забаранялася іх трымаць. Маці малола муку, варыла зацірку і так выжывалі. Пасля таго, як бацьку забралі, пра муку і зацірку забыліся.


Такіх страшных гісторый у Чарнагубаве было шмат. Падаецца, што сялянскаму пісьменніку Кузьму Чорнаму з суседняй вёскі нялёгка было пісаць пра шчаслівы побыт жыцця ў калгасах, паколькі пра рэальны «дабрабыт» ён атрымліваў весткі з родных мясцін. Ці не таму ён усё жыццё зберагаў свой малюнак голага абадранага дрэва з надпісам «беларуская доля»?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: