Да 10 класа гімназіі не будуць адрознівацца ад школ. Іспыты ў 5 клас адменяць

Гімназіі ў Беларусі зачыняць не будуць, але экзамены для паступлення туды пасля чацвёртага класа адменяць. Пра гэта TUT.BY паведамілі ў Міністэрстве адукацыі. У гімназіі дзеці будуць трапляць паводле тэрытарыяльнай прыкметы, гэта значыць паводле прапіскі. Больш за тое, аж да старэйшай школы ў гімназіях і школах будзе аднолькавая праграма.
У Міністэрстве адукацыі пракаментавалі чуткі пра тое, што гімназіі будуць закрывацца. Учора на гэты конт пісьменніца Яўгенія Пастэрнак выступіла з адкрытым лістом на адрас міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

Гімназіі зачыняцца не будуць, яны застануцца як установы адукацыі, — паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая. — Але адмяняем экзамены пасля чацвёртага класа. Уступных экзаменаў у пяты клас не будзе. Няхай людзі не трацяць грошы і не рыхтуюцца.

Нават цяпер Васіль Іванавіч Жарко (віцэ-прэм'ер Беларусі) сказаў: скажыце ўсім, што ніякіх экзаменаў пасля 4 класа няма, дзеці павінны мець аднолькавы доступ да атрымання адукацыі.

У Міністэрстве адукацыі дадаюць, што паступаць у гімназіі навучэнцы будуць па тэрытарыяльнай прыкмеце, гэта значыць па прапісцы.

— А калі чалавек не прапісаны побач з гімназіяй, то як яму туды трапіць?

— А навошта «трапляць» у гімназію, калі ў школах і гімназіях будзе аднолькавая праграма?

У Мінадукацыі адзначаюць, што ад звычайных школ гімназіі будуць адрознівацца праграмай пасля дзявятага класа. Пасля яго ж будзе і профільная адукацыя.

— Пасля дзявятага класа будзе незалежны экзамен і вось тады ўжо будзе паступленне або ў гімназію, ці далей, — адзначаюць у міністэрстве. — Дапусцiм, я з іншай школы і хачу паступіць у гімназію. Будуць паступаць туды не пасля чацвёртага класа, а пасля дзявятага. Каб дзеці самі матывавана выбіралі сабе тую праграму навучання, якая ім цікавая. Пасля дзявятага — або гімназія, ці школа базавая, ці прафтэхвучылішчы. Гэта ўжо, лічы, дарослы чалавек, які сам можа вызначыцца.

Зрэшты, кажа Людміла Высоцкая, пытанне, калі менавіта будуць здаваць іспыты ў гімназію, яшчэ вырашаецца. — Можа, і пасля восьмага класа. Тут трэба паглядзець, каб была падрыхтоўка.

У Мінадукацыі адзначаюць, што міністр наконт гімназій ужо прыняў рашэнне, а пытанне адмены экзаменаў пасля чацвёртага класа цяпер вырашаюць на заканадаўчым узроўні.

У міністэрстве адзначаюць, што навучальныя планы школ і гімназій ўжо зараз маюць мінімальныя адрозненні:

— У чым адрозненні навучальнага плана на 2017-2018 навучальныя гады ў гімназіях і школах? У гімназіях на вывучэнне замежнай мовы ў 5-9 класах выдзяляецца пяць гадзін супраць трох гадзін у школах. І па матэматыцы ў 8 і 9 класах — 5 гадзін супраць 4-х гадзін у школах.

Людміла Высоцкая адзначае:

 Сёння ў шматлікіх бацькоў ёсць памылковае меркаванне, што ў гімназіях нешта вывучаецца на павышаным узроўні па параўнанні са звычайнымі школамі. Адрозненні мінімальныя. А добры калектыў выкладчыкаў сёння можа быць і ў звычайных школах. А то сёння мы з гімназій робім нейкую эліту. Мы хоць і гаворым, што ўсё празрыста пры паступленнях у пяты клас у гімназіі, але сёння ступень карупцыі ніхто не адмяняў. І калі слабае дзіця паступае ў гімназію, то потым на фоне моцных дзяцей ён занадта ўжо вылучаецца. Так, у гімназіях ёсць профільныя класы, дзе ідзе паглыбленае навучанне, так гэтыя профільныя класы мы хочам зараз ствараць і ў звычайных школах, як гэта было раней: матэматычны, гуманітарны…

***

У пачатку кастрычніка гэтага года віцэ-прэм'ер Васіль Жарко выказваўся пра магчымую адмену ўступных экзаменаў у гімназіі пасля чацвёртых класаў.

 Сёння дзеці, якія паступаюць пасля чацвёртага класа ў гімназіі, атрымліваюць стрэс і не разумеюць, навошта ім гэта трэба. Я лічу, што дзеці павінны мець роўныя ўмовы для атрымання адукацыі, — заявіў ён.

Раней з такой прапановай выступіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Гэта агучылі на Рэспубліканска нарадзе яшчэ ў жніўні 2017 года.

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!