Чаму суд над «рэгнумаўцамі» павінен быць адкрытым

Грамадства павінна разумець, што дзяржава лічыць распальваннем варажнечы, кажуць эксперты.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» (БХК) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступілі з сумеснай заявай у сувязі з перадачай у cуд крымінальнай справы ў дачыненні да трох беларускіх аўтараў расійскіх рэсурсаў: Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценка. Арганізацыі заклікалі ўлады забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва.

Чаму гэты судовы працэс павінен быць адкрытым?

Юрыст: Важна ведаць, за што судзяць гэтых людзей

Юрыст БАЖ Алег Агееў канстатуе, што адкрытасць судовага працэсу з'яўляецца складовай часткай права на справядлівы суд.

— У дадзеным выпадку мае значэнне вялікі грамадскі інтарэс да гэтай справы, і для БАЖ важна разумець, за што, за якія фразы ў сучаснай Беларусі можна 10 месяцаў праседзець у СІЗА, — адзначае эксперт.

Ён звяртае ўвагу, што аналагічны працэс над блогерам Эдуардам Пальчыса па артыкуле 130 КК быў закрытым, і грамадства не змагло даведацца, за што судзілі маладога чалавека.

— Што такое артыкул 130 КК? Гэта злоўжыванне свабодай слова. І тут важна, каб грамадства разумела, што дзяржава лічыць распальваннем варажнечы, паколькі ёсць міжнародныя стандарты рознага ўзроўню — як «мяккага» права, так і тлумачэння дагаворнымі органамі, якія звязаны з захаваннем канвенцый. Каб выпрацаваць сваю пазіцыю, важна ведаць, за што судзяць гэтых людзей, — падкрэслівае юрыст.

Па гэтай справе толькі ў дачыненні да Юрыя Паўлаўца грамадству была даступная інфармацыя, за якія фразы яго судзяць, таму што яна апавяшчалася ў рамках грамадзянскай справы, калі фігурант і ягоны адвакат падалі пазоў аб абароне гонару і годнасці.

— Па Алімкіну і Шыпценка наогул няма інфармацыі, за што іх судзяць, якія фразы яны ўжывалі, — кажа Алег Агееў.

Праваабаронца: Ва ўладаў ёсць палітычны матыў

Намеснік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч настойвае, што гэты судовы працэс павінен праходзіць адкрыта з выкананнем ўсіх стандартаў справядлівага судовага разбору і адпавядаць міжнародным стандартам у галіне абароны свабоды слова.

— Мы павінны дакладна чуць, у чым іх абвінавачваюць і ў чым, на думку следства, заключалася распальванне варожасці, — лічыць юрыст.

Суразмоўца не выключае, што ў гэтай справе ёсць палітычны матыў.

— З праваабарончага пункту гледжання трэба адказаць на пытанне, як і ў справе Пальчыса, ці падпадае тое, пра што пісалі фігуранты справы пад дапушчальныя абмежаванні выказвання меркаванняў. Ад гэтага і будзе залежаць адзнака справы, — мяркуе Валянцін Стэфановіч. — Але тое, што людзі так доўга знаходзяцца за кратамі за дзеянні, якія не з\яўляюцца гвалтоўным злачынствам супраць асобы, сведчыць аб тым, што ва ўладаў ёсць менавіта палітычны матыў.

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла ўпэўнены, што ніякіх падстаў разглядаць справу ў закрытым рэжыме не маецца.

— Гэтыя публікацыі былі распаўсюджаныя, доказы віны павінны быць прад'яўленыя не толькі абвінавачаным, але і грамадству, калі гэтыя маладыя людзі здзейснілі злачынства, кажа юрыст. — Свабода выказвання меркаванняў, распаўсюджвання меркаванняў і інфармацыі — гэта правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі, якія падпісала Беларусь, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!