Чужая гульня

Зміцер Дашкевіч у сваім фэйсбуку разважае наконт цяперашніх выбараў і адзначае: вырасла новае пакаленне, і таму не дзіўна, што ўсе забыліся, з якімі добрымі намерамі ішлі на выбары ў 1994 годзе — любы, абы не Кебіч.



Грамадства стамілася — гэта відавочна. Такія ўжо гісторыі слухаеш штодня, так нагагочашся, як раней і за год не насмяешся. Заходжу вось да аднаго прадпрымальніка ў суседні цэх, а той распавядае мне пра дыскусію з жонкай. "Едзем на працу, разважаем, куды гэта коціцца ўсё, а яна тут раптам: "Як жа мы сітуацыю ў краіне запусцілі!" Я аж здзівіўся! Кажу ёй: "Пастой, калі гэта МЫ паспелі запусціць? Дзесяць год таму, калі ты магла сабе дазволіць і два разы на год кудысьці злётаць, усё было добра? Дзесяць гадоў таму ты галасаваць за яго хадзіла, а цяпер МЫ запусцілі? Калі быў гэты момант, як МЫ запусцілі?!" Маўчыць. Запусцілі МЫ!"

І вось што гэтыя рабацягі ці прадпрымальнікі, што палітолагі, што сацыяльныя сеткі — усе так стаміліся, што гатовы ўчапіцца за любую нітачку. Стартанула апазіцыя з праймерыз — задурылі мне рабацягі галаву "За каго галасаваць?", аж прыйшлося загітаваць усіх за байкот. Стартануў айцішнік — усхадзіліся ўсе ад шчасця. На парозе 26-га года дыктатуры адчуў сябе прэзідэнтам банкір — абамлелі ад радасці. І гэта зразумела: грамадства стамілася. У сённяшнім раскладзе любы больш-менш адэкватны публічны чалавек пераможа Жэстачайшага пры сумленным падліку галасоў.

Мінула пакаленне і таму не дзіўна, што мы забыліся, з якімі добрымі намерамі многія абіралі ў 1994 годзе Бацьку хлусні: любы, абы не Кебіч. Пасля мы крытыкавалі дэмакратычных кандыдатаў у 2001, крытыкавалі ў 2006, крытыкавалі ў 2010 — іх можна крытыкаваць і цяпер, але не сумніўна адно: усе яны белае хаця б стараліся называць белым, а чорнае — чорным. Што цяпер? Цяпер: які сцяг — не ведаю, які герб — не ведаю, чый Крым — не скажу, пра 31-ую карту пагаворым потым. А Скарына кляпаў расейскую мову, а мы ўсе адзін народ. А што Беларусь, Беларусі-та ў 1863 і не было. Разумееце, Беларусі ў 1863 не было, а выбары ў Беларусі ў 2020 ёсць — гэта фініш, хоць брахуны толькі на старце.

І няма нават сэнсу спрачацца: гэта ён так брэша, каб электарату спадабацца, ці яму такія сцяжкі выставілі — гэта нічога не мяняе, бо ўжо відавочна галоўнае: гэта чужая гульня чужых Беларусі людзей. І калі хто ў яе ўцягнуўся, не здзіўляйцеся, калі потым будзе адхадняк, які напаткаў і тых, хто праігнараваў плявузганне Брахуна ў траўні — ліпені 1994-га. Нехта думае, што такім чынам нешта дакажа Фальсіфікатару? Фальсіфікатар сфальсіфікуе ўсё, апроч пустых школ і пустых выбарчых участкаў. Але, канечне, гэта іншая тэма).

Я разумею, хочацца нешта рабіць. Я і сам раней быў перакананы: лепей рабіць хоць што-небудзь, чым не рабіць нічога. Але пасля 20 год у апазіцыі пакаяўся: лепш не рабіць нічога, чым рабіць глупства. У дадатак да ўсяго, заўважце, як лоўка палітычныя лідары за 26 год убілі нам у галаву падман: калі ты не пайшоў за намі ў кааліцыю, ініцыятыўную групу, на вуліцу — ты нічога ня робіш. Аднак патрыёт, які не ў кааліцыях, але ахвяруе на беларускія праекты — будуе Беларусь. А мама, якая размаўляе з дзіцёнкам на роднай мове — будуе Беларусь трывалей за любога вулічнага змагара. Грамадскія актывісты, якія дапамагаюць дактарам будуюць Беларусь, якой захапляешся ўжо зараз.

Я так думаю і мяркую гэта многія цяпер адчуваць: мы жывем у вызначальны час. Сёння галоўнае: ня даць сябе ўцягнуць у чужую гульню. І хай не падмануць нас, што мы нічога ня робім: мы робім многае з таго, што ў нашай моцы. А з Гарантам застою ёсць каму разабрацца — і будзьце пэўныя, праз айцішніка ці праз банкіра, але з ім разбяруцца. Хто захоча ўлезці ў гэтую разборку — атрымае і ўзнагароду разборшчыкаў. Мне здаецца, Творца гісторыі дае нам такі ж шанец, які даваў патрыётам стагоддзе таму, калі ўшчынілася разборка паміж шавіністычным царызмам і шавіністычным бальшавізмам. Нехта ўлез у гэтую бойню ды тапіў ці за белых вар'ятаў, ці за чырвоных — і падзяліў са злачынцамі іхную ўзнагароду. А патрыёты, якія не далі сябе падмануць, сабраліся ў сакавіку 1918-га і абвясцілі Незалежнасць Беларусі — і мы цяпер гэта маем.

Дык які сэнс рабіць стаўку на ката ў мяху ў чаканні непрадказальнага, калі можна ахвяраваць свае сілы, час і грошы на зразумелыя і стваральныя рэчы? Можаш падтрымаць незалежныя медыя: СМІ і блогераў — падтрымай. Можаш паўдзельнічаць у грамадскіх ці культурніцкіх кампаніях — далучайся. Маеш язык у роце размаўляць на роднай мове — размаўляй. Маеш ногі прыйсці ў Курапаты — прыйдзі. Менавіта гэта працуе на перамены, а не ўдзел у цьмяных кампаніях цьмяных кандыдатаў. Калі мы сёння не дазволім сябе падмануць, заўтра згуляем не ў чужую гульню, але ў сваю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: