«Часовая Рада Случчыны»: як вырашыць гарадскія праблемы

У Слуцку сёлета актывізавалася грамадская актыўнасць. Не апошнюю ролю ў гэтым мае гарадская ініцыятыва «Часовая Рада Случчыны», заснаваная ў канцы красавіка па ініцыятыве Аліны Нагорнай. Раду падтрымліваюць слуцкія актывісты розных накірункаў.
Рада ўжо выступіла ініцыятарам стварэння ў Слуцку веладарожкі, падтрымала і ініцыятыву ТБМ за збор подпісаў за беларускія назвы вуліц горада Слуцка.  

Аліна Нагорная распавяла карэспандэнту НЧ аб мэтах і задачах новай слуцкай ініцыятвы:

— Сама назва ініцыятывы сведчыць, што мы хацелі б прыцягнуць актыўных грамадзян горада да вырашэння праблем, раіцца з імі, якім мы хацелі б бачыць свой горад, — гаворыць Аліна Нагорная. — Развіццё і станаўленне грамадзянскай супольнасці — гэта, у першую чаргу, працэс самарганізацыі, аб’яднання людзей для абароны сваіх інтарэсаў сёння, зараз і на доўгі часПа-гэтаму, галоўнымі мэтамі нашай ініцыятывы з’яўляюцца вырашэнне мясцовых праблем і захаванне гістарычнай спадчыны.


Аліна адзначыла, што ў Слуцка вялізарны грамадскі патанцыял, але ён не рэалізуецца.

— Я ўжо доўгі час праводжу маніторынг праблем горада Слуцка ў інтэрнэце. Людзі адклікаюцца, іх хвалюць як эканамічныя, так і экалагічныя праблемы, пытанні, звязаныя з культурай адпачынку, — працягвае грамадская актывістка. — У той жа час гараджане звыкла чакаюць, што чыноўнікі некалі самі звернуць увагу і выканаюць іхнія пажаданні.

Сваёй дзейнасцю мы прыцягваем іншых случакоў, а таксама ўказваем мясцовым чыноўнікам на праблемныя месцы горада, будзем прапаноўваць цікавыя ідэі па развіццю горада.

23 ліпеня «Часовая Рада Случчыны» арганізавала сустрэчу неабыякавых случакоў. Да сустрэчы былі распрацаваныя 7 прапаноў па развіцці горада Слуцка ў разнастайных сферах — ад добраўпарадкавання вуліц да пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы. Па кожнай быў напісаны зварот у адпаведныя інстанцыі. Агулам атрымалася 88 зваротаў. Звароты будуць накіраваныя ў выканаўчыя камітэты, міністэрствы, ДАІ, установы па аказанню паслуг.

Выпраўленне арфаграфічных памылак на беларускамоўных інфармацыйных табліцах чыгуначнага вакзала, стварэнне скрынак для абмену кніг на чыгуначным вакзале (bookcrossing), паніжэнне вышыні бардзюраў на вуліцы Багдановіча, праз якія не могуць пераехаць інваліды-калясачнікі і дзіцячыя каляскі, рамонт зарослай веладарожкі на дарозе Слуцк-Вясея — тэмы, на якія былі напісаны звароты. Апрача гэтага грамадскія актывісты прапанавалі краме «Еўраопт» адчыніць беларускамоўную касу для абслугоўвання насельніцтва, а кавярні «Теремъ» — прыбраць цвёрды знак у канцы назвы адпаведна з правіламі напісанння слова на расійскай мове.

Звароты былі аформлены пры дапамозе вядомага юрыста Ігара Случака.

Для хутчэйшага вырашэння праблем па некаторых прапановах звароты накіраваны адразу ў некалькі інстанцый. Напрыклад, зварот па аднаўленні веладарожкі Слуцк-Вясея будзе накіраваны ў Слуцкі выканкам, як орган, які адказвае за добраўпарадкаванне горада і раёна, а таксама ў адзел ДАІ Слуцкага РАУС, зацікаўлены ў бяспечным дарожным руху.

— Актыўная грамадзянская супольнасць — адна з важнейшых значных умоваў для стварэння дэмакратычнай прававой дзяржавы, — працягвае Аліна Нагорная.

Па яе прызнанню, яна была вельмі ўражаная прыкладамі працы мясцовых самакіраванняў у іншых краінах. Напрыклад, у польскім горадзе Шчэціне самакіраванне арганізуе магчымасць пакідаць свае прапановы па паляпшэнню горада на адмысловым экране, у горадзе Элка праводзяцца адкрытыя конкурсы на ідэі для горада і лепшыя з іх рэалізуюцца з дапамогай чыноўнікаў.

На наступным мерапрыемстве ўвага актывістаў будзе скіравана на знаёмства з бюджэтам раёна, зацверджаным на гэты год, і акумуляцыю новых прапаноў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Тутэйшы
  • 2018-07-25 09:51:03
Добрыя ініцыятывы.Вось толькі яны былі выкананы.Ці ёсць грошы у гарвыканмама на некаторыя з іх?А наконт назвы "Теремъ",хай у РФ такія назвы пішуць,у Беларусі яны не патрэбны.

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: