Чыноўніцкія абяцанкі ці слова гонару? Як былы афганец змагаецца за жыллё

Жыхар Маладзечна, ветэран вайны ў Афганістане Антон Валуевіч за 13 гадоў выпрабаваў усе спосабы змагання за паляпшэнне жыллёвых умоў: ад зваротаў да пікетаў і галадовак, але ад уладаў увесь час чуў толькі абяцанні.

Антон Валуевіч падчас пікету. Фота: rh.by

Антон Валуевіч распавядае, што трапіў на вайну ў Афганістан 18-цігадовым хлопцам у траўні 1980-га года і прабыў там сем месяцаў. Цяпер, праз столькі гадоў, ён кажа, што не пажадае перажыць гэтага нават самаму лютаму свайму ворагу.

— Мы былі проста дзеці. Нам казалі, што мы — міратворцы, будзем ахоўваць межы. Ахова скончылася тым, што я практычна калека. І калі цела зажывае, то з сэрца ўспамінаў не выкінеш. І цяпер, атрымліваецца, што ніхто не вінаваты, а ты рабі, што хочаш, — кажа мужчына.

Падчас службы Антон Валуевіч атрымаў цяжкую кантузію. Пасля, у 35 гадоў, яго зваліў інсульт — даводзілася наноў вучыцца хадзіць, размаўляць, думаць. Але мужчына даў сабе слова, што ўстане на ногі — і зрабіў гэта.

— Тады маладзечанская МРЭК адмовілася даваць мне групу інваліднасці і адправіла на абласную камісію. Там мяне абследавалі. У мяне перабітыя ногі: у адным сцягне — куля, у другім — нож. Мне далі пажыццёвую інваліднасць. Дзе яшчэ такое бывае — каб чалавеку, які ходзіць, давалі інваліднасць бестэрмінова? Людзей без ног выклікаюць на камісію штогод! — заўважае Антон Мечыслававіч і паказвае пасведчанне аб інваліднасці.



Цяпер Антон Валуевіч жыве ў Маладзечне ў інтэрнатным пакоі. Больш за 13 гадоў ён дамагаецца ад дзяржавы паляпшэння жыллёвых умоў. У 2008 годзе ён прыязджаў у Мінск на сустрэчу з Уладзімірам Макеем, які на той час займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля гэтага, па словах мужчыны, Макей даў указанне цягам года забяспечыць Валуевіча жыллём, а да гэтага часова пасяліць яго ў інтэрнаце. Гэтае «часова» цягнецца да сёй пары, а чыноўнікі толькі кормяць абяцанкамі. Спачатку яго ставілі на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, потым з невядомых прычын здымалі з яе. Таксама Антон Валуевіч быў уключаны ў жыллёва-будаўнічы вытворчы кааператыў, але быў выключаны адтуль за нясплату ўнёскаў. Кажа, не мог заплаціць, бо ляжаў у бальніцы і ўсе заробленыя грошы сыходзілі на лячэнне. Справа ў тым, што з войска ён прывёз гепатыт С, які да нядаўняга часу быў невылечным. Толькі год таму ён пазбавіўся ад хваробы.

— У мяне сям’я, але мы з жонкай жывем асобна, яна не можа жыць у інтэрнаце! Цяпер яна жыве са сваёй мамай і былым мужам. А яшчэ ў мяне мама, ёй 93 гады, я хачу забраць яе да сябе, — тлумачыць Антон Валуевіч жаданне атрымаць уласнае жыллё.

Раней ветэраны вайны ў Афганістане мелі шэраг ільготаў ад дзяржавы, у тым ліку маглі прэтэндаваць на бясплатнае жыллё. Але ў 2008 годзе былі ўнесеныя змены ў закон «Аб ветэранах» і многія прывілеі, у тым ліку на жыллё, афганцам скасавалі.

Цяпер, як удзельнік вайны, Антон Валуевіч мае субсідыю ад дзяржавы. А паколькі ён пражыў у інтэрнаце больш за 10 гадоў, то мае права яшчэ і на дзяржпадтрымку. Такім чынам можна было пабудаваць кватэру — але ў гэтым, па словах Валуевіча, яму адмовілі, больш за тое, напісалі, што ён адмовіўся ад прапановы будаўніцтва сам.

— Я нармальны чалавек, калі б мне прапаноўвалі будавацца за свае грошы з дзяржаўнай падтрымкай — хіба я б адмовіўся? — пярэчыць мужчына.  

Адмовіўся ён хіба што ад прапановы пасяліцца ў інтэрнаце ў вёсцы Мароські Маладзечанскага раёна — кажа, там жывуць былыя зняволеныя.

Антон Мечыслававіч ужо выкарыстаў усе магчымыя формы дыялогу з уладамі: ад зваротаў і сустрэч да галадовак і пікетаў. Летась у лістападзе Антон Валуевіч выйшаў з плакатам да Маладзечанскага райвыканкама, яго затрымалі на дзень, а потым пакаралі штрафам. Пасля гэтага ў рэгіянальных СМІ сталі пісаць, нібыта Валуевічу неаднаразова прапаноўвалі жылплошчу, а ён ад усяго адмаўляўся.

Таксама, са спасылкай на старшыню маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Ігара Арабея, газета піша, што Валуевіч меў званне старшага сяржанта, быў дальнамершчыкам Вайсковай палявой пошты 696 у 201 дывізіі артылерыйскага палка. Але Антон Валуевіч сцвярджае, што гэта — хлусня: ён служыў у роце спецназа ДРУ у складзе міратворчага корпуса ў трэцім гвардзейскім разведвальным батальёне і меў званне старшага лейтэнанта. У доказ сваіх словаў паказвае дакумент з цэнтральнага архіву Мінабароны Расіі.

Паведамляецца таксама, што інваліднасць Валуевіча не звязаная з баявымі дзеяннямі. На гэта спасылаюцца і чыноўнікі, выключаючы Валуевіча з асобнага спісу грамадзян, якія маюць права на сацыяльнае жыллё.

— У тыя часы мы давалі страшныя распіскі, што не дай Бог мы камусьці скажам, што былі параненыя — не будзе ні інстытута, нічога. Я спрабаваў атрымаць афіцыйнае пацверджанне, звяртаўся ў Маскву, але адтуль прыйшлі адказы, што да 1981 года вайны ў Афганістане як такой не было, — тлумачыць мужчына адсутнасць доказаў раненняў падчас баявых дзеянняў.

Ветэран перакананы, што ён мае рацыю і збіраецца змагацца за жыллё да канца. Ён згодны ўжо нават не на аднапакаёвую кватэру, а на блок у інтэрнаце, але і ў гэтм яму адмаўляюць, бо, паколькі ён пражывае адзін, жыллё большай плошчы яму прадаставіць не могуць.

«Новы Час» спрабаваў звязацца з адказнай за жыллёвую сферу намесніцай старшыні Маладзечанскага райвыканкама Святланай Валько, каб атрымаць афіцыйны каментар адносна сітуацыі Антона Валуевіча. Аднак па тэлефоне Святлана Уладзіміраўна адказваць на пытанні адмовілася, а на пісьмовы запыт мы так і не атрымалі адказу.

Чарговы спадзеў Антон Валуевіч атрымаў 4 лютага, калі прыйшоў на прыём да памочніка кіраўніка дзяржавы — інспектара па Мінскай вобласці Ігара Яўсеева. Той паабяцаў ветэрану, што яго жыллёвае пытанне станоўча вырашыцца цягам 10 дзён.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: