Член КР Аксана Зарэцкая пра гутарку ў ГУБАЗіК: размаўлялі пра Пракофьева, футбол і выхаванне дзяцей

Член асноўнага складу Каардынацыйнай рады і бізнэс-трэнер па камунікацыі Аксана Зарэцкая распавяла пра свае ўчорашнія зносіны з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, якія прыйшлі да яе на кватэру, правялі вобшук, а пасля звезлі яе на гутарку.
Аксана Зарэцкая. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Аксана Зарэцкая. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Сябры, учора ў мяне прайшоў ператрус, — напісала Аксана Зарэцкая на сваёй старонцы ў фэйсбку. — Мае чытачы і падпісчыкі з ліку супрацоўнікаў ГУБАЗіК палічылі важным пагутарыць са мной асабіста і зазірнулі ў суправаджэнні калегаў у масках прама дадому. Настроены яны былі рашуча, як вы можаце здагадацца: дзве машыны са спецабсталяваннем. Мабыць, яны асцерагаліся, што я буду кідацца ў іх цяжкімі кнігамі і адстрэльвацца цытатамі вялікіх.

Нечаканыя госці ў суправаджэнні двух панятых з ліку маіх суседзяў уважліва вывучылі змесціва маіх кніжных паліц, сфатаграфавалі карціны, зазірнулі ў халадзільнік, сумкі, шафы. Асабліва іх зацікавіў мой ноўтбук і тэлефон. Яны забралі іх з сабой. І запрасілі праехацца ў іх машыне да трэцяга аддзела. Як вы разумееце, гэта была прапанова, ад якой нельга адмовіцца: у Следчым камітэце я была, у Цэнтральным РУУС таксама, прыйшоў час наведаць ГУБАЗіК. Як казала мая бабуля: «Трэцім разам, Божым часам».

Прымалі ў сябе супрацоўнікі аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю гранічна ветліва. Мы размаўлялі пра Прокофьева, Томаса Мана, кларнэт, футбол і выхаванне дзяцей. У мяне ўдакладнілі, ці не адмініструю я дэструктыўныя каналы і ці не збіраюся скінуць уладу неканстытуцыйным шляхам. На пытанне, чаго мне не хапае ў гэтай краіне, я адказала «класічнай музыкі». На гэтым усе пытанні чамусьці адпалі.

Уважлівыя чытачы майго блога ў Instagram і Фэйсбук з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў цытавалі некаторыя асабліва ўдалыя пасажы маіх пастоў і прасілі, каб я больш не крытыкавала іх дзейнасць. Каб пераканацца, што я не забуду сваё абяцанне пісаць выключна пра этыкет і культуру, мяне папрасілі запісаць відэа, дзе я гэта прамаўляю ўслых. Я не ведаю, што яны буду рабіць з гэтым відэа, таму, сябры мае, я загадзя прашу прабачэння за вельмі няўдалае святло і адсутнасць сцэнічнага грыму, калі яно трапіцца вам у якіх-небудзь «жоўтых яблыках» або ў выкрывальным фільме на БТ.

Мае суразмоўцы так турбаваліся, каб уся ўвага дасталася толькі ім, што не дазволілі мне нават звязацца з адвакатам. Але майму адвакату асобнае запрашэнне не трэба — Святлана Бабінцава неўзабаве знайшла мяне сама.

Афіцыйна мой візіт у ГУБАЗіК назвалі «папярэджаннем». Пры гэтым забралі ноўтбук і тэлефон. Сказалі, што вернуць, але калі, не ведаюць.

Зараз я аднаўляю, што магу, мяняю паролі, мяняю акаўнты. Нумар тэлефона ў мяне ранейшы. Якая дапамога мне зараз патрэбна:

- Я буду ўдзячная, калі хтосьці дапаможа мне з айфонам і макбукам на кароткі час (трэба пракрасціся ў экасістэму Apple).

- Мне патрэбна дапамога па навігацыі і бяспецы акаўнтаў — каб чалавек падказаў, як праверыць і вярнуць кантроль над некаторымі прыкладаннямі ў Apple.

Калі ў нас з вамі былі запланаваны заняткі ў бліжэйшы час, звяжыцеся са мной па маім нумары тэлефона (не телеграм) або тут у FB. Зніклі ўсе кантакты, каляндар.

Коратка пра мяне: я ўсхваляваная і некалькі збянтэжаная, але ў астатнім у парадку. Гэта як калі б у ваш дом уварваліся мядзведзі, патапталіся, але ўсе засталіся жывыя. Хоць дзверы і агароджу трэба паправіць. Гэтым зараз і займаюся.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: