Чатыры дні ў клетцы — чатыры гады «хіміі»

«Мая сям’я перажыла цяжкі тыдзень, цяжкі ва ўсіх сэнсах, ад нервовага да матэрыяльнага, і гэты тыдзень цягнецца ўжо з 21 красавіка. Але побач нямала людзей, якія не далі кінуцца ў роспач, сагравалі ўсімі магчымымі сродкамі», — уражанні бацькі Зміцера Галко.
Зміцер Галко падчас судовага паседжання. Фота Арцёма Лявы

Зміцер Галко падчас судовага паседжання. Фота Арцёма Лявы

Чацвёрты судовы дзень па справе Зміцера Галко цягнуўся для мяне вельмі доўга і выклікаў трывогу. Абвяшчэнне выраку суддзя Аляксандр Якунчыхін прызначыў на 17 гадзін.

Везлі ў суд без пашпарту

Падсуднага выправілі з камеры на этап без рэчаў і пашпарту, краем вуха ён пачуў рэпліку ад канвойных: «Пашпарт яму не трэба!» — маўляў, вернецца назад. Для такога фіналу справы былі падставы: пракурор запрасіла тры гады пазбаўлення волі.

Ды недзе, у нейкім невядомым нам кабінеце праявілі, з чыноўнага пункту гледжання, гуманнасць. Пазбаўленне волі замянілі абмежаваннем, прыплюсаваўшы, праўда, год — замест трох стала чатыры.

У залі, дзе мы стоячы слухалі кароценькі выступ Якунчыхіна, нечакана ўзніклі лёгкія воплескі — сведчанне радасці, магло ж быць нашмат горш. Мяне адзін з журналістаў нават павіншаваў з перамогай. Мы ўжо настолькі звыкліся з адсутнасцю ў краіне апраўданняў у судзе, што любая папраўка ў міліцэйска-следчых паперах успрымаецца як перамога.

Зміцер быў без радасці, хаця праз пару хвілін канваіры павінны былі выпусціць яго з клеткі. Ён пачаў гаварыць: лепш бы турма, бо «хімія» згладжвае і нават знішчае драматызм падзей, забудуцца пра злачынцаў і пра мяне. Ну, хіба можна было чакаць іншай рэакцыі ад чалавека, які яшчэ нядаўна быў скаваны кайданкамі і сядзеў на мулкай лаве падсудных?

Перамогі ў судзе не атрымалася. Вырак жорсткі. Невінаватага чалавека на чатыры гады (на чатыры!) пазбаўляць права быць з сям’ёй, займацца любімай працай, жыць немаведама дзе і шукаць працу ў складанейшых умовах, каб аплочваць усе гэтыя побытавыя «зручнасці».

Судоваму выраку ў любым выпадку было наканавана стаць скандальным. Апраўданне Зміцера Галко выклікала б шаленства ў афіцыйных інстанцыях. Мяркую, Якунчыхін мог бы аддаць сваю мантыю на з’ядзенне молі. Прынімаючы ж цалкам бок абвінавачвання, суддзя адгарнуў бы справядлівасць, капітуляваў перад няпраўдай.

Хто пазваў іх у кватэру?

Пра саму справу, што пачалася 25 лістапада, пісалася многа. У мяне няма намеру стамляць чытача паўторамі.
Адны і тады бэсцілі Зміцера («радзіцель накупіў бухла і спойваў дзяцей»), і цяпер у каментарах сустракаюцца зласліўцы: «А што ён думаў, калі спойваў сына?» Другія старанна, слова ў слова, перапісвалі міліцэйскія паперы. Трэція абаранялі трапіўшага ў пераплёт таварыша і стараліся разабрацца, што ж насамрэч адбылося ў кватэры па вуліцы Мележа.

На вялікі жаль, ніводнаму з журналістаў нечага не хапіла, каб правесці ўласнае расследаванне і высветліць усё да драбніц. Зразумела, не нацыянальны маштаб. Паўтару толькі некаторыя дэталі. Па-першае, Зміцер хутка з’ехаў (спакойна з’ехаў, выканаўшы ўсе дакументальныя фармальнасці ў школе сына і ў рэдакцыі «Экономической газеты»).

Па-другое, каб узважыць усе абставіны, трэба было наведаць школу, дзе вучыўся Янка (Ян-Хрысціян), сын Зміцера. Там і цяпер гуляюць неверагодныя чуткі пра ўдзельнікаў тусоўкі 25 лістапада. Злачынныя, я б сказаў, чуткі. І яны не маглі там узнікнуць без педагогаў і міліцыянтаў.

Мой унук — чалавек несумненных патэнцыйных музыкальных і матэматычных талентаў, і галоўнае, вельмі вольналюбівы. Школьныя педагогі не маглі праходзіць міма, што называецца, і меліся прыкметы маральнага тэрору падлетка. Твой бацька не там працуе, не тое піша, Гэта толькі адзін штрых. Янка пісаў, што «школа — гэта турма».

Бяда многіх, і мая таксама, што мы занадта давяраемся Сеціву. Нас больш уважліва чытаюць нашы нядобразычліўцы і ворагі, чым сябры.

Інфармацыя пра маючы адбыцца збор падлеткаў на кватэры па вуліцы Мележа актыўна выходіла ў эфір.
Звесткі ад міліцыянтаў, што іх выклікалі раззлаваныя суседзі, не знайшлі пацвярджэння ў судзе. Міліцыянты ішлі па адрасе, хутчэй за ўсё, з пэўна акрэсленымі намерамі, да канкрэтных асоб. Да бацькі, які працуе не там і піша не тое, што трэба. І да сына, які называе сталічную школу турмой.

Чорныя плямы працэсу

Суддзя Аляксандр Якунчыхін адразу паказаў свой нораў. У першы дзень прыгразіў выдаліць з залы маці і самога падсуднага. Тое, што многае з таго, што гаварылі сведкі і пракурор, немагчыма было разабраць, яго не хвалявала.

Толькі сляпыя і глухія маглі знайсці ў фактах, агучаных на працэсе, гвалт, збіццё міліцыянта. Бо яго і ў прыродзе не было. Міліцыянты, пацярпелы і сведкі, не змаглі нават дагаварыцца толкам, і цешылі слухачоў відавочнымі несупадзеннямі ў сведчаннях.

Атрымаўшы магчымасць знаёміцца з некаторымі матэрыяламі справы, здзівіўся, што ў паказаннях міліцыянтаў нічога не было пра выскокванне падлеткаў з вокнаў другога паверха на вуліцу. Ім было нявыгадна ўзгадваць зламаныя ў дваіх юнакоў хрыбетнік і нагу, бо тыя ратаваліся ад уварвання. Участковы пры гэтым крычаў: «Наркапрытон! Порнастудыя!»

Міліцыянты не выявілі ў кватэры злачынства.

Зміцер Галко затрыманы, кінуты ў камеру, дзе правёў выходныя. У панядзелак яго абвінавачваюць у адміністрацыйным парушэнні (лаянка на вуліцы, пра падзеі ў кватэры няма і згадкі), ушпільваюць штраф у 40 рублёў і рэкамендуюць валіць у сваю Украіну. Важная падрабязнасць, у справе аб адміністрацыйным парушэнні няма аніводнай згадкі, што падсудны быў нецвярозы.

Хаця для ўсіх міліцыянтаў гэта найпершы клопат, запісаць, што суб’ект быў п’яны і лаяўся.

Адвакат Наталля Мацкевіч, на мой погляд, цудоўна падрыхтавалася да працэсу, грунтоўна вывучыла дэталі справы, і прафесійна выступіла ў судзе. Яна двойчы хадайнічала аб вывучэнні адміністрацыйнай справы, па якой Зміцера аштрафавалі і выпусцілі. Выпусцілі чалавека, заўважым, якога праз некалькі дзён сталі абвінавачваць у гвалце над міліцыянтам. Суддзя Аляксандр Якунчыхін двойчы адхіліў хадайніцтва адваката. Двойчы ён адхіліў хадайніцтва і аб далучэнні карткі са станцыі «хуткай дапамогі», якая б дапамагла ў высвятленні храналогіі падзей. Не будзем варажыць, чаго так баяўся суддзя. На мой погляд, матэрыялы адміністрацыйнай справы, якая, дарэчы, знаходзіцца ў тым жа Савецкім судзе, і картка «хуткай дапамогі» перакрэслівалі б паказанні пацярпелага і сведак.

Гэта акалічнасць упрыгожвае якасць працэсу?

Адзінае станоўчае ўражанне было адлюстравана мною ў Фэйсбуку: «“У мяне няма схільнасці да эйфарыі, але я свае дзённікавыя, камерныя нататкі хачу пачаць з камплімента суду. Дакладней, эпізоду, у якім падсуднаму, чалавеку ў металічнай клетцы, майму сыну Зміцеру далі магчымасць выказаць усё (усё, на той момант!). Яго ўважліва выслухалі, не перарывалі, не рабілі спроб збіць, заблытаць, не абвяргалі і не тыкалі ў паказанні сведак. Што ў дачыненні да апошніх, на мой погляд, рабілася дагэтуль бессаромна.

У любым выпадку выступ Зміцера стаў ключавым у працэсе. Асабіста ў мяне зніклі цяжкія сумневы. Я быў упэўнены у адсутнасці злачынных матываў і самога злачынства ў паводзінах сына. Але цяпер мая інтуітыўная вера ўмацавалася канкрэтным, падрабязным факталагічным пералікам усіх крокаў».

Каб зразумець усё ў гэтай даволі простай для следства справе (адно, што яе ніхто і не вёў толкам), трэба было ўважліва выслухаць усіх сведкаў, прамову і апошняе слова Зміцера, а таксама бліскучую прамову адваката, а перад гэтым усе яе пытанні да сведак.

Мая сям’я перажыла цяжкі тыдзень, цяжкі ва ўсіх сэнсах, ад нервовага да матэрыяльнага, і гэты тыдзень цягнецца ўжо з 21 красавіка. Але побач нямала людзей, якія не далі кінуцца ў роспач, сагравалі ўсімі магчымымі сродкамі.

Гэта справа – не толькі драма маёй сям’і. Яна — жывое сведчанне многіх хвароб грамадства. Канвеер маны, ілжэсведчання міліцыянтаў супраць апазіцыянераў натхняе іх на ўседазволенасць, самадурства, гатоўнасць лезці ў тваё асабістае жыццё, не зважаючы ні на законы, ні на прыстойнасць.

Пацярпелы ацаніў свае пакуты ў 850 рублёў. Столькі ў яго ўяўленні каштуе мана.

Судовы вырак — пуцёўка ў доўгі пакутлівы шлях

Я згадваў пра інцыдэнт з тэлефонам, калі ўчастковы, не маючы на тое права, пачаў здымаць на камеру падлеткаў. Зміцер загароджваў іх рукамі. Актыўна аберагаў. Ён прызнае, што ў той момант тэлефон мог выслізнуць з рук на падлогу. Участковы Юрый Чыркоў гаварыў аб матэрыяльным уроне ў 150 рублёў. Звестак аб кошце рамонту тэлефона ён не прадставіў. Плюс яшчэ 850 рублёў — гэта, па ягоным перакананні, дастатковая кампенсацыя за яго службовыя пакуты.

Дык вось, 850 рублёў за маральныя пакуты ў выраку суда засталіся, а 150 рублёў за разбіты тэлефон — знікаюць. Выветрыла іх скразняком, ці што?!

З гэтага можна зрабіць верагодную выснову: тэлефон ніхто не разбіваў. Але тады і галоўнага доказу фізічнага кантакту падсуднага з міліцыянтам, нібыта пацярпелым, не было!?

Пра алкагольную бомбу

Ніхто не абмінае сцвярджэння што ў кватэры было 15 пляшак з-пад алкаголю. «Радзіцель накупіў бухла!» Калі б такая колькасць спіртнога была выпіта, то паказнік у праміле выскокваў за 3-4 адзінкі.

Зміцер сам быў цвярозы, што дакументальна сведчыць адміністрацыйная справа, якую суддзя так і не захацеў дадаць для вывучэння бакам. Ніводзін падлетак не сказаў, што бацька Яна ўжываў алкаголь. Сляды зелля былі знойдзены ў 5 чалавек з 17 ці 18. Міліцыянты не здолелі дакладна, пад пратакол, падлічыць усіх.
Калі б сапраўды ў кватэры ўжылі 15 пляшак, то падлеткі валяліся б упокат. Але ж у міліцыянтаў не ўзнікла намеру выклікаць «хуткую» для дапамогі атручаным.

Адкуль з’явілася столькі пляшак, Зміцер не ведае. Не выключана, што для ўзмацнення адмоўнага ўражання ў публікі госці падкінулі «рэчавых доказаў», — яны ж больш гадзіны правялі ў кватэры ўжо без гаспадароў.

Як імя тваё, суддзя?

Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын падрыхтаваў змястоўнае дасье суддзі Аляксандра Якунчыхіна. У пераліку яго службовых дасягненняў — прысуды многім і многім апазіцыянерам з часоў Плошчы 2010 года. Вопыт багаты.

Цікава, што ў пастанове, датаванай 26 чэрвеня 2018 года аб пачатку судовага разбіральніцтва, значыцца суддзя Шаціла С.В.

Атрымліваецца, працэс вывучаў адзін суддзя, а судзіць даручылі другому. Аналагічная метамарфоза была са следчымі: справу кідалі ад аднаго да другога. З пракурорамі тое ж самае. Усе дні на працэсе прысутнічаў адзін пракурор, а для вызначэння тэрміну пакарання з’явіўся другі. Няўжо за гэтым хаваюцца толькі службовыя абставіны і няма чыста маральных, калі некаму ўсё-ткі не хочацца купацца ў брудзе?

У нас ва ўсім палітыка, а ў гэтай справе — тым больш

У завяршэнне дазвольце працытаваць пару нататак з Фэйсбуку, які асабіста я ўспрымаю, як дзённік для сябе і сяброў.

«Адна істотная акалічнасць у справе Зміцера Галко, на якую пакуль што ніхто не звярнуў увагі. Уся хада падзей — ад той тусоўкі падлеткаў да ўчарашняга выраку ад вырадкаў юстытуцыі — гэта высокая, вельмі высокая верагоднасць помсты ад «русскава миру».

Апошнія сумневы скептыкаў наконт таго, ці мае працэс над Зміцерам Галко істотныя прыкметы палітычнага, павінны былі б знікнуць у ходзе слухання.

Рэжым увогуле адхрышчваецца ад паняцця «палітычныя вязні», камуфлюючы людзей і з'явы пад чыста крымінальныя. Ды нячысцік выдае з вантробамі сваіх улюбёнцаў, як бы яны не зашмалёўвалі свае дзеянні. Зміцера міліцыянты пратрымалі ў камеры некалькі сутак, потым даказвалі суду, што ён брыдка лаяўся і не зважаў на заўвагі грамадзян. Менавіта з матэрыяламі гэтага суда не захацеў знаёміцца суддзя. Паколькі ўсё гэта тычыцца Савецкага суда, то Якунчыхін меў магчымасць з імі знаёміцца ў любы момант. І, хутчэй за ўсё, баяўся іх абнародаваць.

Зміцер пасля выхаду з камеры стаў актыўна пісаць пра мярзотнасць міліцыянтаў, што не засталося незаўважаным. Людзі, блізкія да міліцэйскага асяродку, так і сказалі: не пісаў бы — не чапалі б.

Палітычны характар працэсу не ў тым, бэсціць падсудны, кандыдат у вязні, Лукашэнку альбо не. Узгадвае партыйныя праграмы альбо не. Палітычнасць працэсу ў тым, што чалавек апынуўся на лаве падсудных не за злачынствы альбо намер іх здзейсніць, а за імкненне абараніць свае грамадзянскія правы. А потым у друку выкрываць фактычна злачынныя дзеянні міліцыі.

Міліцыі, у першую чаргу, дадзены дазвол на самаўпраўства, ігнараванне законных працэдур, на ілжэсведчанне — і вывад іх з-пад следства і судовага пераследу.

Канешне, тут ужо не палітыкай, выбачайце, смярдзіць, а крыміналам, толькі абарочваецца ён на галовы тых, хто не хоча падаць перад самадурамі ніц».

***

Вынік нашых размоў учора: Зміцер не азлоблены, псіхалагічна не падаўлены. Збіраецца жыць і працаваць. Абы злыдні не перашкаджалі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!