«Чарнобыльскі шлях-2018»: што адбывалася ў рэгіёнах?

У Гомельскай вобласці не засталося ніводнага адміністрацыйнага раёна, лясы якога не пацярпелі б ад радыеактыўнага забруджвання.
Ускладанне кветак і вянкі да чарнобыльскай каплічкі ў мікрараёне Валатава. Фота: Радыё Рацыя.

Ускладанне кветак і вянкі да чарнобыльскай каплічкі ў мікрараёне Валатава. Фота: Радыё Рацыя.

У Гомелі грамадскія актывісты і палітыкі ўсклалі кветкі і вянкі да чарнобыльскай каплічкі ў мікрараёне Валатава. Па інфармацыі “Беларускага Радыё Рацыя”, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Віктар Хоміч падзякаваў ліквідатарам. Дэпутат 13-га склікання ўзгадаў жыхара Гомельшчыны Васіля Ігнаценку, які ў Беларусі так і не атрымаў статус героя:

— Я хацеў бы ўзгадаць героя Украіны, нашага земляка, брагінца, Васіля Ігнаценку, якому ва ўзнагародным спісе прэзідэнта Лукашэнкі не знайшлося месца, а Украіна яго ўзнагародзіла. Ён адзін х тых 30 пажарнікаў, што прынялі на сябе той першы ўдар. Ён апошнім пакідаў дах чарнобыльскага рэактара, выносячы на сваёй спіне цела ўжо ледзь жывога пажарніка-лейтэнанта.

Гомельшчына — найбольш пацярпелы ад радыяцыі рэгіён Беларусі. Радыеактыўнымі элементамі забруджана да 70% тэрыторыі вобласці. На гэтай тэрыторыі пражывае больш за мільён чалавек. У вобласці не засталося ніводнага адміністрацыйнага раёна, лясы якога не пацярпелі б ад радыеактыўнага забруджвання.

 

Магілёў. Дзясятак актывістаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі ды Партыі БНФ сабраліся каля Крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай трагедыі, усталяванага непадалёк ад найбуйнейшых Паўднёва-Ўсходніх могілак гораду. На думку старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімера Шанцава, цяперашняя палітыка дзяржавы скіраваная на тое, каб «грамадзтва забыла пра Чарнобыль», бо «ўзяліся ўзводзіць іншы».

 

Каля Крыжа памяці па ахвярах чарнобыльскай трагедыі ў Магілёве. Фота: Радыё Свабода.

«Боль Чарнобылю жыве ў тых, каго ён закрануў непасрэдна. Хто вымушаны быў выехаць са сваіх мясцін альбо захварэў і лічыць, што віною стала радыяцыя. Для моладзі ж Чарнобыльская трагедыя — гэта толькі эпізод у гісторыі, таму яны не ўспрымаюць падзею востра і не ўяўляюць яе маштабу», — кажа актывіст.

Апазіцыянеры таксама ўшанавалі памяць ахвяраў Чарнобылю ўскладаннем кветак ды хвілінай маўчання, паведамляе “Радыё Свабода”.

У Віцебску ліквідатары аварыі на ЧАЭС пусцілі па Дзвіне вянок памяці. Гэтая жалобная традыцыя — ушанаваць памяць сяброў і родных, якія сышлі ў нябыт, — нарадзілася ў Віцебску ў супрацьвагу афіцыёзным гарадскім мерапрыемствам, на якіх тутэйшым ліквідатарам нават не даюць слова, паведамляе “Радыё Свабода”.

 

Вянок памяці ў Віцебску. Фота: Радыё Свабода.

Удзельнікі акцыі спусціліся на бераг Дзвіны, падтрымліваючы пад рукі найстарэйшага віцебскага ліквідатара Анатоля Гнеўку, які 30 гадоў таму кіраваў штабам аператыўнай групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі. І пусцілі па вадзе вянок з чорнай стужкай, на якой залатымі літарамі напісана: «Героям-ліквідатарам ад нас, жывых».

 

Вянок памяці ў Оршы.

Традыцыйна ў Оршы на Дняпры быў спушчаны вянок у памяць пра Чарнобыльскую трагедыю. Штогод аршанскія дэмакраты 26 красавіка запускаюць па Дняпры вянок у памяць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася ў гэты дзень у 1986 годзе. У ідэале вянок павінен даплысці да Украіны, якая таксама моцна пацярпела ад наступстваў аварыі, піша orsha.eu.

 А вось светлагорская міліцыя праявіла пільнасць і фактычна перашкодзіла мясцовым актывістам паехаць на Чарнобыльскі шлях у Мінск.

 

Позва Маслюковым для дачы паказанняў на 26 красавіка.

Як паведамляе “Гомельская Вясна”, напярэдадні акцыі Чарнобыльскі шлях у Мінску, супрацоўнік Светлагорскага РАУСу ўручыў позвы грамадскім актывістам Тэльману і Алене Маслюковым. Яны мусілі прыйсці на наступны дзень у міліцыю ў якасці сведак для дачы паказанняў па адміністрацыйнай справе журналісткі — фрылансера Ларысы Шчыраковай. Падпалкоўнік Беспалька ў Светлагорскім РАУСе паведаміў мужу і жонцы, што яны мусяць даць тлумачэнні наконт інтэрв’ю, якое яны далі журналістцы сайта “Гомельская вясна” ў сувязі з адміністрацыйнай справай у дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай (арт. 22.9 КаАп РБ) “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

Гэты выклік у міліцыю, — спосаб, які вынайшла светлагорская міліцыя, каб перашкодзіць нам з мужам выступіць на мітынгу і распавесці пра экалагічныя праблемы звязаныя з запускам заводу беленай цэлюлозы ў Светлагорску, — пракаментавала Алена Маслюкова. — Вось ужо некалькі месяцаў шкодныя выкіды з заводу — клопат нумар адзін для жыхароў Светлагорску і раёну. Тэма вострая, актуальная, яна выклікала нават сацыяльныя пратэсты жыхароў гораду і раёну, таму міліцыя і вырашыла перашкодзіць нашаму выступу на Чарнобыльскім шляху. Баяцца каб гэта тэма не прагучала на рэспубліканскім узроўні”.

Таксама мелі месца выпадкі прэвентыўнага затрымання актывістаў, якія мелі намер патрапіць на мітынг у Мінск. Гэтая інфармацыя ўдакладняецца.

 

 spring96.org

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!