Да 2045 года Беларусь страціць амаль мільён жыхароў працаздольнага ўзросту

Сёння ў Беларусі пражывае каля 6 мільёнаў грамадзян працаздольнага ўзросту. Да 2045 годзе іх колькасць скароціцца да 5 мільёнаў.
Такія дадзеныя прадставілі супрацоўнікі Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова і Леў Львоўскі падчас сустрэчы Клуба дзелавой журналістыкі, праведзенага ў рамках праекта «Адкрыты дыялог». Сустрэча была прысвечана ўзаемнай залежнасці дэмаграфіі і эканамічнай палітыкі.


Насельніцтва спыніць рост


Як растлумачыў Леў Львоўскі, насельніцтва Зямлі расце. Яго экспаненцыяльны рост у бліжэйшай перспектыве працягнецца і колькасць людзей на планеце дасягне 10 мільярдаў. Аднак гэта — апошняя эпоха экспаненцыяльнага росту насельніцтва. «Ужо цяпер у развітых краінах дадзенае свята жыцця скончылася. Нараджальнасць там памяншаецца», — канстатаваў эксперт.


Паводле яго слоў, рост насельніцтва Еўропы даўно забяспечваецца за кошт міграцыі.

Чакаецца, што ў хуткай будучыні ў краінах, што развіваюцца, насельніцтва таксама перастане расці.

Пры гэтым паміж дэмаграфіяй і эканомікай існуе ўзаемная залежнасць. Як адзначыў Леў Львоўскі, дэмаграфія ўплывае на рост насельніцтва, працоўную сілу, пенсіі, адукацыю і ахову здароўя. У сваю чаргу эканоміка ўплывае на нараджальнасць, шлюбы і разводы, баланс сіл і падзел працы ў сям'і.

Эксперт так апісаў этапы эканоміка-дэмаграфічнага развіцця грамадства ў свеце: экстэнсіўны рост (пачатак часоў — 1800); «Дэмаграфічны пераход»; інтэнсіўны рост (1950 — нашы дні) у ходзе якога стаў назірацца высокі ўзровень вяртання ад інвестыцый у якасць насельніцтва.

Па словах Льва Львоўскага, у выніку «дэмаграфічнага пераходу» адбылося памяншэнне колькасці дзяцей у часткі насельніцтва на карысць іх якасці. Аднак з-за павышэння даходаў у часткі людзей адбылося павелічэнне колькасці дзяцей.

Пры гэтым эканаміст звярнуў увагу, што чым больш ВУП на душу насельніцтва ў дзяржаве, тым менш там сярэдняя нараджальнасць. У якасці тлумачэння дадзенай тэндэнцыі супрацоўнік BEROC распавёў пра два механізмы, што ўплываюць на спад нараджальнасці, якія ў свой час апісаў нобелеўскі лаўрэат Гэры Бекер.

Першы механізм — уплыў якасці на колькасць. Цяпер бацькі літаральна знаходзяцца перад выбарам: нарадзіць адно дзіця і даць яму якасную адукацыю або нарадзіць пяць, але грошай на ўсіх будзе не хапаць.

Другі механізм называецца «альтэрнатыўныя выдаткі». Ён мае на ўвазе, што чым багацейшая жанчына, тым больш дарагім будзе для яе дзіця. Бо кожная гадзіна, выдаткаваная на дзіця, стане для яе даражэйшай.

Беларуская дэмаграфічная яма


Беларусі еўрапейскія дэмаграфічныя трэнды не чужыя. Як патлумачыла акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова, Беларусь уваходзіць у лік еўрапейскіх краін, дзе нараджальнасць (сярэдні каэфіцыент нараджальнасці) менш за 2. А для ўзнаўлення дадзены паказчык павінен быць хаця б 2,1.

У нашай краіне, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, таксама досыць невысокая чаканая працягласць жыцця.

З пазітыўных якасцяў, уласцівых Беларусі, можна адзначыць добры ўзровень занятасці жанчын, які назіраецца яшчэ з часоў СССР.

Аднак дэмаграфія зручная тым, што на падставе яе паказчыкаў можна досыць дакладна казаць пра эканамічныя выклікі будучыні.

Па словах Кацярыны Барнуковой, з-за скарачэння і старэння насельніцтва, ВУП Беларусі у 2050 годзе будзе на 16% ніжэйшы за патэнцыйны. Пры гэтым, калі сёння ў Беларусі пражывае каля 6 мільёнаў грамадзян працаздольнага ўзросту (ад 20 да 64 гадоў), то да 2045 года іх колькасць скароціцца да 5 мільёнаў.

Паводле прадстаўленых Кацярынай Барнуковой графікаў, да 2045 года дэмаграфічная нагрузка на працуючых беларусаў практычна падвоіцца. Калі зараз на 100 працаздольных жыхароў краіны прыпадае каля 23 пенсіянераў і 25 дзяцей, то да 2045 года на 100 чалавек працаздольнага ўзросту будзе прыходзіцца 40 пенсіянераў і 24 дзіцяці.

Адпаведна, Беларусь будзе чакаць рост дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.


Каб забяспечыць пенсіянераў пенсіямі, у BEROC бачаць неабходнасць у правядзенні параметрычных і структурных рэформаў.

Сярод параметрычных: узняцце пенсійнага ўзросту — да 65 і для мужчын, і для жанчын; узмацненне жорсткасці патрабаванняў па стажу (20 гадоў); скарачэнне ўзроўню замяшчэння (адносіны сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты 40%); змена падаткаў, магчыма, у бок павелічэння.

Сярод структурных рэформаў: стварыць сістэму другога ўзроўню, якая прадугледжвае абавязковыя назапашванні ў дзяржаўны Пенсійны фонд; стварыць сістэму трэцяга ўзроўню, якая прадугледжвае добраахвотныя назапашванні ў прыватныя пенсійныя фонды.

Зразумела, у ходзе рэфармавання для людзей павінны быць створаны спадарожныя ўмовы. Бо сёння, як прызнала Кацярына Барнукова, «трэба быць вельмі праактыўным чалавекам, каб яшчэ штосьці зберагаць».

У той жа час на рынку працы ў перспектыве будзе больш пажылых людзей. Аднак, як адзначыла эканаміст, калі дзядулі і бабулі будуць пазней выходзіць на пенсію, іх роля ў выхаванні унукаў стане памяншацца. А гэта таксама можа ўплываць на нараджальнасць.


Дэкрэтнае пытанне

Акадэмічны дырэктар BEROC нагадала, што ў Беларусі — адзін з самых доўгіх аплатных дэкрэтных адпачынкаў у свеце. Напрыклад, у той жа Расіі «дэкрэт» таксама складае тры гады. Аднак толькі палова яго аплачваецца.

Кацярына Барнукова прадэманстравала дыяграмы, на якіх быў паказаны ўплыў росту дэкрэтных адпачынкаў на нараджальнасць. Пасля таго, як у СССР дэкрэтны адпачынак ў 1982 годзе быў павялічаны з 1 года да 1,5 гадоў, нараджальнасць сапраўды падскочыла. Аднак пасля падаўжэння гэтага водпуску ў 1989 годзе да трох гадоў, дадзенага эфекту назіраць не давялося, магчыма, з-за эканамічных праблем «ліхіх 90-х».


«Мы не ведаем эфекту ўплыву павелічэння дэкрэтнага водпуску на нараджальнасць», — канстатавала Кацярына Барнукова.

У той жа час эканамісты пралічылі ўплыў «дэкрэта» на беларускую эканоміку. Нагадаем, даследаванне, праведзенае Кацярынай Барнуковай і Львом Львоўскім паказала, што агульны эканамічны эфект ад пераходу з трохгадовага да двухгадовага дэкрэтнага водпуску можа дасягнуць 2,7% ад ВУП. Па логіцы, вызваленых грошай з лішкам хапіла б на стварэнне новых ясельных груп, дзіцячых садоў, а таксама на камплектацыю іх педскладам і нянькамі. Але гэта — па логіцы.

«Людзі не вераць, што дзяржава пусціць вызваленыя грошы на будаўніцтва ясляў», — прызнаў Леў Львоўскі.

Паводле thinktanks.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: