Чаму Пальчыса могуць вызваліць. Тлумачыць Стэфановіч

Эдуарду Пальчысу, які вёў блог 1863x пад псеўданімам Джон Сільвер, могуць прысудзіць адбыванне зняволення з адтэрміноўкай альбо даць умоўны тэрмін. 

Павал Севярынец на акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Архіўнае фота

Пра гэта сказаў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».


Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота


— Наколькі верагодна, што Эдуарда Пальчыса могуць выпусціць з суду?

— Тэарэтычна, такая магчымасць ёсць. Маю на ўвазе магчымасць прымянення пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі. Гэта альбо адтэрміноўка, альбо ўмоўнае. Хочацца верыць, што мы яго пабачым на волі. Хоць не згодныя з гэтымі абвінавачваннямі.

Спадзяёмся, што ўлады праявяць нейкую стрыманасць у гэтай сітуацыі і мы будзем назіраць нешта падобнае да таго, што было на працэсе з Паліенкам. Ілюзіі, што Пальчыса апраўдаюць і выплацяць кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартай, наўрад ці ёсць. Але на тое, што гэта можа быць не звязана з пазбаўленнем волі, мы спадзяёмся.

— Як лічыце, ці маюць пікеты каля суду і выказванні міжнароднай супольнасці ўплыў на працэс?

— Мне здаецца, гэта адзінае, што мае ўплыў. Цаню працу адвакатаў і абаронцаў. Яна вельмі важная. Але я ўжо не першы год назіраю за нашымі судамі. Яны далёка не з’яўляюцца незалежнымі. Рашэнні па справах такіх катэгорый выносяцца не імі, груба кажучы. Гэта ўсё ўзгадняецца, прымаецца рашэнне на іншым узроўні. Я ў гэтым перакананы.

 

Акцыі пад судом трываюць падчас кожнага пасяджэння па справе Пальчыса

 

Рэзананс (вакол справы. — Р.С.) і рэакцыя міжнароднай прававой журналісцкай супольнасці найперш маюць сэнс. Пальчыс — не журналіст. На яго нельга распаўсюджваць усе крытэры журналісцкай дзейнасці. Але ён блогер. Чалавек, які працуе з інфармацыяй. Ён яе распаўсюджвае, выказвае свае думкі. Арганізацыя «Журналісты без межаў» патрабуе спыніць пераслед і вызваліць яго.

Для нас было прынцыпова атрымаць незалежную ацэнку ягоных тэкстаў. Абвінавачанне звязана з распальваннем варожасці, мовай варажнечы, якая недапушчальная і пераследуецца ў шмат якіх краінах. Таму тут важнай была менавіта экспертыза тэкстаў, якая засведчыла б, што гэта не з’яўляецца распальваннем варожасці, а з’яўляецца выказваннем думкі ў дапушчальных формах. Гэта дазваляе нам кваліфікаваць (справу Пальчыса. — Р.С.) як палітычна матываваны пераслед.

— А як вы лічыце, чаму суд вядзецца ў закрытым рэжыме?

— Верагодна, там могуць быць матэрыялы, датычныя аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў межах справы. Можа быць, перапіска спецслужбаў Расіі і Беларусі, у тым ліку ў сувязі з экстрадыцыяй.

 

Жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс чытае навіны пра мужа падчас пасяджэння. Архіўнае фота


Гэта мая думка. Таму што іншых прычынаў я не бачу. У гэтым можа заключацца логіка ўлады. Але мы лічым, ніякіх законных падстаў для закрыцця гэтага працэсу ў прынцыпе няма.


www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: