Беларускі пачалі з сенсацыі. Еўрабаскет без лідараў пратэсту

На тле футбольнага чэмпіянату Еўропы гэты турнір, канешне, выглядае блякла, але яго таксама аніяк нельга прапусціць. Жаночы Еўрабаскет пачаўся ўчора і скончыцца 27 чэрвеня. Інтарэс беларускіх заўзятараў тут прамы: нашы дзяўчаты ў тэме і напярэдадні позна вечарам згулялі з іспанкамі. І сенсацыйна перамаглі з лікам 53:51.

Фота belarus.basketball

Трансляцыя скончылася ўчора позна вечарам, і першы блін атрымаўся паспяховым — беларускія баскетбалісткі адолелі дзеючых чэмпіёнак Еўропы.

Але як там будзе далей? Ці працягне беларуская каманда ў тым жа тэмпе і духу?

Пытанняў тут насамрэч шмат. Як абыдзецца наша зборная без шматгадовых лідарак Алены Леўчанка і Кацярыны Сныцінай? Ці знойдзецца ў калектыве капітан, які пацягне ўсіх за сабой? Ці здолее трэнерка Наталля Трафімава, карыстаючыся абставінамі, у рэшце рэшт амаладзіць каманду — то-бок вырашыць задачу, з якой, на думку федэрацыі, некалі не зладзіў сам Анатоль Буяльскі?

Пытанняў мноства, але напачатку наша анонса турніру — факты.

Напярэдадні

Правядзенне старасвецкага форуму сёлета ўлетку — выпадак не выключны. У тым сэнсе, што ніякім чынам каронавірус на тэрміны Еўрабаскета не паўплываў. Турнір сярод жаночых каманд праходзіць праз кожныя два гады. Мінулым разам, у 2019-м, яго прымалі Сербія з Латвіяй. Зараз у якасці краін-гаспадынь — Іспанія і Францыя.

Першапачаткова чэмпіянат павінен быў прайсці ў трох гарадах: Валенсіі, Ліёне і Парыжы. Аднак месяц таму на гарызонце намаляваўся яшчэ і гасцінны Страсбург.

За медалі, як звычайна, будуць змагацца 16 зборных. Гаспадары спаборніцтваў атрымалі такое права па-за конкурсам, яшчэ 14 месцаў аспрэчваліся ў кваліфікацыі.

Зборная Беларусі на этапе адбору трапіла ў групу «F» — разам з дзяўчатамі з Польшчы і Вялікабрытаніі. Нягледзячы на даволі сенсацыйную паразу дома ад заходніх суседак, тры наступныя перамогі дазволілі беларускім баскетбалісткам выйсці ў фінальную частку Еўрабаскета.

Цікава, што першы тур у гэтай адборачнай групе адбыўся яшчэ ў лістападзе 2019-га, а наступныя — ужо ў лютым бягучага. Планаванне календару — не самая моцная якасць Міжнароднай баскетбольнай федэрацыі. Але ж усе былі ў роўных умовах, і вось якая сітуацыя склалася напрыканцы: 1.БЕЛАРУСЬ — 7 балаў (3-1). 2.Вялікабрытанія — 6 (2-2). 3.Польшча — 5 (1-3).

Цяпер

Пасля паспяховага дасягнення мэты беларускі папляскалі ў ладкі, павіншавалі адна адну і раз’ехаліся па сваіх клубах — на тры месяцы, каб завяршыць сезон.

Фота belarus.basketball

Фота belarus.basketball



У сярэдзіне мая Трафімава абвясціла чарговы збор, куды былі запрошаны дванаццаць баскетбалістак: Марыя Папова, Вольга Зюзькова, Анастасія Верамеенка, Яніна Інкіна, Юлія Рыцікава, Алёна Карасевіч, Вікторыя Гаспер, Юлія Васілевіч, Ксенія Малашка, Наталля Гарбачова, Ганна Брыч, Арына Масько.

Для дасведчаных відавочна: гэты спіс быў перагружаны маладымі імёнамі, з аднаго боку, а з іншага — у ім не хапала некалькіх зорак, якія здабывалі яшчэ культавую бронзу ЧЕ-2007.

Безумоўна, гаворка ідзе пра Леўчанка і Сныціну — самых «пратэсных» беларускіх баскетбалістак усіх часоў. Уявіць Алену ў сённяшняй зборнай увогуле немагчыма ні пры якіх абставінах. У наймацнейшай цэнтравой краіны, першай беларускі ў жаночай НБА і проста вялікага майстра канфлікт з кіраўніцтвам федэрацыі распачаўся даўно — яшчэ задоўга да 9 жніўня. Справа ў тым, што аднойчы, у 2017-м, Леўчанка папрасіла трэнерскі штаб зборнай не разлічваць на яе падчас чарговага чэмпіянату Еўропы — маўляў, патрэбны перапынак, каб паправіць здароўе і пазбавіцца турбуючых траўм.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Старшыня БФБ (і паралельна буйны дзяржаўны чыноўнік) Максім Рыжанкоў не палічыў такія тлумачэнні вычарпальнымі, і праз нейкі час Алена страціла стаўку ў Мінспорту. Адпаведна, не вярнулася і ў нацыянальную каманду.

Тым не менш, Леўчанка працягвала пільна сачыць за выступленнямі сябровак і перажывала за іх. Так, яна разышлася ў поглядах з чыноўнікамі, пазней стала адной з найбольш яскравых асоб беларускага мірнага пратэсту, адсядзела за гэта 15 сутак на Акрэсціна ў жудасных умовах, падхапіла каронавірус, ахвяраваўшы ў выніку здароўем і планам падрыхтоўкі да новага сезону. Аднак, нягледзячы на пакуты і ўвогуле грамадска-палітычную дзейнасць, былых партнёрак Алена не забывала — і заўсёды знаходзіла час, каб у сацсетках павіншаваць тую ці іншую з удалай гульнёй.

Урэшце ўсё ў яе наладзілася. Леўчанка вярнулася на пляцоўку, падпісала кантракт з «Панацінаікосам», у складзе якога стала чэмпіёнкай Грэцыі.

Зараз Алене 38 — няпросты ўзрост для прафесійнага спорту, і, верагодна, сваё за зборную яна ўжо адгуляла.

Кацярына Сныціна з нацыянальнай каманда сышла нядаўна, папярэдне закрыўшы ўсе гештальты. Цяпер ужо экс-капітан цягнула зборную за сабой яшчэ ў лютым. Раней, як і Леўчанка, яна падпісала адкрыты ліст спартсменаў супраць гвалту і за новыя выбары, і напачатку нічога ёй за гэта не было. Не было, па вялікім рахунку, і пазней, хаця за словам ў кішэню баскетбалістка не лезла. Іншая справа, што пры падпісанні новага кантракта са зборнай беларускія чыноўнікі вырашылі абмежаваць гульцоў у свабодзе выказванняў — і уключылі ў дакумент пункт аб абавязковым узгадненні з начальствам любых інтэрв'ю.

Здаецца, гэтая акалічнасць стала для Кацярыны апошняй кропляй — і з «нацыяналкай» яна развіталася. Не стала чакаць нават чэмпіянату Еўропы, куды асабістымі намаганнямі цягнула каманду. На развітанне Сныціна сказала, што «больш не можа прадстаўляць колеры краіны, пакуль пакутуе народ».

Што характэрна: той самы адкрыты ліст пратэсту з ліку баскетбалістак-зборніц падпісалі не не толькі Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна. Тое ж самае, хай і не так гучна, не пабаяліся зрабіць таксама Таццяна Ліхтаровіч, Аляксандра Тарасава, Ганна Брыч і Арына Масько. Ніякіх санкцый з боку сістэмы за гэта баскетбалісткам не прыляцела (магчыма, таму што гуляць жа камусьці трэба). І па сёння Масько, Брыч і Тарасава знаходзяцца ў распараджэнні Трафімавай, дзве сустрэчы на стадыі падрыхтоўкі паспела згуляць і Ліхтаровіч.

Ёсць ў жаночай зборнай Беларусі і свой легіянер — не толькі ж хакеістам карыстацца гэтай сумнеўнай прывілеяй. Гэта цемнаскурая амерыканка Алекс Бэнтлі, якая выступае за курскае «Дынама». За Беларусь дзяўчына гуляе з ахвотай, іншая справа, што эфектыўнасць яе дзеянняў на пляцоўцы значна меншая чым у папярэдніцы. Папярэдніцай жа — і першапраходніцай — была іншая ўраджэнка ЗША Ліндсэй Хардзінг, так што практыка натуралізацыі замежніц у БФБ даўно адпрацаваная.

Тым часам таварыскія паядынкі напярэдадні Еўрабаскета радасці беларускам не прынеслі. Наадварот — яны агалілі мноства праблем. Беларуская зборная прайграла пяць разоў — прычым аднойчы расійскім суперніцам, якія ўжо не адносяцца да еўрапейскай эліты, са зневажальным лікам 36:74. Адзінае, чым можна суцешыцца, — гэта перамога над чэшкамі на пачатку месяца. Дый тая, так бы мовіць, на тоненькага — 57:54. Карацей, турбавацца за светлы шлях каманды на ЧЕ заўзятары пачалі загадзя, і небеспадстаўна.

Будучыня

Пасля заканчэння адбору ва ўсіх групах ФІБА размеркавала 16 зборных па чатырох групах дзеля лёсавання. Беларускі аказаліся ў трэцяй — і ў суперніцы па групавым раўндзе Еўрабаскета ім дасталіся іспанкі, шведкі і славачкі.

Група «А»: Іспанія, Швецыя, БЕЛАРУСЬ, Славакія.
Група «В»: Сербія, Італія, Чарнагорыя, Грэцыя.
Група «С»: Бельгія, Славенія, Турцыя, Боснія і Герцагавіна.
Група «D»: Францыя, Расія, Чэхія, Харватыя.

А вось як выглядае каляндар для нашых суайчынніц:
17.06. БЕЛАРУСЬ — Іспанія — 53:51.
18.06. Славакія — БЕЛАРУСЬ. 19.00
20.06. Швецыя — БЕЛАРУСЬ. 16.00
21.06 1/8 фіналу
23.06. Чвэрцьфіналы
25.06. Паўфіналы
27.06 Фінал

Першая гульня беларускай каманды, нагадаем, ужо адбылася. І нягледзячы на поспех, галоўныя выпрабаванні для зборнай наперадзе — сустрэчы са славачкамі ды шведкамі.

Самы час нагадаць рэгламент. Згодна з ім, лепшыя каманды квартэтаў адразу трапляюць у чвэрцьфінал. А вось іх праціўнікі там высвятляюцца наступным чынам: зборныя, якія занялі ў групах другое і трэцяе месцы, гуляюць паміж сабой у так званых сустрэчах 1/8 фіналу. Верагодна, гэта і ёсць шчыліна для беларускіх баскетбалістак.

Шчыліна, трэба адзначыць, не толькі ў далейшай барацьбе на ЧЕ, але і за права выступіць на бліжэйшым першынстве свету ў верасні 2022-га. Аднак ці патрапіць у яе зборная Беларусі — каманда, якая засталася без лідараў і ў апошнія гады памалу здае былыя пазіцыі? Тут не ўгадаеш, бо надта непрадказальная гэта справа — жаночы баскетбол.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: