Чэмпіянат Беларусі па футболе: замест фанатаў — БРСМ

Другі тур футбольнага чэмпіянату Беларусі прайшоў ціхмяна і незаўважна, нібыта праўладная акцыя на праспекце з чырвонымі сцягамі. Падабенства дадала і колькасць заўзятараў — іх зноў было зусім мала. Не «заходзіць» беларусам футбол у гэты час, што ты зробіш. Ёсць справы, клопаты і інтарэсы больш важныя.

Амаль паўсюль, як і тыдзень таму, на трыбунах гуляў вецер — аднак былі і выключэнні. Дакладней, адно выключэнне. У Брэсце, дзе мясцоваму стадыёну зрабілі хоць якую касу.

Зрэшты, гэта той самы выпадак, калі выключэнне толькі пацвярджае правіла. Бо чатыры з гакам тысячы на «Брэсцкім» у суботу — гэта больш, чым агулам на ўсіх астатніх гульнях тура. То-бок, калі вынесці за дужкі той асобна ўзяты ажыятаж, то ў астатку атрымаем прыкладна тое ж дыскрэдытуючае бязлюддзе, якое назіралася ў першым туры.

У Брэсце ж футбол любяць — нездарма ў 2019-м мясцовае «Дынама» ўпершыню ў гісторыі стала чэмпіёнам. Дый працэс тады суправаджаўся рознымі мерапрыемствамі агітацыйнага кшталту. То славутага Дыега Марадону ў горад прывязуць, то вырашаць разыграць сярод гледачоў новенькае аўто, то яшчэ штосьці прыдумаюць. Грошай куры не клявалі — дзякуй лукашэнкаўскаму бізнесоўцу Аляксандру Зайцаву. Ён, дарэчы, не цураўся і патрыятычных памкненняў. Над стадыёнам гучала беларуская мова — у песнях і выступах, папулярызавалася вышыванка і іншыя гістарычныя адметнасці, і народ цягнуўся на футбол, на стадыёнах было безліч гарачых вачэй. Адных фанатаў іншым разам набівалася ў сектар пад цэлую тысячу.

Аднак часы змяніліся. Зайцаў, як вядома, зрабіў кульбіт: вярнуў «Дынама» пад апеку гарадскіх улад і ўзяўся апекавацца «Рухам», другім брэсцкім клубам, які сам жа і адрадзіў. Дзвярыма гэпнуў гучна: разам з грашыма забраў з сабой і большасць майстравітых гульцоў. Дынамаўскі ж клуб застаўся на дзяржаўным пражытачным мінімуме — і з вільготнымі ўспамінамі пра тое, як яшчэ зусім нядаўна выпраўляў футбалістаў на выязныя матчы чартарам «Белавія», а ў міжсезонні грэў каманду на зборах у Дубаі. Sic transit gloria mundi, як казалі ў старажытныя часы.

Часы змяніліся — але цікавасць да футбола ў Брэсце інерцыйна захавалася. Тым больш у госці завітаў не хто-небудзь крывы ды кілавы, а сам БАТЭ з Барысава — супернік статусны і тытулаваны. Таму людзі і пацягнуліся на трыбуны, каб хоць ненадоўга абстрагавацца ад журботнай сённяшняй рэчаіснасці. Ці ўдалося — сказаць складана. Бо, як бы рухава і мудрагеліста ні намагаліся гуляць каманды, нешта ім, як таму танцору, усю дарогу перашкаджала. То мяч не ляцеў у вароты, то ногі неслі не туды, то блыталіся думкі. І як вынік — тыя самыя 22 бугаі з мініяцюры Райкіна так і не спарадзілі за ўвесь матч аніводнага гола. 0:0 — самыя сумныя лічбы — так і засталіся гарэць на табло.

З забітымі мячамі ўвогуле ў туры не склалася. Усяго 14 у васьмі матчах — ураджай на ўзроўні стратнага калгаса «Голад не цётка». Ёсць такі тэрмін — «вясенні футбол». Гэта калі на стартавым адрэзку сезона каманды яшчэ не набралі абароты і памногу хібяць і поркаюцца, на полі як мухі ў павуцінні. Аднак ці справядліва ў нашай зоне рызыкоўнага земляробства спасылацца на гэтыя аб’ектыўныя абставіны? Бо за вясеннім футболам традыцыйна прыйдзе летні — і будзе спёка, якую зручна вінаваціць у млявай гульні. А затым і холадна стане, восень настане — і тут ужо футбалісты стаміліся, таму што надта ж доўгі і энергазатратны атрымаўся сезон.

Ну, дый годзе блазнаваць. Усё ж гулялі хлопцы як маглі, што той тапёр, у якога не варта страляць. Іншая справа, як у адным цудоўным месцы спрабавалі вырашыць пытанне з гледачамі.

Гаворка пра Віцебск, дзе на матчы з мінскім «Дынама» пустуючы фан-сектар рызыкнулі напоўніць сурагатам. А менавіта — выпісалі па інвойсе ў спагадлівых інстанцыях тыповых клакёраў. Натуральна, на гэткую ролю ідэальна падышлі чальцы БРСМ — яны, як тыя піянеры, заўсёды гатовыя. І нават маскіравацца палічылі за лішняе. Размясціліся ў сектары за сваімі фірмовымі сцягамі, пачалі скандзіраваць нешта жвавае, нібыта на карпаратыўнай спартландыі… І імгненна зрабіліся мемам у маштабах цэлага тура.

Бо як жа: ствараць масоўку з ліку на ўсё прыдатных афіцыйных «камсамольцаў» — гэта такі распаўсюджаны побыт у дэкарацыях нашага непазбыўнага сацрэалізму. Хоць хакей, хоць футбол, хоць тэатр, хоць мітынг у падтрымку дзеючага курса — партыя сказала «трэба», камсамол адказаў «ёсць». А тое, што гэта цяпер мала каго натхняе (вунь нават у віцебскіх футбалістаў ад такой «падтрымкі» вушы гараць) — то хіба гэта каго турбуе?

Так што рашэнне знойдзена. Калі заўзятары не спяшаюцца на стадыён, гукайце БРСМ, ён не падвядзе. Паглядзім, ці возьмуць з віцяблян прыклад у іншых гарадах.

Праўда, давядзецца крыху пачакаць, бо чэмпіянат бярэ паўзу. Цяпер на павестцы ў беларускага футбола — гульні зборнай. Нацыянальная каманда Беларусі бярэ старт у новай адборачнай кампаніі — гэтым разам да чэмпіянату свету–2022. Заўтра нашым хлопцам гуляць дома з эстонцамі, а 30 сакавіка — выязны матч з бельгійцамі. Яшчэ два супернікі па групе — зборныя Чэхіі і Уэльса.

Група, што і казаць, складаная — лічы, непраходная. Але ж калі гэта бянтэжыла наша футбольнае кіраўніцтва? Федэрацыя ўжо паставіла перад гульцамі безнадзейную, але амбіцыйную задачу — заняць месца не ніжэй за другое. Адарванасць ад рэальнасці ў такім мэтапалаганні ўбачаць нават юныя выхаванцы якой-небудзь правінцыйнай ДЮСШ. Бо дзе мы, а дзе бельгійцы з чэхамі ды валійцамі… Але ж хто яго ведае… Можа, кіраўніцтва мае нейкія сакрэты? Ці беларускія футбалісты за зіму навучыліся гуляць, як у лепшых дамах Еўропы. Ну, альбо дапамогуць у цяжкія часы верныя заўзятары — з ліку безадмоўных БРСМаўцаў, ад імпэту якіх у зборнай раптам вырастуць крылы.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 2
19.03. СЛАВІЯ (Мазыр) — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 0:1 (1220 гледачоў; Мікалаевіч, 80). ІСЛАЧ (Мінскі раён) — СМАРГОНЬ — 2:0 (200; Камароўскі, 17, 50, з пенальці).
20.03. ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ШАХЦЁР (Салігорск) — 1:2 (350; В.Васільеў, 58 — Кендыш, 18; Сачыўка, 31). ВІЦЕБСК — ДЫНАМА (Мінск) — 0:0 (625). МІНСК — РУХ (Брэст) — 2:2 (218; Зеньковіч, 81, з пенальці; Рахманаў, 86-аўтагол — Лапцеў, 2, Канцавы, 34). ДЫНАМА (Брэст) — БАТЭ (Барысаў) — 0:0 (4203).
21.03. СЛУЦК — НЁМАН (Гродна) — 1:1 (580; Альфрэд, 64 — Джыгера, 42). ГОМЕЛЬ — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 2:0 (550; Гомза, 9, Салавей, 56).


ТУР 3. 2.04. Смаргонь — Славія, Шахцёр — Іслач, Рух — Энергетык-БДУ, Спадарожнік — Мінск, БАТЭ — Гомель, Нёман — Дынама Бр., Дынама Мн. — Слуцк, Тарпеда-БелАЗ — Віцебск.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: