Чаму маўчаць студэнты?

Студэнты, вы дарослыя і самастойныя людзі, грамадзяне сваёй краіны. Вы — не авечкі, якія ідуць туды, куды іх гоняць, нават у тым выпадку, калі гэта шлях на бойню.

Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча

Усе, хто хоць колькі-небудзь цікавіцца падзеямі ў свеце, ведаюць, з якога моманту ўкраінскі Майдан ператварыўся на Рэвалюцыю Годнасці: у ноч з 29 на 30 лістапада 2013 года, калі спецпадраздзяленне ўкраінскай паліцыі «Беркут» пайшло на штурм з мэтай зачысткі плошчы ад актывістаў, пераважную большасць якіх у той дзень складалі студэнты. Байцы «Беркута» выцяснялі пратэстуючых ад манумента Незалежнасці, збівалі іх дубінкамі і нагамі, гналіся за сваімі ахвярамі, у якіх атрымлівалася вырвацца за межы плошчы. Тыя, каму пашчасціла выратавацца ў тую ноч, схаваліся ад пераследу за сценамі Міхайлаўскага манастыра.

Збіццё студэнтаў ускалыхнула ўкраінцаў. Акцэнт пратэстаў зрушыўся з праеўрапейскага на антыўрадавы. Масавасць пратэснага руху ўзрасла ў разы.

Пратэсты ў Беларусі, якія пачаліся ў дзень выбараў — 9 жніўня, не прайшлі «мітынгава-канцэртнай» фазы ўкраінскай рэвалюцыі. Фаза жорсткага падаўлення пратэсных настрояў стала пачатковай для нашай краіны
.
Пакуль немагчыма дакладна казаць аб адсоткавых суадносінах складу ўдзельнікаў беларускіх пратэстаў, але доля студэнтаў у ім досыць вялікая. У першыя тыдні пратэстаў студэнты (ды і іншыя групы) не заяўлялі пра сябе як пра нейкую арганізаваную супольнасць. Але чаканне, што ў пачатку навучальнага года, калі студэнцтва вернецца ў свае alma mater, яго пазіцыя ў дачыненні да таго, што адбываецца ў краіне, прагучыць выразна і ясна, было вельмі моцным.

Аднак 1 верасня аб сваім непрыманні скрадзеных выбараў і хвалі гвалту, што захліснула Беларусь, яскрава заявіла толькі частка беларускага студэнцтва: навучэнцы МДЛУ, БДУІР, БНТУ сфармавалі калоны і рушылі да праспекта Незалежнасці. Пачаліся затрыманні. Студэнты ж рэгіянальных ВНУ фактычна не заявілі пра сябе і пра сваю пазіцыю, як і потым, з 26 кастрычніка, не далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі.

Прастора ўніверсітэта — гэта, перш за ўсё, прастора свабоды меркаванняў, свабоднага выказвання свайго пункту гледжання. Свабода выбару з'яўляецца краевугольным каменем, на якім будуецца сапраўднае акадэмічнае асяроддзе. І калі дапусціць, што большая частка студэнтаў лічыць, што вынікі выбараў не сфальсіфікаваны, мяркуе, што канстытуцыйныя правы грамадзянаў краіны, у якой яны жывуць, свята выконваюцца, што брутальнае падаўленне пратэстаў адбываецца ў адпаведнасці з літарай закона, што катаванні ў дачыненні да затрыманых праваахоўнымі органамі — гэта нармальна, то яны маюць на гэта права.

Але ж сітуацыя цалкам іншая: пераважная большасць беларускіх студэнтаў выказваюць упэўненасць у тым, што Беларусі неабходныя перамены, што жорсткае падаўленне мірных пратэстаў недапушчальна, што ў краіне наступіў прававы калапс. Чаму ж многія не гатовыя заявіць пра гэта адкрыта?

Верагодна, асноўнай прычынай «маўчання ягнятаў» з'яўляецца элементарны страх. Страх быць збітым пры затрыманні, як студэнты-першакурснікі БДУ, якія далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі, і многія іншыя ўдзельнікі пратэстаў. Страх аказацца перад судом, які вынесе суровы прысуд па артыкуле адміністрацыйнага, а, магчыма, і крымінальнага кодэксу. Страх быць адлічаным з ВНУ, пра неабходнасць чаго недвухсэнсоўна заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы шостага Усебеларускага сходу. Страх, што якая-ніякая, а быццам бы наладжаная і ў цэлым прадказальная дарога жыцця можа зрабіць нечаканы паварот.

І тады ў ход ідзе мастацтва тлумачэнняў. Хтосьці горда заяўляе пра сваю пазіцыю «над сутычкай», лічачы, што гэта ахіне яго зіхоткім німбам інтэлектуала. Пане інтэлектуал, а вы не выключаеце такой магчымасці, што, калі вы будзеце сядзець у сваёй машыне і аддавацца філасофскім разважанням, у яе прыляціць святлашумавая граната ад доблеснага супрацоўніка МУС?

Хтосьці кажа, што яго вышэйшы прыярытэт — гэта атрыманне ведаў. І што вы, пане ідэальны студэнт, будзеце рабіць са сваімі ведамі пра Канстытуцыю, калі, да прыкладу, зоймеце пасаду суддзі ў існуючай сістэме беларускай Феміды?

Хтосьці прыйшоў да высновы, што гэта наогул не яго краіна і што пры першым зручным выпадку ён пакіне яе межы. Дык навошта ж, пане патэйцыйны эмігрант, атрымліваць дыплом аб вышэйшай адукацыі ў гэтым няздатным для жыцця месцы?

Але ёсць яшчэ адна прычына, якая аказвае моцнае ўздзеянне на спецыфіку студэнцкага руху ў складзе беларускіх пратэстаў. Таталітарная сістэма — гэта не толькі Вялікі Брат, гэта — цэлы механізм, адна з функцый якога — інфантылізацыя насельніцтва.

Студэнты — паўналетнія і дзеяздольныя людзі — часта кажуць пра сябе як пра дзяцей. Яны не адчуваюць мяжы, калі са школы пераходзяць у прастору ВНУ. І гэта не дзіўна: тут іх сустракаюць куратары, якія на чале з прарэктарам і намеснікам дэкана факультэта па выхаваўчай рабоце, залучаюць іх у бясконцую чараду культурна-масавых мерапрыемстваў, часцяком, вельмі сумніўнага зместу. Адказныя куратары дзень і ноч трымаюць руку на пульсе студэнта сваёй групы. Яны нясуць ганаровую вахту ў інтэрнатах, заўсёды на сувязі з бацькамі студэнтаў, з якімі вядуць абмеркаванні пытанняў, як, у прынцыпе, дзеяздольныя асобы наведваюць заняткі, як ідуць у іх справы з навучаннем, ці няма ў іх запазычанасцяў па якіх-небудзь дысцыплінах.У такой атмасферы студэнту складана ўсвядоміць той факт, што ён — дарослы чалавек, які не толькі ў праве, але і павінен прымаць самастойныя і незалежныя рашэнні.

І так зразумела, але ўжо не смешна, а, па-мойму, драматычна гучаць рэплікі студэнтаў, калі гаворка заходзіць пра тое, чаму яны маўчаць, калі за заяўленую грамадзянскую пазіцыю адлічваюць іх аднакурсніка або звальняюць выкладчыка: «А нас ніхто не арганізаваў».

Адметнай асаблівасцю любой дыктатуры з'яўляеццавы будaванне сістэмы адносін «народ і бацька народа» — «някемлівае дзіця і мудры дарослы», які ўсё вырашыць за дзіця, а ў выпадку чаго — пакарае і наставіць на правільны шлях. Падабаецца быць дурным дзіцём, якое ні за што не адказвае і нічога не вырашае? Ну тады віншую: далей толькі стакгольмскі сіндром ва ўсёй яго красе.

Нядаўняя сустрэча Наталлі Качанавай са студэнтамі БДУ здаецца свайго роду люстэркам настрояў у студэнцкім асяроддзі. Вельмі паказальная дэталь: удзельнікі гэтага мерапрыемства да апошняга моманту заставаліся перакананыя, што іх чакае размова з рэктарам універсітэта. Сустрэча не спарадзіла адчування, якое ўзнікае ад назірання за дыялогам. Паўнавартасны і, галоўнае, канструктыўны дыялог вядзецца толькі на роўных. Я не збіраюся зараз каментаваць пасажы сп. Качанавай. Скажу аб уражанні ад паводзін студэнтаў, якія прыйшлі для размовы. Калі ў адказ на занадта, на мой погляд, карэктна для цякучай сітуацыі сфармуляваныя пытанні студэнтаў гучаць адкрытая хлусня і маніпулятыўныя фармулёўкі, я не бачу сэнсу выслухоўваць гэта на працягу амаль трох з паловай гадзін. А пасля таго, як факты збіцця, згвалтаванняў, катаванняў, якім падвергнуліся ўдзельнікі пратэстаў з боку прадстаўнікоў сілавых структур, былі названыя «ўкідамі» «Радыё Свабода» і розных тэлеграм-каналаў (так, бо на думку Качанавай, у інтэрнэце ўсё няпраўда), я б не палічыла магчымым далей заставацца на тэрыторыі гэтага псеўда-дыялогу.

Студэнты, вы дарослыя і самастойныя людзі, грамадзяне сваёй краіны. Вы — не авечкі, якія ідуць туды, куды іх гоняць, нават у тым выпадку, калі гэта шлях на бойню.

Вы не ягняты, таму не маўчыце. Асабліва, калі вам ёсць, што сказаць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: