Чырвона-зялёны кіт: суіцыд для працоўнага класа

Ствараецца ўражанне, што беларуская ўлада пачала гуляць са сваімі грамадзянамі ў суіцыдальную гульню пад назвай «чырвона-зялёны кіт», дзе гульцы — усё працаздольнае насельніцтва Беларусі. У 2015 годзе скончылі жыццё самагубствам 1394 жыхары Беларусі. У 2016-м — ужо 2042. Колькі суіцыдаў будзе ў 2017-м?

Фота www.ntv.ru

Такі раптоўны рост колькасці самагубстваў для Беларусі — з'ява новая. Па сцвярджэннях спецыялістаў, з 2002 па 2013 гады гэты паказчык знізіўся на 39,6% — з 33,3 да 20,1 выпадку суіцыдаў на 100 тысяч насельніцтва. Да 2014 года, па дадзеных Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, было зарэгістравана ўсяго 18,3 выпадкі на 100 тысяч чалавек.

Гэта значыць, за 12 гадоў (з 2002 па 2014) у змрочнай статыстыцы назіраліся пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, якія былі перакрэсленай літаральна за некалькі гадоў. Беларусь быццам бы ператварылася ў рэспубліку суіцыдаў, многія з якіх сталі досыць рэзананснымі і атрымалі шырокую агалоску ў СМІ.

І, як ні дзіўна, большасць самагубцаў, пра якіх стала вядома дзякуючы незалежным інфармацыйным рэсурсам — гэта наёмныя працаўнікі і беспрацоўныя. Словам, тыя, каго прынята называць «сацыяльна ўразлівымі» пластамі насельніцтва.

У Рэчыцы 20 чэрвеня проста на працоўным месцы павесіўся 22-гадовы працаўнік ААТ «Рэчыцадрэў». Цела было знойдзена раніцай, у адным з вытворчых будынкаў ААТ «Рэчыцадрэў» працаўнікамі прадпрыемства. Прыкладна ў 6 гадзінаў паведамленне пра гэта паступіла ў Рэчыцкі РАУС. Можна падумаць, што інцыдэнт адбыўся з-за экзістэнцыяльных перажыванняў загінулага пралетара, але высвятляецца, што рэальная зарплата ў Рэчыцы ўпала і жыць не стала ні лепш, ні весялей. Супадзенне? Не думаю…

Гучная справа, якая ўскалыхнула Беларусь у чэрвені гэтага года, — самаспаленне працаўніцы «Камінтэрна» ў Гомелі. Прадпрыемства ўсяляк спрабавала перакласці адказнасць з сябе на нібы існаваўшыя ў жанчыны праблемы з псіхікай ды іншыя акалічнасці, якія не залежаць ад кіраўніцтва «Камінтэрну». Але апошнія словы самазабойцы чулі ўсё: «У мяне скралі 18 гадоў стажу», а потым яшчэ высветлілася, што на «Камінтэрне» ў яе забралі палову стаўкі. Два выпадкі — яшчэ не заканамернасць?

У верасні 2016 года ў Бабруйску на заводзе павесіўся 38-гадовы слесар — пасля атрымання разліковага лістка з мінусавым заробкам.

Вэрхалу нарабіў і той самы Дэкрэт №3 пра дармаедства. У Рагачове жанчына павесілася пасля атрымання ліста з падатковай з патрабаваннем аплаціць гэты падатак. Знаёмыя загінулай сцвярджалі, што сам «ліст шчасця» можа і не быў прычынай, а стаў для яе ўсяго толькі апошняй кропляй. Следчыя органы, зрэшты, тады заявілі, што самагубства не мае дачынення да падатку на «сацыяльных утрыманцаў».

Але вось яшчэ адзін выпадак у Асіповічах! У кастрычніку 2016 года 60-гадовы Айвар Яскевіч заплаціў 360 рублёў «падатку на дармаедства», а 6 снежня выкінуўся з пятага паверху сваёй кватэры. На стале пакінуў ліст і пацвярджэнне аплаты «падатку на дармаедаў». Там было напісана: «Я ніколі не быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыццё сумленна працаваў».

Вось і атрымліваецца, што на кожную з праблем (Дэкрэт №3, нізкія заробкі, працоўны стаж) прыпадае па суіцыду, а то і па некалькі выпадкаў.

Памятаеце, нядаўна інтэрнэт быў поўны навінамі пра «суполкі смерці» ў сацыяльных сетках і гульню «Сіні кіт», у якой апошнім заданнем для гульца быў суіцыд? Ствараецца ўражанне, што беларуская ўлада пачала гуляць са сваімі грамадзянамі ў суіцыдальную гульню пад назвай «чырвона-зялёны кіт», дзе гульцы — усё працаздольнае насельніцтва Беларусі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аналітык.
  • 2017-08-15 21:56:34
Добрая нататка. Дарэчы, за рэпост пра самагубства Айвара Яскевіча спрабавалі судзіць жанчыну. Маўляў, рэпостнула забароненую групу анархістаў "Прамень". Гэта значыць, што ўлады будуць радыя скрыць гэты факт. Чакаем у хуткім часе маніпуляцый са статыстыкай.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: