Чаму паездкі грамадскай назіральнай камісіі ў калоніі нагадваюць экскурсіі?

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра катаванні ў месцах зняволення, а таксама пра тое, чаму грамадская назіральная камісія не бачыць гэтых фактаў.

“Сябры камісіі бачаць там толькі тое, што ім пакажа адміністрацыя калоніі, – кажа суразмоўца. – Атрымліваецца падмена рэальнага грамадскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі”.

У межах Тыдня супраць катаванняў у Мінску праходзіў круглы стол “Нацыянальныя прэвентыўныя механізмы і кантроль за выкананнем правоў асуджаных”, падчас якога старшыня Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Мінюсце Таццяна Краўчанка заявіла, што “з такімі парушэннямі, як катаванні, нам не даводзілася сутыкацца“.

Па словах Краўчанкі, камісія атрымлівае лісты ад вязняў і адразу ж на іх рэагуе — прыязджае ў калонію з паверкай.

“Праваабаронцы пастаянна выносяць у публічную прастору шматлікія выпадкі катаванняў у месцах зняволення, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Канкрэтныя людзі рассказваюць канкрэтныя гісторыі, з гэтай нагоды мы пісалі і пішам шмат скаргаў.

Праўда, калі паглядзець статыстыку, якую прадаставіў беларускі ўрад у межах справаздачы ў Камітэт па катаваннях ААН, дык у Беларусі з сотняў скаргаў з гэтай нагоды прыкладна па дзесяці былі ўзбуджаны крымінальныя справы, а да суда ўвогуле дайшлі толькі дзве”.

Са слоў праваабаронцы, большасць скаргаў грамадзян (у тым ліку, і тых, хто знаходзіцца ў месцах зняволення) застаюцца без расследванняў, да ўзбуджэння крымінальнай справы не даходзіць.

“Усё спыняецца на ўзроўні праверкі, – адзначае Валяцін Стэфановіч. – І яны лічыць, што гэта эфектыўны сродак расследвання. Але, калі ўзбуджаецца крымінальная справа, то там куды больш механізмаў для выяўлення фактаў катавання, чым пры праверцы. Ёсць хаця б працэдура папярэджвання сведкаў аб адказнасці за ілжывыя паказанні. А ў межах праверкі нават і гэтага няма.

У нас таксама няма практыкі адхілення ад службовых абавязкаў тых работнікаў, на якіх скардзяцца, пакуль ідзе праверка. Гэта нічога не робіцца. У краіне няма эфектыўных метадаў змагання з катаваннямі, якія ёсць паўсюль. Толькі ў адных краінах з гэтай праявай спрабуюць змагацца і караюць вінаватых, а ў некаторых проста заплюшчваюць на гэта вочы”.

Заплюшчвае вочы на гэтыя факты і Рэспубліканская грамадская назіральная камісія пры Мінюсце. Чаму?

“Паездкі камісіі ў калоніі нагадваюць экскурсіі, – кажа Валяцін Стэфановіч. – Яны бачаць там толькі тое, што ім пакажа адміністрацыя калоніі. Людзей пакормяць у сталоўцы, дадуць пагаварыць з тымі асуджанымі, з якімі патрэбна, і на гэтым усё. А рэальнага маніторынга няма. Атрымліваецца падмена рэальнага грамадскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі”.

palitviazni.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!