Чым карысная Качанава?

Былы рэдактар СБ Павал Якубовіч сказаў, што прызначэнне Качанавай было ці не самай вялікай памылкай Лукашэнкі, пры гэтым не асабліва расшыфраваў, што ён меў на ўвазе. Сяргей Навумчык разбіраецца, чаму Качанаву можна лічыць сапраўдным падарункам апазіцыі.



Тут трэба адразу заўважыць, што Качанава не толькі займае чацвёртую, паводле Канстытуцыі, пасаду ў дзяржаве, але з'яўляецца адной з бліжэйшых давераных асобаў Лукашэнкі. Лукашэнка давярае ёй як мала каму.

Качанава – падарунак апазіцыі. У тым сэнсе, што гэта той самы выпадак, калі «што ў мазгах, тое і на языку». Яе заявы на сустрэчы са студэнтамі, прамыя, як палёт кулі з пісталета «макараў», выявілі адну вельмі важную якасць цяперашняга кіраўніцтва краіны.

Качанава шчыра заявіла, што не верыць у факты гвалту з боку сілавікоў, што лічыць бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім, што не разумее, ну вось ніяк не разумее, чаму людзі выходзяць на вуліцу.

І гэтак жа, верагодна, лічаць і іншыя, набліжаныя да «цела».

У гэтым – каласальная розніца паміж імі і атачэннем Лукашэнкі першых гадоў прэзідэнцтва, якое ведала, што бел-чырвона-белы сцяг – не фашысцкі (але яго трэба было змяніць, каб спыніць нацыянальнае адраджэнне), што дэпутаты БНФ сапраўды былі збітыя ў залі парламенту (але патрабавалася правесці рашэнне аб рэферэндуме), і што Вясна–96 з яе шматтысячнымі шэсцямі была натуральнай рэакцыяй на спробу аб’яднання Беларусі і Расіі (якое Лукашэнку было патрэбна, каб замяніць нямоглага Ельцына ў Крамлі).

Тыя былі хітрэйшымі і цынічнымі, а цяперашнія – проста цынічныя. Іх разуменне палітычных працэсаў гэткае ж прымітыўнае, як і ў сталага і вернага гледача БТ. Галасаванне было чэсным, пратэстоўцы білі АМАПаўцаў, ну а самі пратэсты арганізаваў НЕХТА з 42-мя каардынатарамі. Цяпер вось яшчэ Ціханоўская як таран NATO па развалу Беларусі (якую, заўважу ў дужках, атачэнне Лукашэнкі з радасцю аддало б Расіі, калі б быў гарантаваны Крэмль).

Вы думалі, што там, у «палацы», адпрацоўваюцца нейкія шматхадовыя аперацыі, разыгрываюцца варыянты палітычных шахматаў?

Цяпер вы ведаеце, што там усё проста – як удар дубінкай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: