Чэмпіянат свету па хакеі: глядзім на Рыгу, а бачым…

Сёння ўвечары беларускія хакеісты згуляюць са славакамі. Матч пачнецца ў 20.15 у Рызе — месцы 84-га чэмпіянату свету ў элітным дывізіёне. Цягам бліжэйшых двух тыдняў у Латвіі не будзе падзеі больш яскравай і значнай, чым 84-ы чэмпіянат свету, які пачынаецца з 21 траўня. 
У элітным дывізіёне — 16 мацнейшых хакейных зборных планеты. Канада, ЗША, Расія, Фінляндыя, Швецыя, Чэхія, Германія, Швейцарыя, Славакія, Данія, Вялікабрытанія, Латвія, Італія, Нарвегія, Казахстан… І Беларусь. У іх матчах будуць трашчаць барты, чубы, будуць ламацца клюшкі, а, можа, нават і косці. Заўзятары розных краін збіраюцца правесці гэтыя дні, не адыходзячы ад тэлевізараў, каб нічога не прапусціць. Каб не страціць ні адну эмоцыю, не праглядзець ні адзін небяспечны момант ля чужых брам.

Замежных гледачоў зразумець лёгка. У іх унутры абсалютная гармонія, падагрэтая спрадвечнымі заўзятарскімі прадчуваннямі і салодкімі трывогамі. Іх зборная — гэта тое, што яны лёгка атаясамліваюць са свёй радзімай. Іх хакеісты — гэта хлопцы, у якіх яны ясна бачаць саміх сябе. Перажываць за іх, зычыць ім удачы і поспеху — гэта ў чалавечай прыродзе. На тым спорт стаіць ужо шмат стагоддзяў і будзе стаяць надалей.

З беларускімі заўзятарамі — намі з вамі — сёння нашмат складаней. У нас гармоніі няма, а душа — нібыта на разрыў. Бо такі ён, сучасны айчынны хакей — ці не самы праўладны від спорту ў краіне, глыбока стыгмазаваны апошнімі палітычымі падзеямі. Тымі самымі, што дапамаглі нават самым памяркоўным беларусам канчаткова вызначыцца са сваім стаўленнем да ўладаў.

Раней было неяк прасцей: пры ўсіх відавочных прыкметах аўтакратыі прастора для яднання заставалася. І дамашні чэмпіянат свету-2014 прайшоў у Мінску ў цёплай атмасферы, і на іншых турнірах за зборную заўзелі шчыра, і на замежных матчах нават збіраліся фанаты з бел-чырвона-белымі сцягамі. Хакеісты іх не цураліся, дзякавалі за падтрымку. Адміністрацыя маўкліва заплюшчвала на гэта вочы, а каментатары дзяржаўнага ТБ кожны раз набіралі ў рот вады, калі БЧБ-кластар на трыбунах раптам трапляў у кадр падчас жывой трансляцыі.

Але так было толькі да мінулага лета, якое змяніла ўсё.

Калі вы сёння завітаеце ў Фэйсбук ці адкрыеце каментары пад хакейнымі артыкуламі на спартыўных парталах, то наўрад ці знойдзеце там уцямную эмпатыю да бягучых вынікаў айчынных майстроў клюшкі і шайбы. Выключэнні здараюцца, аднак хутчэй толькі пацвярджаюць правілы — як у выпадку з беларускімі юнакамі, якія сенсацыйна ўвайшлі ў топ-8 на нядаўнім чэмпіянаце свету сярод 18-годак. За гэтых хлопцаў на радзіме непрыхавана заўзелі, бо ні ў чым дрэнным не запрыкмечаная маладосць заўсёды выклікае сімпатыю — простую, чалавечую, якая па-за межамі грамадскіх дыскурсаў і кантэкстаў.

Да дарослага хакея рахункі прынцыпова іншыя. Бо праз вядомыя — драматычныя, а месцамі і трагічныя — эксцэсы ў шырокім грамадстве надта ж змяніліся светапоглядныя акцэнты і маральныя ацэнкі. І, напрыклад, той жа Дзмітрый Баскаў у масавай свядомасці цяпер не толькі кіраўнік нацыянальнай федэрацыі, але і асоба, якую падазраюць у датычнасці да смерці мастака-пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. І якога, дарэчы, зрабілі неўязным у Латвію — і на ЧС ён проста фізічна не можа паехаць. Міхаіл Захараў цяпер таксама не толькі галоўны трэнер зборнай — ён яшчэ і чалавек, шчыльна набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі, з якім, былі часы, нават разам збіраў кавуны на галоўных агародах краіны. Дый самі гульцы, што казаць, занадта падкрэслена яшчэ мінулым летам схавалі галаву ў пясок, каб цяпер у іх бок кучна ляцелі заўзятарскія флюіды.

Дый сам чэмпіянат нясе вядомае адценне — і беларускі бок на гэтым свяце нібыта ў ролі адрынутых. Праз тыя самыя гвалт, рэпрэсіі і іншае дзяржаўнае цемрашальства турнір са скандалам забралі ў Мінска, як у кепскага гаспадара, які запляміў сябе. І з гэтым адчуваннем гульцы каманды Захарава будуць кожны раз выходзіць на латвійскі лёд. І з гэтым усведамленнем мы будзем назіраць — і за імі, і за іх супернікамі.


Нарэшце, і хакей наш хвалёны цяпер увогуле ў незайдросным становішчы. Гэта раней, у ліхія 90-я, якімі нас працягваюць страшыць, беларусы гулялі на Алімпіядзе, дзе крушылі немцаў ды французаў і заскоквалі ў васьмёрку лепшых каманд. Гэта крыху пазней, у 2002-м, нашы хлопцы агаломшылі свет, выйшаўшы ў паўфінал у Солт-Лэйк-Сіці. Удзел у Гульнях быў для беларускай хакейнай зборнай задачай-мінімум, якую яны вырашалі без шпаргалак і з заплюшчанымі вачыма.

Аднак час мінуў, і тыя, каго білі мы, цяпер б’юць нас. Класіка жанру: у Беларусі панабудавалі хакейных палацаў, панапрымалі праграм развіцця, змарнавалі дзясяткі мільёнаў долараў, каб «стратэгічны» від спорту ўзрос і стаў ледзьве не візітоўкай «моцнай і квітнеючай» Беларусі. Не ўзрос і не стаў. Бо іншыя рухаліся хутчэй і разумней, і вось ужо тыя ж немцы падымаюцца на алімпійскі п’едэстал, а беларусы больш за дзесяць гадоў наогул не могуць паехаць на Гульні. І прайграюць кваліфікацыю пазаштатнай Славеніі, дзе на ўсю невялічкую краіну паўтары дзіцячыя хакейныя школы.

Аналагічна і з чэмпіянатамі свету, дзе беларускія матывы пачуць усё цяжэй і цяжэй. Апошні раз нашы хакеісты грымнулі і мелі розгалас у 2015-м у Чэхіі, калі пераадолелі групавы раўнд, надраўшы вядомае месца самім амерыканцам. У чвэрцьфінале, праўда, ужо самі гэтае месца бездапаможна прыкрывалі — атрымалі 0:9 ад канадцаў, але ж выніковае сёмае месца спісала ўсе сітуатыўныя слабасці.

Цяпер тыя часы — нібыта ў марыве. Вады ўцякло шмат, і гэтая вада быццам падмыла гліняныя муры беларускага хакея. І зборная ўжо не тое што не замахваецца на мацнейшых, а ходзіць у андэрдогах і нават вылятае з элітнага ў другі дывізіён пад здзеклівае шматгалоссе ўласных заўзятараў.

У адрозненне ад Славеніі хакейных школ у Беларусі дастаткова. Дастаткова — каб ствараць бачнасць развіцця. І крытычна мала, каб з ўсёй іх працы мець адчувальны плён для нацыянальнай зборнай. Таму замест дзіцяча-юнацкага канвеера хакейныя чыноўнікі прызвычаіліся ўключаць іншы — міграцыйны. І раздаваць налева-направа беларускія пашпарты рознага кшталту замежнікам. І не толькі расіянам, як раней, але і заакіянскім «суайчыннікам». І беларускія заўзятары толькі і паспяваюць вывучаць прозвішчы новых беларусаў — Бэйлен, Плат, Парэ, Тэйлар, Прынс…

Для чаго тое робіцца — стары сакрэт палішынэля. Бо недзе наверсе ад зборнай традыцыйна чакаюць прарыву на ЧС, і калі аб’ектыўных перадумоў для таго не існуе, то іх трэба стварыць штучна. Інакш можна пазбавіцца пасады.

Сёння, без сумневаў, прарыву чакаюць з асаблівым нецярпеннем — таму што такая міжнародная абстаноўка склалася вакол нашай абложанай крэпасці. І, кажуць, галоўны трэнер Захараў ужо абвясціў, што павядзе каманду ледзьве не да медалёў чэмпіянату…

Ну, паглядзім, што з таго атрымаецца. Заўзець ці не — асабістая справа кожнага. Але ж тэлевізар гэтымі днямі ўсё ж уключыць варта. Спорт здаўна быў аддушынай людзей — беларусам сёння аддушына дакладна не зашкодзіць.


Фота: hockey.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: