Чыноўнікаў хочуць абавязаць адказваць на мове звароту не толькі пісьмова, але і вусна

У інтэрнэце створана петыцыя, каб замацаваць статус беларускай мовы і абавязаць дзяржслужбоўцаў адказваць на мове звароту ў любым выпадку, вусна і пісьмова.
Аўтары петыцыі адзначаюць, што прыняты ў 2011 годзе Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» замацоўваў права заяўнікаў атрымліваць пісьмовыя адказы (паведамленні) на пісьмовыя і электронныя звароты на мове звароту. Але названы закон меў палавінчаты характар: грамадзяніну было гарантавана даць адказ на мове звароту (дзяржаўнай) толькі ў пісьмовай ці электроннай форме, што не абараняла правы беларускамоўных грамадзян краіны.

Разам з тым права на паступленне на дзяржаўную службу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі ў неабходным аб'ёме. Таму лагічным аўтары петыцыі лічаць дапрацаваць заканадаўства ў частцы права грамадзян атрымліваць адказы на мове звароту ў дзяржаўныя органы, незалежна ад формы падачы зварота — вуснай ці пісьмовай.

Пасля падпісання зварот накіруецца ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, а таксама ў Палату прадстаўнікоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!