«Чарговы ўкід». МУС пракаментавала скаргі на ўмовы ў ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіне

У МУС Беларусі паведамілі, што ў ізалятарах часовага ўтрымання Мінска і Жодзіна правялі праверкі пасля публікацый у інтэрнэце аповедаў людзей, што вызваліліся адтуль, пра ўмовы ўтрымання, піша tut.by.
Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ізалятар на Акрэсціна. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Нагадаем, у апошнія дні з'явіліся паведамленні пра пагаршэнне ўмоў утрымання ў сталічным ЦІПе на Акрэсціна і жодзінскім ІЧУ. Тыя, хто нядаўна адтуль вызваліўся, распавялі пра свой досвед. Людзі скардзіліся на адсутнасць матрацаў і прагулак, спякоту і задуху ў перанаселенай больш чым у тры разы камеры ў ЦІПе на Акрэсціна і холад у Жодзіне, казалі вызваленыя і пра «меры фізічнага ўздзеяння», а таксама пра тое, што на падлогу ў камерах выліваюць вядро з канцэнтраваным растворам хлоркі, з-за чаго ў камеры становіцца цяжка дыхаць.

7 красавіка старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які 15 сутак правёў у ЦІПе на Акрэсціна, распавёў «Радыё Свабода» пра ўмовы ўтрымання. Ён таксама распавядаў пра хлорку, адсутнасць матрацаў, пастаянна ўключанае святло, а таксама перапоўненасць камер.

Што кажуць у міліцыі

«Прэтэнзіі аказаліся чарговым масавым укідам. Пацвярджэнне таму: апытанне сукамернікаў тых, хто скардзіўся на "катаванні" хлоркай. Яшчэ адзін дакладны факт — ні ў каго з пастаяльцаў апёкаў вачэй, абцяжаранага дыхання або іншых сімптомаў атручвання гэтым рэчывам няма! Роўна як не зафіксавана і фактаў звароту па медыцынскую дапамогу па такіх падставах», — паведамляюць у прэс-службе МУС.



У ведамстве заявілі, што ў рамках правядзення прафілактычных мерапрыемстваў па недапушчэнні распаўсюджвання COVID-19 усе памяшканні рэгулярна апрацоўваюцца дэзсродкам на аснове хлоркі, разведзенай у неабходнай прапорцыі. Паводле звестак МУС, у гэты час людзей з камер выводзяць.

«Дарэчы, меры, што прымаюцца, спрыяюць таму, што эпідэміялагічная сітуацыя ў гэтых установах палепшылася. А для таго, каб прыбраць непрыемныя пахі, трэба было толькі ўстаць з ложка, узяць адпаведны інвентар і навесці парадак! Заканадаўча замацавана, што адміністрацыя ўстаноў мае права прыцягваць да ўборкі камер адміністрацыйна арыштаваных, якія змяшчаюцца ў іх», — сказана ў паведамленні.

МУС таксама апублікавала відэа з ЦІПа з каментарамі работнікаў ізалятара, а таксама некалькіх змешчаных там мужчын.

Намеснік начальніка ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ДФІТ МУС Рэспублікі Беларусь» Вольга Уткіна заявіла, што ў ЦІПе і ІЧУ выкарыстоўваюцца дэзсродкі, якія дазволены для прымянення ў нашай краіне.

— Пры падрыхтоўцы рабочых раствораў дэзінфікуючых сродкаў выконваецца канцэнтрацыя, выконваецца экспазіцыя ўздзеяння гэтых сродкаў. Якіх-небудзь скаргаў на цяжкасці дыхання, апёкі не паступала з боку асоб, якія знаходзяцца ў гэтых установах.

Паводле яе слоў, пры ўжыванні дэзсродка з утрыманнем хлору можа быць характэрны пах, але гэта «нармальная з'ява, якая не прыносіць ніякіх пабочных эфектаў для чалавека».

Адзін з адміністрацыйна арыштаваных, Валерый, са схаваным тварам гаворыць на камеру: «Там даволі слабенькі такі раствор, ён для рук не небяспечны. Гэта спецыяльна, каб памыць падлогу». На ўдакладняючае пытанне аб тым, ці ёсць раздражненне або алергія пасля яго, кажа: «Ды, здаецца, няма».

Іншы мужчына, Ягор, кажа, што «пах такі, як у паліклініцы пасля ўборкі, які трымаецца літаральна 5-10 хвілін». Паводле яго слоў, уборка праходзіць штодня: «2-3 разы на дзень, выдаюць хлорку, мяцёлкі, усё, што трэба, то-бок». Таксама, паводле яго слоў, выдаюць туалетную паперу.

— Як правіла, выключна толькі змешчаныя за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў асобы не жадаюць выконваць распарадак дня, рабіць у камерах уборку. І толькі ад іх дадзеныя скаргі зыходзяць, — заявіў начальнік ЦІП МГБ ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Шапецька.

Ягор кажа, што калі арыштаваны не атрымаў перадачу — значыць, яму яе не прынеслі блізкія. Валерый сцвярджае, што ўсе перадачы даходзілі да тых, хто адбывае «суткі», у тым ліку і ў Жодзіне.

Прыём перадач ажыццяўляецца па чацвяргах. Любы жадаючы ў любы зручны для яго час, не ствараючы ажыятажу ля ўстановы, мае поўнае права перадаць перадачу блізкаму сваяку, які знаходзіцца тут. Пры гэтым трэба мець дакумент, які сведчыць асобу. Адмовы ў прыёме перадач не рэгламентаваныя заканадаўствам, выключаныя. Вывучыўшы вусныя заўвагі сваякоў аб адмове ў прыёме такіх прадметаў, як, напрыклад, картачныя гульні, сканворды, прашу з разуменнем ставіцца да абмежаванняў гэтага віду друкаванай прадукцыі для перадачы з прычыны таго, што асобы, якія знаходзяцца ў камерах, папросту з такой колькасцю друкаванай прадукцыі не могуць справіцца, не могуць выконваць элементарны парадак у камерах, — кажа начальнік ЦІПа.

Паводле слоў мужчын, якія ўтрымліваюцца на Акрэсціна, бялізну мяняюць раз на сем дзён, па суботах, матрацы і падушкі ў камерах маюцца, а перапоўненасці камер няма.

Вольга Уткіна распавяла, што спецыялісты ГУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ДФІТ МУС Рэспублікі Беларусь» пры правядзенні маніторынгаў кантралююць стан арганізацыі харчавання, камунальна-бытавога забеспячэння дадзеных устаноў, якаснае аказанне меддапамогі. Таксама яна заявіла, што ў ЦІПе і ізалятарах часовага ўтрымання створаны неабходныя ўмовы для ізаляцыі грамадзян з прыкметамі вострага інфекцыйнага захворвання.

— Для гэтага заўсёды маецца асобная камера, куды можна змясціць чалавека з мэтай агляду яго фельчарам дадзеных устаноў альбо, калі гэта неабходна, выкліку брыгады хуткай меддапамогі і шпіталізацыі, — сказала Уткіна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: