Чаму ў Беларусі непапулярны Дзень бацькі?

У сучасным свеце гендарныя ролі, якія спрадвеку прыпісваліся жанчынам і мужчынам, змяняюцца. Адпаведна змяняецца і роля бацькі ў сям’і, а таксама вобраз бацькоўства, які транслюецца ў кнігах і кіно. Праўда, працэс гэты вельмі павольны.
Некалькі тыдняў таму ў шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі, адзначалі Міжнародны дзень бацькі. Святкуецца ён у трэцюю нядзелю чэрвеня і сёлета прыпаў на 16 чэрвеня. З гэтай нагоды ў мінскім парку Горкага прайшла акцыя “Татаў дзень – кожны дзень”, прычым, як паведамілі на сайце “Мінск-навіны”, Дзень бацькі адзначаецца ў Мінску ажно з 2013 года. Тым не менш паводле папулярнасці гэтае свята яшчэ моцна адстае ад Дня маці, што ўшаноўваецца ў Беларусі 14 кастрычніка.

Некалькі гадоў таму Белстат апублікаваў інфармацыю пра тое, на што беларусы трацяць свой час. Выявілася, што на клопат пра дзяцей, малодшых за 10 гадоў, жанчыны дагэтуль выдаткоўваюць нашмат больш часу, чым мужчыны: 2 гадзіны 6 хвілін у дзень супраць 38 хвілін. Нягледзячы на пэўныя змены, догляд дзяцей усё яшчэ лічыцца пераважна жаночай справай не толькі ў Беларусі, але і ў большасці краін свету. Таму не дзіўна, што Дзень маці замацаваў свае пазіцыі лепш, чым Дзень бацькі. І, магчыма, менавіта таму мы можам прыгадаць нашмат больш вершаў пра маму, чым пра тату – напрыклад, “Рукі маці” Максіма Танка ці знакамітыя радкі Веры Вярбы:

Матуліны рукі нас песцяць, галубяць,
Так шчыра, як маці, ніхто нас не любіць.

Маці звычайна сядзяць з дзецьмі у дэкрэце, пасля разводу менавіта з імі ў большасці выпадкаў дзеці і застаюцца. Аб’яднаўшыся, маці могуць зрабіцца важкай палітычнай сілай, што даводзіць рух “Маці 328”, які дабіваецца лібералізацыі супрацьнаркатычнага артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. І таму, нягледзячы на спробы ўвесці спецыфічнае свята, якое ўшаноўвае татаў, пакуль днём бацькі лічыцца хутчэй 23 лютага, Дзень абаронцы Айчыны, калі віншуюць мужчын, прычым часам незалежна ад таго, служылі яны ў войску ці не. У гэты дзень у многіх сем’ях дзеці дораць татам паштоўкі і падарункі.

Тата выходзіць на сцэну

Аднак новы час патрабуе новага падыходу да клопату пра дзяцей і новага напаўнення для ролі бацькі, і літаратура з кінематографам фіксуюць гэтую патрэбу. На змену вобразу бацькі-здабытчыка, які часта адсутнічае дома і не надта ўцягнуты ў выхаванне дзяцей, прыходзіць вобраз адказнага бацькі, які нароўні з маці займаецца малымі. У сусветнай літаратуры з’яўляецца шмат розных бацькаў, у тым ліку такіх, што выхоўваюць дзяцей самастойна, без удзелу маці. Шкада, што з вялікага мора замежнай дзіцячай літаратуры, прысвечанай татам і іх адносінам з дзецьмі, на беларускую мову перакладзена зусім мала. Сярод выдадзеных нядаўна кніг варта згадаць аповесць Тувэ Янсан “Мемуары мумітаты” (пераклала Алеся Башарымава; выдавец Зміцер Колас, 2018) – праўда, сын-мумітроль у ёй адсутнічае, бо кніга апавядае пра юнацтва мумітаты і падзеі, што папярэднічалі яго знаёмству з мумімамай. Тым не менш яна робіць акцэнт на значнасці вобраза бацькі, які мае сваю гісторыю да стварэння сям’і. Важную ролю бацька адыгрывае і ў кнізе Сары Лундберг “Птушка ўва мне ляціць туды, куды захоча” (пераклала Надзя Кандрусевіч; “Koska”, 2019): спачатку ён не разумее дачку, што марыць зрабіцца мастачкай, аднак урэшце пагаджаецца адпусціць яе вучыцца.

"Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча

"Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча

Ёсць у беларускай дзіцячай літаратуры і кніга, прысвечаная выключна ўзаемадачыненням таты і дачкі і бацькавым рэфлексіям адносна сваёй ролі ў сям’і – “Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча (“Медыял”, 2015). Нягледзячы на тое, што кнігу крытыкавалі за адлюстраваныя ў ёй гендарныя стэрэатыпы (гл. артыкул Аксаны Бязлепкінай-Чарнякевіч “Дзіцячая літаратуры Беларусі: паміж стэрэатыпамі і мовай нянавісці”), “Нататкі таткі” – важны крок у асэнсаванні беларускай літаратурай бацькі як актыўнага выхавацеля, што нароўні з маці клапоціцца пра дзіця. У кнізе паказваецца тата, які робіць хатнія справы (выносіць смецце, пыласосіць), увесь час камунікуе з дачкой і разам з маці нясе за яе адказнасць:

Чаму рыпяць арэлі?
Каб дзеці не дурэлі
І каб не расслабляліся бацькі.

(Верш “Чаму рыпяць арэлі?”)

Пра змену вобразу бацькі сведчаць і новыя кінематаграфічныя пераасэнсаванні ранейшых сюжэтаў. Каб у гэтым пераканацца, можна згадаць папулярныя фільмы, якія зусім нядаўна можна было пабачыць у мінскіх кінатэатрах. Прадстаўнікі пакалення 30- – 40-гадовых мусяць добра памятаць з дзяцінства дыснэеўскі мультфільм 1992 года “Аладзін”, адзін з герояў якога – султан, бацька прынцэсы Язмін, інфантыльны і не надта разумны. У аднайменным фільме Гая Рычы, прэм’ера якога адбылася ў траўні гэтага года, бацька-султан ужо гатовы адмовіцца ад улады і перадаць яе не каму іншаму, як сваёй дачцэ.

Султан. Кадр з мультфільма “Аладзін”, 1992 года

Султан. Кадр з мультфільма “Аладзін”, 1992 года

У леташнім фільме “Аквамэн” з “пашыранага сусвету DC” галоўны герой таксама выхоўваецца бацькам. Бо маці, жыхарка падводнага царства Атлантыда, вымушаная вярнуцца назад у акіян. Што праўда, навыкам, неабходным для спадчынніка падводнай краіны, хлопца навучыў матчын сябар і памочнік – так бы мовіць, прызначаны маці апякун. 

Тым не менш здольнасць бацькі самастойна паклапаціцца пра дзіця ў папулярным кінематографе пад сумнеў не ставіцца.

Праблемы прыёмнага бацькоўства

Нягледзячы на станоўчыя змены ў вобразе бацькі ў папулярнай культуры, яго alter ego – прыёмны бацька, мужчына, які з нейкіх прычын узяў на сябе функцыю клопату пра дзіця, у многіх фільмах застаецца досыць супярэчлівым. Можна згадаць персанажа з сусвету коміксаў Marvel, Танаса, якога спачатку любяць, а пасля ненавідзяць абедзве яго прыёмныя дачкі, Гамора і Небула. Прынамсі адна з іх, Гамора, належала да народа, знішчанага Танасам, і засталася жыць дзеля таго, каб ператварыцца ў прафесійную забойцу. А гераіню мінулагодняга фільма “Хронікі драпежных гарадоў” (2018) увогуле гадуе паўсталы з мёртвых сталкер Шрайк, і яго ўзаемадачыненні з прыёмнай дачкой наўрад ці можна назваць бясхмарнымі ці адназначнымі. Зрэшты, вобразы супярэчлівых, мякка кажучы, прыёмных бацькаў пачалі з’яўляцца ў папулярнай культуры не ўчора. Варта згадаць папулярную серыю кніг польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта (першая з якіх неўзабаве выйдзе ў беларускім перакладзе Кацярыны Маціеўскай у выдавецтве “Янушкевіч”), вобраз прыёмнага бацькі якога таксама звязаны з пакутлівымі ўспамінамі героя пра дзяцінства і сталенне.

Гру. Кадр з мультфільма “Гадкі я” , 2010 год

Гру. Кадр з мультфільма “Гадкі я” , 2010 год

Зрэшты, нават тут ёсць станоўчыя прыклады. Галоўны герой мультфільма “Гадкі я” (2010) злодзей Гру, якога спачатку нельга назваць ідэальным выхавацелем, вучыцца быць сапраўдным бацькам тром сваім прыёмным дочкам, і робіць у гэтай сферы вялікія поспехі. 

Паводле Будзьма беларусамі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!