«Чула каманду: прэсу бяром». Журналістка «Onliner» Дар'я Спевак атрымала 13 сутак

У суботу былі затрыманыя некалькі журналістаў, сярод іх карэспандэнт «Onliner» Дар'я Спевак. Яна правяла, як і калегі з Tut.by Вадзім Заміроўскі і Усевалад Зарубін, на Акрэсціна дзве ночы. Сёння суддзя Жывіца разглядзела справу Дар'і, якая абвінавачвалася ў парушэнні артыкулаў 23.4 і 23.34 КаАП (непадпарадкаванне і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), піша «Onliner».

Дар'я Спевак. Фота "Onliner"

Сведкамі ў дакументах справы значыліся Сімончык і Кушнер. Першы, па пратаколе, і затрымліваў Дар'ю.

«Я настойваю на іх асабістым удзеле ў якасці сведак, — хадайнічаў абаронца Спевак. — Яны пад капірку напісалі свае пратаколы».

Але суд вырашыў пачаць разгляд без сведак, якія не з'явіліся. З пратаколу затрымання вынікала, што Спевак прыняла актыўны ўдзел у мітынгу, чым парушыла закон аб масавых мерапрыемствах. На неаднаразовыя заклікі капітана патрульна-паставой службы Сімончыка пакінуць пэўнае месца адказала катэгарычнай адмовай, аказаўшы непадпарадкаванне.

У судзе Дар'я «катэгарычна адмаўляла» віну: «Я працавала на студэнцкім маршы спачатку ля БДУІРа. Пасля гэтага накіравалася з калегамі да МДЛУ, дзе студэнты пайшлі да скрыжавання Казлова і Незалежнасці. Каля 13 гадзін пад'ехалі некалькі мікрааўтобусаў з супрацоўнікамі ў чорным, я так разумею, гэта быў АМАП. Да мяне падышлі двое, узялі за локці і завялі ў машыну. Ніхто не прадстаўляўся — сказалі толькі: «Аддай тэлефон».

«Непадпарадкаванне аказвалі?» — «Не. Да гэтага я здымала на тэлефон, і супрацоўнікам міліцыі было не да мяне. Я ажыццяўляла сваю працу. Прычыны затрымання мне ніхто не называў, а я і ня пыталася. Чула каманду: «Прэсу бярэм», але мы ж ведаем, што не першы раз. Думала, што для праверкі дакументаў, гэта ж не першы раз журналістаў затрымліваюць.

Нас (разам з калегамі) спачатку прывялі ў аўтазак і адвезлі ў РУУС, як я разумею, Цэнтральнага раёна. Потым перавезлі ў Кастрычніцкі [раён]. Нейкі час правялі ў актавай зале, усе бачылі нашы дакументы».

— Сведкі Сімончык і Кушнер вам знаёмыя?

— Не. Мяне затрымліваў АМАП, ніякія не патрульныя.

У суд у якасці сведкі запрасілі аўтара аднаго з відэа затрымання журналісткі. «Я асабіста не знаёмая з Дар'яй. У суботу ехала на працу, стаяла на трамвайным прыпынку. Пакуль чакала транспарт, зняла каля 1 хвіліны відэа, стаўшы сведкам затрымання людзей. Не было ніякага непадпарадкавання або спроб уцячы з боку дзяўчыны — было толькі затрыманне, гэта добра відаць на відэа,» — паведаміла Тацяна, якая стала сведкай затрымання.

Абаронца прасіў адправіць справу на дапрацоўку, таму што, у прыватнасці, у двух пратаколах паказана розны час здзяйснення правапарушэння: «Атрымліваецца, што майго падабароннага затрымалі ў 13:00, потым адпусцілі, а потым зноў затрымалі ў 13:30. Акрамя таго, у журналіста ёсць права наведваць масавыя мерапрыемствы. Нормы артыкула 23.34 у першую чаргу распаўсюджваюцца на арганізацыю масавых мерапрыемстваў. Ёй ставіцца «актыўны ўдзел», што ніяк не пацвярджаецца матэрыяламі справы».

У выніку суддзя Жывіца пастанавіла: прызнаць Сьпевак вінаватай па ч. 1 арт. 23.34 і арыштаваць на 7 сутак. Яе ж прызнаць вінаватай па 23.4 КаАП і арыштаваць на 6 сутак. Салідарна — 13 сутак арышту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: