«Чырвонакніжнікі» ў небяспецы: Мінпрыроды плануе змены ў прыродаахоўным заканадаўстве

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выказвае занепакоенасць праектам пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў, якая можа быць прынятая ўжо на наступным тыдні. Дакумент змяняе правілы аховы відаў, унесеных у Чырвоную кнігу. Большасць змен аслабляе абарону рэдкіх жывёл.

Чорны бусел. Фота Мікалая Вараб'я з сайта nickvorobey.com

Змены плануецца ўнесці ў Тэхнічны кодэкс 2014 года “Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Жывёльны свет. Правілы аховы дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і да месцаў іх пасялення”. Мяркуецца скарачэнне ахоўных зонаў вакол месцаў рассялення пражывання і гнездавання “чырвонакніжных” відаў: бліжэй да гнёзд будуць дазволеныя паляванне, суцэльныя высечкі лесу і іншая дзейнасць. Гэта практычна нівелюе эфект статусу ахоўнага участка. Змены ў заканадаўстве закрануць не толькі рэдкіх птушак, але і іншых “чырвонакніжных” жывёл і раслін.

Праект пастановы прадугледжвае і станоўчыя змены: дадатковыя абмежаванні на гаспадаранне ў месцах рассялення некаторых жывёл, рэгламентацыю выпальвання травы. Аднак большасць прапанаваных змен аслабляе ахову “чырвонакніжнікаў”. Напрыклад, плануецца зняць забароны на паляванне ў месцах залягання мядзведзяў у бярлогі і ў месцах, дзе рысі прыносяць прыплод. Гэта пагражае не толькі жывёлам: калі мядзведзя выпадкова абудзяць узімку, то галодны звер можа нападаць і на людзей.

Прапануюць абмежаваць забароны на прамысловае рыбалоўства на нераставых участках сцерлядзі, сёмгі і кумжы. На ўчастках, дзе жывуць жук-алень і вялікі дубовы вусач, хочуць дазволіць нарыхтоўку сухой драўніны, якая акурат патрэбна для лічынак гэтых жукоў. Могуць пагоршыцца нават умовы жыцця зуброў, падавалася б, недатыкальнага сімвала Беларусі: прапануюць скасаваць забароны на паляванне блізу падкормачных пляцовак і на выкарыстанне ўгнаенняў.

 

Валерый Дамброўскі. Фота Алены Ляшкевіч

Замест забароны на паляванне ў межах гнездавання рэдкіх птушак прапануецца рэкамендаваць зоны спакою, што неабавязкова для выканання. Супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Валерый Дамброўскі, які ўдзельнічаў у стварэнні дзейснага тэхнічнага кодэкса, адзначыў, што новым дакументам ахоўныя зоны вакол гнёздаў некаторых рэдкіх птушак мяркуецца скараціць практычна ў тры разы. А гэта значыць, што птушкі могуць пакінуць гнёзды: для гэтага нават неабавязкова чапаць саміх жывёл, дастаткова высекчы лапік лесу на ўскрайку новай ахоўнай зоны, змяніўшы такім чынам іх асяродак.

Валерый Дамброўскі кажа: “Беларусь доўгі час шмат у чым была прыкладам для іншых краін, дзе праблема абавязаць уладароў прыватных лясоў выконваць прыродаахоўныя нормы. Прыватнік можа ўвогуле ўсё высекчы і зрабіць поле. А ў нас лясгасы вельмі паважна ставяцца да аховы рэдкіх відаў на сваёй тэрыторыі”.

Беласпінны дзяцел. Малюнак з Чырвонай кнігі 2006, redbook.minpriroda.gov.by

Напрыклад, беласпінны дзяцел адносна часта сустракаецца ў Беларусі, хаця па ўсёй Еўропе знікае. У чым справа? Гэтыя птушкі вельмі любяць лісцвянік, а ў шведскіх і фінскіх лясах яго высякаюць, пакідаючы больш камерцыйна каштоўныя хваёвыя пароды. Беласпінны дзяцел папросту не выжывае ў змененым асяродку, хаця на яго ніхто не палюе. Замежныя аматары назірання за птушкамі, наведваючы Беларусь, абавязкова хочуць пабачыць беласпіннага дзятла. У нас таксама ёсць праблема дамінавання хваёвых парод, што ўжо прывяло да эпідэміі сасновых і яловых жукоў-караедаў.

 

 Аляксандр Вінчэўскі. Фота Алены Ляшкевіч


Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі лічыць, што працэс прыняцця зменаў у прыродаахоўнае заканадаўства варта прыпыніць і правесці грамадскае абмеркаванне з удзелам навукоўцаў і прадстаўнікоў прыродаахоўных грамадскіх арганізацый: “На жаль, слухаюць у першую чаргу не Акадэмію навук і не Ахову птушак Бацькаўшчыны, а паляўнічых, якія абяцаюць валюту ў краіну. Але прыбыткі, атрыманыя ад палявання, не пакрываюць выдаткі лясных гаспадарак на стварэнне ўмоў для яго. Па Законе аб жывёльным свеце, упаўнаважаныя дзяржаўныя ворганы павінны спрыяць удзелу грамадзян у рашэнні пытанняў, звязаных з аховай і выкарыстаннем жывёльнага свету”.

Учора адбылася сустрэча дырэктара АПБ з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам. Мінпрыроды пагадзілася дэталёва абмеркаваць прапановы грамадзкасці і адпаведную аргументацыю.

Фота з сайта сезоны-года.рф

Станоўчым прыкладам па ахове прыроды ў лясах Аляксандр Вінчэўскі лічыць Германію, дзе прыкладна палова лясоў дзяржаўныя, і ў іх гаспадаранне адначасова і экалагічнае, і прыбытковае. Часткова гэта забяспечваецца ўдзелам грамадства: знайшоўшы гняздо нейкага рэдкага віду, дастаткова паведаміць леснікам, каб месца рассялення было ўзятае пад ахову. У Беларусі ж адміністрацыйныя працэдуры надання ахоўнага статусу ўчастку вакол гнязда часам расцягваюцца на гады.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: