Чатыры факты пра гісторыю беларускай лацінкі

Учора Арт Сядзіба зладзіла лекцыю, прысвечаную беларускай лацінцы. Зацікаўленныя даведаліся ад лектаркі Ганны Клокавай пра гісторыю ўзнікнення і трансфармацыі лацінскага алфавіту ў Беларусі, вывучылі правілы чытання і пісання беларускай лацінкай.
Ніводзін алфавіт не ствараўся адмыслова для беларускай мовы: кірыліца – для царкоўнаславянскай, лацінка – для лаціны. Арабіца, арабская вязь, выкарыстоўвалася беларускімі татарамі ў XIV – XVI стагоддзях для запісу старажытнабеларускай мовы. Усе гэтыя сістэмы пісьма трэба было адаптаваць пад асаблівасці беларускага маўлення.

Першыя запісы беларускай лацінкай вядомыя з XVI стагоддзя. Гэта не значыць, што да таго лацінка на нашых землях не выкарыстоўвалася: ёй пісалі на лаціне, па-польску. Гаворка менавіта пра запісы на старажытнабеларускай мове лацінкай. Адзін з першых такіх надпісаў – на зване з вёскі Моладава на Берасцейшчыне (цяпер Іванаўскі раён). Звон адліты ў 1583 г. і захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. 


Лацінка не заўсёды выглядала так, як цяпер. Літара ŭ узнікла ў ХІХ стагоддзі, спачатку ў лацінцы, а потым перайшла ў кірыліцу. У 1907 годзе замест ранейшых спалучэнняў cz sz і літары ż, як у польскай мове, выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» прапанавала значкі č («ч»), š («ш») і ž («ж»). Гэты алфавіт часам завуць «нашаніўскай лацінкай», бо ім друкавалася адпаведная газета і іншыя выданні пачатку ХХ стагоддзя (дарэчы, лацінкай выходзілі некаторыя нумары «Нашай Нівы» і на пачатку 1990-х). У 1926 годзе Ян Станкевіч прапанаваў замяніць у беларускім правапісе літару w на v. Фактычна, у тым выглядзе лацінка і дайшла да нас.

Слайд з прэзентацыі Ганны Клокавай

У СССР лацінка лічылася праявай антысаветчыны. Аднак, беларусы працягвалі ёй карыстацца. Найбольш у эмігранцкім друку, канечне. Але і ў БССР. Напрыклад, надмагілле ў вёсцы Клушчаны Астравецкага раёна змяшчае надпіс лацінкай, зроблены ў сярэдзіне 1970-х. Сапраўдны рэнэсанс беларуская лацінка перажывае з часоў атрымання Беларуссю незалежнасці. Пісьмо лацінкай часта выкарыстоўваюць творчыя людзі: паэты, музыкі. З 2000-га года (з папраўкамі 2007-га) існуе «афіцыйная лацінка» – правілы транслітарацыі беларускіх назваў, зацверджанныя ААН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: