Чаму ў суботу раніцай шведы адпраўляюцца на прабежку, а беларусы — пакутуюць пахмеллем

Што рабіць, каб беларусы сталі менш піць, і чым нам карысны вопыт Швецыі.
У 2018 годзе Беларусь заняла 27-е месца ў свеце па спажыванні алкаголю. Па дадзеных СААЗ, штогод беларусы ўжываюць 11,2 літра чыстага алкаголю, а ў структуры спажывання звыш 50% займае гарэлка і каньяк.

Адносна бяспечным лічыцца паказчык спажывання спіртнога ў 8 літраў на чалавека, а доля моцнага алкаголю 15%. Такім чынам, праблема алкагалізацыі насельніцтва ў нашай краіне стаіць вельмі востра.

— Для беларусаў алкаголь становіцца спосабам адаптацыі да навакольнага свету. І калі на гэтую праблему сёння не звяртаць увагі, то яна будзе пагаршацца, — заявіла падчас дыскусіі "Алкаголь: дазволіць ці забараніць? Дзе ставяць кропку Швецыя і Беларусь?" У рамках праекта Nordic Talks in Belarus лекар-псіхатэрапеўт, нарколаг Ірына Барысевіч.

Як следства ў Беларусі будуць павышацца захворванні на розныя хваробы (пачынаючы ад нырачнай недастатковасці і язвы, заканчваючы псіхічнымі засмучэннямі) і смяротнасцю. Пры гэтым забарона на продаж алкаголю або рэзкае павышэнне коштаў на яго ні да чаго добрага не прывядуць, упэўнена эксперт.

— Калі чалавек ужо прыхвоціўся да алкаголю, то ён знойдзе спосаб задаволіць сваю патрэбу. А ўжыванне самагону і розных сурагатаў толькі абвастрае праблему, — лічыць Ірына Барысевіч.

На думку экспертаў, змагацца з алкагалізацыяй трэба асцярожна з аглядкай на тое, як гэта рабілася ў іншых краінах.

Шведскі вопыт

Вельмі падобная сітуацыя са спажываннем алкаголю была ў Швецыі — колькасць штогод спажыванага алкаголю ў першай палове 20-га стагоддзя там было нават вышэй, чым цяпер у Беларусі. Шведскія ўлады прадпрымалі розныя спробы гэта выправіць — ад павышэння коштаў да ўвядзення картак на куплю алкаголю. Аднак станоўчага выніку яны не прыносілі.

— Сітуацыя пачала мяняцца ў сярэдзіне 50-х, калі ўрад увёў манаполію на продаж алкаголю. З тых часоў алкаголь мацней 3,5% у Швецыі можна купіць толькі ў крамах Systembolaget, — распавядае дырэктар Міжнароднага цэнтра па правах чалавека і наркапалітыцы Дэйман Барэт.

Гэтых крамаў адносна няшмат — 444 на ўсю 10-цімільённную Швецыю. Пры гэтым у Стакгольме, дзе жыве каля мільёна чалавек іх крыху больш за дваццаць.

— Продаж алкаголю ў Systembolaget дазволены толькі асобам, што дасягнулі 20 гадоў. У барах і рэстаранах купляць спіртное можна з 18 гадоў, але алкаголь там значна даражэй і маладыя людзі не могуць дазволіць сабе выпіць вельмі шмат, — тлумачыць Дэйман Барэт.

Важным з’яўляецца таксама рэжым працы гэтых крамаў — у буднія дні яны адкрыты да 7 вечара, а ў выходныя зачыняюцца ўжо ў 3 дня. Акрамя таго, у Systembolaget няма лядоўняў, каб выключыць спакусу выпіць піва адразу пасля куплі, не бывае акцый «шэсць бляшанак па цане пяці».

— Усё гэта практычна выключае імпульсіўную куплю алкаголю. Шведы п’юць толькі калі запланавалі гэта загадзя, загадзя купілі сабе спіртное і астудзілі яго ва ўласнай лядоўні, — распавядае эксперт.

Таксама ў Швецыі нельга ў рэкламе заклікаць купляць алкаголь, сцвярджаць, што ён лепшы, якасны. Цана на моцны алкаголь ў шмат разоў перавышае кошт віна і піва.

Усё гэта дапамагло значна знізіць колькасць спажывання спіртнога. Зараз шведы выпіваюць у год усяго каля 7 літраў чыстага алкаголю, а доля моцных спіртных напояў знізілася да 14%.

Віно замест гарэлкі

Аднак нельга проста ўзяць і пераняць вопыт іншай краіны.

— У іншай эканамічнай, палітычнай і галоўнае культурнай рэальнасці гэтыя правілы і абмежаванні могуць не падзейнічаць — людзі проста пачнуць вырабляць і прадаваць алкаголь нелегальна. У Беларусі трэба, перш за ўсё, мяняць культуру ўжывання спіртнога, — лічыць Дэйман Барэт.

З ім згодны і незалежны беларускі эксперт Сяргей Уставіцкі.

— Вечар пятніцы і ў Стакгольме і ў Мінску выглядаюць прыкладна аднолькава — людзі весяляцца, ужываюць алкаголь. Аднак у суботу шведы ў 6.30 ўстаюць на прабежку, а беларусы — пакутуюць пахмеллем. Уся справа ў тым, што ў Швецыі п’юць віно і піва, а ў Беларусі — гарэлку, — лічыць ён.

Па словах эксперта, у першую чаргу трэба зрабіць так, каб беларусы пілі менш менавіта моцных спіртных напояў. Дамагчыся гэта можна, напрыклад, увядзеннем прагрэсіўнай шкалы акцызаў на алкаголь у залежнасці ад яго крэпасці.

— Калі гарэлка і каньяк будуць каштаваць дорага, а піва і віно нашмат танней, то людзі паступова будуць адмаўляцца ад першага на карысць другога. Вельмі важна фармаваць культуру ўжывання алкаголю як на ўзроўні дзяржавы, так і на ўзроўні сям’і, — рэзюмуе эксперт.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: