Чаму мы не можам не перамагчы

Напэўна, шмат хто, пабачыўшы зверствы людзей у форме, задаецца пытаннямі, чаму яны гэта робяць. На першы погляд, такая бесчалавечнасць не паддаецца ніякаму разуменню. А потым прыходзіць асэнсаванне, што іх матывацыя старажытная, як гэты свет, і па сутнасці зводзіцца выключна да страху.
Ці гэта страх ад няўмення думаць самастойна і веры ў прапаганду пра экстрэмістаў з кактэйлямі Молатава, ці гэта страх згубіць свае прэміі, кватэры і ўсялякія іншыя бонусы. Страх нараджае агрэсію і нянавісць, логіка тут простая. Баязліўцы, нават калі яны са зброяй ды ў бронекамізэльках, усё адно застаюцца баязліўцамі.

Нелагічна, непрадказальна, невытлумачальна насамрэч тое, што на супрацьлеглым баку. Калі добра падумаць, пытанняў да нас — неверагодных нас — нашмат больш. Як можна патлумачыць паводзіны чалавека, які насуперак інстынкту самазахавання рызыкуе штомомант? Выходзіць на акцыі, дапамагае тым, хто пацярпеў, рызыкуючы здароўем, працай, свабодай, дабрабытам, аддаючы апошняе дзеля іншых, і пры гэтым не маючы ніякай гарантыі таго, што перамога ўжо неўзабаве? З пачатку лета тысячы людзей пацярпелі — і ўсё ж пратэсты не сціхаюць, пацярпелыя не запалоханы і працягваюць змагацца, а іншыя натхняюцца і таксама ўстаюць пад сцягі мірных акцый.

Наша ўзаемадапамога ды салідарнасць і палохае больш за ўсе тую пачварную істоту, тую цёмную антычалавечую сілу, якая імкнецца нас задушыць. Бо нашыя паводзіны для іх ірацыянальныя. Як перамагчы тое, што не можаш патлумачыць, не можаш узяць пад кантроль, выкарыстоўваючы любімы механізм — уздзеянне страха на інстынкты? І ўсё ж яны намагаюцца душыць.

Не так даўно двое журналістаў Белсату падышлі ўвечары да турэмных муроў на Акрэсціна, яны хацелі сустрэць сваіх калег, што выходзілі з сутак. Журналістаў нечакана брутальна затрымалі проста ў скверы. Я амаль не разглядзела гэтага ў цемры, а была зусім блізка, прыйшла той ноччу дзяжурыць разам з валанцёрамі. Сядзела побач з людзьмі, якія доўга без сну і нармальнага існавання, пастаянна асцерагаюцца затрымання і разгону лагера (бо гэта ўжо здаралася неаднойчы), мерзнуць ужо зусім не цёплымі начамі. «Ох, у нядзелю ўночы ўсяго +5…», — кажа валанцёрка, а калега адказвае: «Ды хутка снег тут будзем расчышчаць». Жарты саграюць нават лепш за тоўсты плед. Я глядзела на муры за калючым дротам, думала пра тых, хто там: напэўна, і той добры хлопец, з якім нядаўна пазнаёмілася пад РАУСам, калі прыехала шукаць сяброўку. У яго не было там сяброў ці знаёмых, ён проста намагаўся дамагчы ўсім, каму мог: прывезці вады, сабраць перадачу, падвезці на машыне, і пры гэтым сціпла казаў, што знайсці каму дапамагаць складана, бо прапановаў нашмат больш ужо чым попыту, і як моцна захапляецца беларусамі за гэта. А праз некалькі дзён сувязь з ім знікла.

Пасадкі, разгоны, збіццё, звальненні, рэпрэсіі, страх, страх, страх... Машына страху працуе, імкнучыся падпарадкаваць сабе нашу ірацыянальную чалавечнасць, вярнуць яе ў рэчышча знаёмых шаблонаў і задушыць наша змаганне. З таго боку ўсё яшчэ дзікімі крыкамі дапытваюцца, колькі нам плоцяць, бо ў іх карціне свету па-іншаму немагчыма, бо яны не разумеюць, як гэта — аддаваць, ахвяраваць.

Магчыма, мы таксама не заўжды разумеем. Але мы здольныя гэта рабіць. І нам не трэба разумець, бо тое, што нараджаецца ў чалавечай душы ў час дапамогі і салідарнасці, настолькі прыгожае і моцнае, што перамагае і страх, і холад, і боль. І нам не трэба за гэта грошай, пасадаў, удзячнасці — мы проста дапамагаем адно аднаму, бо зараз нас усіх перапаўняе такая неверагодная колькасць любові, што ёй не сядзіцца ўнутры насуперак любым страхам. Гэты штодзённы гераізм маленькіх добрых справаў нічым не меншы за нядзельны гераізм нашых маршаў, і гэтак жа страшны для тых, хто не ў стане гэта зразумець і згасіць. Часам мне падаецца, што проста на нашым баку сабраліся ўсе людзі, якія здольныя любіць, а супраць нас тыя, хто гэтага не ўмее. А маючы ў сэрцы любоў, робішся і моцным, і смелым, і спагадлівым. Менавіта таму мы не можам не перамагчы.

Пасля затрымання дваіх журналістаў «Белсату» на іх месцы сабралася некалькі дзясяткаў журналістаў, якія сустрэлі сваіх калег. І я ўпэўненая — не, я проста ведаю гэта — колькі б ні саджалі людзей, сябры і родныя ўсё роўна будуць іх цёпла сустракаць. Валанцёры сапраўды будуць ночыць у скверы хоць і ў маразы, але будуць дапамагаць усім, каму патрэбная дапамога. І мой новы знаёмы выйдзе з сутак і працягне свае добрыя справы. І яшчэ шмат, шмат, шмат людзей будуць працягваць гэтую цяжкую, дыскамфортную, ірацыянальную салідарнасць — але такую цёплую, салодкую ды прыемную. Таму што мы маем у нашых сэрцах гэтую неверагодную раскошу — любоў адно да аднаго. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: