«Чарнобыльскі Шлях» як выпрабаванне

«Чарнобыльскі Шлях — 2017» у чарговы раз будзе «тэстам для ўлады» пасля падзей 25 сакавіка. Прынамсі, так яго назваў на прэс-канферэнцыі сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Але, акрамя як тэставаць «глючную» уладную сістэму, аргкамітэт па правядзенні акцыі вырашыў зрабіць яго сапраўды народнай падзеяй.

Як вядома, заяўка ў Мінгарвыканкам на акцыю была пададзена ў новым фармаце. Сёлета збор удзельнікаў плануецца ўвечары 26 красавіка ля Опернага тэатру, адкуль шэсце пойдзе да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Зважаючы на папярэднія дзеянні гарадской улады, якія выявіліся ў несвоечасовым адказе па Дню Волі, зараз ініцыятары мерапрыемства спрабуюць далучыць да разгляду заяўкі ўсё неабыякавае грамадства, уключаючы «канапных змагароў».

Як паведаміў Павал Севярынец, на петыцыйных інтэрнэт-пляцоўках change.org, talaka.by і petition.by ужо размешчаны ці будзе размешчаны зварот да ўладаў сталіцы з патрабаваннем дазволіць акцыю згодна з планамі аргкамітэту. Адпаведны збор подпісаў будзе адбывацца і жыўцом. Гэтыя подпісы таксама скіруюцца ў Мінгарвыканкам. Зазначым, што на электронныя звароты зараз улада павінна рэагаваць таксама, як і на папяровыя.

Апроч таго, як заўважыў намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, у заяўнікаў ёсць плюс у выглядзе сёлетняга раскладу святаў і выходных. 22, 23, 24 і 25 красавіка ў гэтым годзе — выходныя. Такім чынам, заяўнікі спадзяюцца атрымаць адказ своечасова — 21 красавіка, у апошні дзень перад выходнымі. Калі ж не — то адказ на заяўку ў дзень правядзення акцыі, 26 красавіка, будзе выглядаць зусім ужо «не камільфо».

Арганізатары просяць грамадзян далучыцца і да належнага правядзення мерапрыемства. Зразумела, што для акцыі патрэбная гукаўзмацняльная апаратура, балонікі, розныя плакаты і расцяжкі. На гэта прапануецца «скінуцца ўсім светам». Аргкамітэт завёў адпаведны рахунак у Беларусбанку, і просіць людзей пералічыць на яго грошай хто колькі можа (картка Беларусьбанка 5470 9100 2070 4193, тэрмін дзеяння 02/20). У прынцыпе, на належную арганізацыю і аздабленне мерапрыемства хопіць (па разліках аргкамітэту) і 2000 рублёў, але калі будзе больш — ніхто не пакрыўдзіцца. Проста акцыя будзе больш яркай і маляўнічай, чым звычайна. «Калі тысяча чалавек пералічыць толькі па два рублі, мы здолеем забяспечыць і моцны гук, і візуалізацыю нашага Шляху», — зазначыла лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Зразумела, што толькі вулічнай акцыяй ніхто абмяжоўвацца не збіраецца. Традыцыйна ў гэты час ладзіцца «Чарнобыльскі тыдзень» з самымі рознымі мерапрыемствамі. Пераважная большасць з іх будзе праходзіць на офісе Беларускай партыі «Зялёныя».

Як адзначыў Дзмітрый Кучук, улады ўжо зрабілі першы негатыўны крок у гэтай праграме. Напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС Беларусь збіраліся наведаць прадстаўнікі Еўрапарламента. Яны планавалі на свае вочы пабачыць Астравецкую АЭС, паразмаўляць з чыноўнікамі Мінэнерга, грамадскімі актывістамі і скласці сваё меркаванне наконт беларускага «мірнага атаму». Нашыя ж улады не знайшлі нічога лепшага, як не даць ім візы.

Таму дыскусія еўрапейцаў па нашай АЭС пройдзе 21 красавіка ў Вільні, дзе «ў прынцыпе, будзе агучаная пазіцыя ЕС па беларускай АЭС», сказаў Кучук.

18 красавіка ў офісе БПЗ пройдзе грамадская дыскусія (запрошаная дэпутатка Ганна Канапацкая), на якой нам прадставяць новыя факты па рэактары Астравецкай АЭС.

22 красавіка там жа пройдзе «атамная вечарына» для моладзі. 25-га, ізноў жа ў офісе Зялёных адбудзецца дыскусія з удзелам украінскіх і канадскіх экспертаў, якія займаюцца адсочваннем тэндэнцыяй, што адбываюцца пасля Чарнобылю, і даследуюць развіццё атамнай энергетыкі ў свеце.

Варта адзначыць, што сёлетні «Чарнобыльскі Шлях» аб’яднаў сапраўды ўсе дэмакратычныя сілы. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі за адным сталом сядзелі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу (Рух салідарнасці «Разам») і «Правацэнтрысцкай кааліцыі» (БХД, АГП і Рух «За свабоду»), Партыі БНФ, якая ні ў якія кааліцыі не ўваходзіць і такой жа «Гавары Праўду». Пераважна «правыя» з’ядналіся з «левымі» у асобе БПЗ. Карацей, зараз Шлях — сапраўды аб’яднаўчая і агульная справа.

Плануецца, што пройдзе акцыя пад традыцыйнымі лозунгамі: спыніць будаўніцтва АЭС у краіне, а таксама «палітычны Чарнобыль» (падзеі 25 сакавіка і крымінальны пераслед па «справе патрыётаў»). У прынцыпе, гэта слушна: праблемы, якія кранае «Чарнобыльскі Шлях» не вырашаюцца з году ў год. Але гэтым разам рэзалюцыя «ЧШ» будзе перададзеная 27-га красавіка ў Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і іншыя зацікаўленыя ўстановы.

Такім чынам, сёлетні Шлях будзе выпрабаваннем не толькі для ўладаў, але і для грамадскіх актывістаў. Найперш цікава, колькі беларусаў падтрымаюць мерапрыемства не толькі подпісам, але і рублём.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: