«Чорная стужка сімвалізуе палітвязняў». Герасіменя выставіла на дабрачынны аўкцыён залаты медаль ЧС-2012

На аўкцыён выстаўляецца залаты медаль Аляксандры Герасімені, беларускай плыўчыхі, трохразовай прызёркі Алімпійскіх гульняў, шматразовай чэмпіёнкі свету і Еўропы, шматразовай чэмпіёнкі Універсіяд (2009, 2011 і 2013), заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь (2012).

Медаль быў заваяваны на чэмпіянаце свету ў 2012 годзе на дыстанцыі 50м вольным стылем. У фінальным заплыве беларуска перамагла з вынікам 23,64 сек., усталяваўшы новы нацыянальны рэкорд.

Аляксандра пракаментавала выстаўленне медалі на аўкцыён:

«Гэтым лотам я б хацела падтрымаць усіх беларусаў, перадаць ім зарад 100% упэўненасці ў перамозе, бо вера ў перамогу — гэта ўжо 90% поспеху!

Пасля двух сярэбраных медалёў Алімпіяды мяне перапаўняла злосць, бо я разумела, што здольная на большае. Матывацыя выйграць той чэмпіянат свету была залімітавай. У Турцыю я прыляцела з 200% упэўненасці, што змагу перамагчы, бо знаходзілася ў выдатнай фізічнай форме. Перад заплывам не адчувала ні страху, ні хвалявання, проста жартавала і ўсміхалася, а хвілінай пазней пабіла свой асабісты рэкорд, апярэдзіла саперніц на палову корпуса і атрымала мянушку bullet (ракета).

Да медаля прымацаваная чорная стужка (адзіная ў маёй калекцыі), як мне здаецца, якая сімвалізуе ўсіх пацярпелых беларусаў і палітвязняў.

Засталося зусім няшмат  і ўсё ўстане на свае месцы, а ўсе вінаватыя панясуць заслужанае пакаранне. Галоўнае — ні на секунду ў гэтым не сумнявайцеся!» — сказала Аляксандра.

Усе сродкі ад продажу лотаў будуць пералічаны ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, нагадвае «Трыбуна».

Задачай Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці з'яўляецца падтрымка спартоўцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю, а таксама тых, хто гатовы адкрыта выказвацца пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Гаворка не толькі пра матэрыяльны складнік, але і пра юрыдычную, і псіхалагічную падтрымку.

Нагадаем, раней стала вядома, што СК узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені.

У канцы сакавіка спартсменка і Фонд спартыўнай салідарнасці запусцілі кампанію па прасоўванні здаровага ладу жыцця: #Зборнаязаж.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: