Чаму здзекуюцца са зняволеных у беларускіх ізалятарах

Я не пераношу непрадказальнасць,— піша Наста ў блогу на Радыё Свабода. — Псіхолагі кажуць мне, што гэта збольшага нармальна — чалавеку трэба жыць у больш-менш прадказальным свеце, каб быць здаровым. У Беларусі цяпер так жыць не атрымліваецца.

Флэшмоб «Твая камэра» ў Менску 22 жніўня 2020


Квінтэсэнцыяй непрадказальнасці жыцьця для мяне стала зняволенне на Акрэсціна, а таксама ў ІЧУ Жодзіна і Магілёва. Калі ў мяне спытаць, што галоўнае ў зняволенні, я адкажу: «Перастаць хоць нечага чакаць, хоць нечаму верыць і шукаць хоць нейкай логікі».

Супрацоўнікі хлусяць і не выконваюць уласных абяцанняў, сістэма поўніцца вельмі нелагічнымі фактамі і фактарамі. Таму лепш для здароўя проста змірыцца з гэтай нелагічнасцю, чым спрабаваць зразумець, паводле якой сістэмы арыштаваных пераводзяць з ІЧУ ці як і калі людзей выводзяць на шпацыр ва ўнутраны дворык.

Жыцьцё ў зняволенні поўніцца здзеклівымі парадоксамі, і адзінае ім тлумачэнне — людзі ў сістэме здзекуюцца проста таму, што могуць. Мне падаецца вельмі важным памятаць пра індывідуальную адказнасць і пра тое, што канкрэтныя рашэнні прымаюцца канкрэтнымі людзмі.

Гэта не абстрактная сістэма вымушае людзей бегчы сагнутымі праз падземныя калідоры турмы ў Жодзіне. Не абстрактная сістэма адмаўляецца пераключаць у камеры святло з дзённага на начное. Зрэшты, гэта не абстрактная сістэма ў ЦІП на Акрэсціна выкінула мяне і маіх сукамерніц бяз вопраткі ва ўнутраны дворык за тое, што мы спявалі ў камеры. Усё гэта рабілі і працягваюць рабіць канкрэтныя людзі, якія ўпэўнены, што ім усё дазволена.

Яны абяцаюць вывесці на шпацыр і не выводзяць, абяцаюць адрамантаваць кран у ракавіне і ня робяць гэтага, абяцаюць паклікаць фэльчара, а ў выніку ніхто не прыходзіць.

Неяк на Акрэсціна нас адмаўляліся карміць, бо на гэты дзень планаваўся наш этап у Жодзіна. Што цікава, заплаціць за ежу ў Акрэсціна за той дзень давядзецца – яго ўключылі ў рахунак. І ў Жодзіна нас тады не адвезлі – пакінулі на ноч у ЦІП. Пяць жанчын у чатырохмесцавай камеры бяз ежы, чыстай пітной вады і пасцельнай бялізны. Адну з жанчын за тое, што задавала пытанні, позна ўвечары вывелі ва ўнутраны дворык бяз курткі. Без папярэджання, без ніякага тлумачэння.

Логіка, якой кіруюцца гэтыя людзі, — своеасаблівае адлюстраванне логікі Аляксандра Лукашэнкі. Яны робяць усё, што хочуць, адмаўляюцца прызнаваць любы супраціў і нават простыя праявы свабоды мыслення і паводзінаў. Яны ўпэўненыя ў сваёй абсалютнай праваце і ня хочуць слухаць ні спасылкі на законы, ні заклікі да здаровага сэнсу. Яны разумеюць толькі мову сілы, і іншых моў вучыць ня хочуць.

Усё тое ж самае робіць і Лукашэнка — іх настаўнік і прыклад ва ўсім. Тое, што наглядчыкі робяць са зняволенымі ў турмах, Лукашэнка робіць з беларускамі і беларусамі ва ўсёй краіне. Прыдумляе новыя забароны, падвышае градус нянавісці і ўзровень гвалту ў навакольлі. У ягоных выказваннях і дзеяннях часта надзвычай складана знайсці логіку. І лепей, бадай, перастаць яе там шукаць. Ён здзекуецца з нас проста таму, што можа.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: