Да 2020 года хуткі інтэрнэт мусіць з'явіцца ў кожнай беларускай вёсцы

Кожны населены пункт, дзе пражывае 300 чалавек і болей, мусіць быць забяспечаны доступам да шырокапалоснага інтэрнэту.

Такі сацыяльны стандарт уводзіцца пастановай Саўміна №802, 24 лістапада апублікаванай на Нацыянальным прававым партале, перадае euroradio.fm.

Папярэдняя рэдакцыя пастановы прадугледжвала абавязковы доступ да шырокапалоснага інтэрнэту для мястэчак, дзе пражывае не менш за 1,5 тысячы чалавек. Цяпер даіць казу і адначасова глядзець любімы серыял у full HD, ці слухаць музыку на Spotify, пакуль даеш свінням, змогуць і жыхары вялікіх вёсак.

Раней у пастанове быў прапісаны тэрмін, да якога сацыяльныя стандарты мусяць быць выкананыя. Цяперашнімі папраўкамі гэты радок прыбраны. Замест яго з’явілася згадка аб праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года.

Сама сістэма сацыяльных стандартаў з'явілася ў 2003 годзе. Прапісаныя ў ёй стандарты часта змяняюцца. Параметры, якія яна прадугледжвае з'яўляюцца абавязковымі для арганізацый усіх формаў уласнасці, а не толькі для дзяржаўных. Яны ж ўплываюць на фарміраванне рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Паводле Белстат, у Беларусі тэхналогіі шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт выкарыстоўваюць 10,4 млн абанентаў, або 88% агульнай колькасці, перадае belapan.by. Паводле звестак выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у 2017 годзе 74,4% насельніцтва ад 6 да 72 гадоў з`яўляліся інтэрнэт-карыстальнікамі, а 73,1% інтэрнэт-карыстальнікаў выходзілі ў сетку штодня.

Колькасць абанентаў сетак сотавай рухомай электрасувязі, якія скарысталіся паслугамі сеткі перадачы даных з выхадам у інтэрнэт па шырокапалосным доступе, на канец 2017 года склала 7,2 мільёна, або 83,7% ад агульнай колькасці абанентаў сетак сотавай рухомай электрасувязі, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!