Чыноўнікі распавялі, калі ў мінскіх школах прагучыць першы званок

Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў і пачатку навучальнага года, плануецца правесці ў сталічных установах адукацыі 1 верасня. 
Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 22 жніўня начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай працы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец.

— Міністэрствам адукацыі Беларусі рэкамендавана правесці ўрачыстыя лінейкі на выбар мясцовых органаў улады: 31 жніўня альбо 1 верасня. Мінск пайшоў па шляху шырокага абмеркавання даты правядзення гэтых мерапрыемстваў, прысвечаных пачатку навучальнага года, з педагогамі, прадстаўнікамі адміністрацый раёнаў, бацькамі. У нас вельмі шмат першакласнікаў, і вельмі важна, каб у гэты дзень бацькі маглі быць побач з дзецьмі, — сказала Ганна Рысявец.

У гэты ж дзень плануюцца тэматычныя сустрэчы кіраўнікоў адміністрацый са школьнікамі, пройдуць мерапрыемствы на базе ўстаноў сацыякультурнай сферы і знакавых пляцоўках горада.

3 верасня ў школах і гімназіях сталіцы ў рамках Года малой радзімы правядуць тэматычныя ўрокі па адзінай тэме «Мне выпала шчасце тут нарадзiцца». Педагогі плануюць інтэрактыўныя ўрокі, урокі-экскурсіі на вуліцы, названыя ў гонар герояў.

Сёлета ў Мінску за парты сядуць больш за 23 тысячы першакласнікаў.

Паводле «Минск-Новости»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: