Да 6 гадоў турмы. Вынеслі прысуды ў справе тэлеграм-канала «Армія з народам»

Актывісту «Народнай грамады» Сяргею Спарышу прысудзілі 6 гадоў узмоцненага рэжыму, паведамляе «Свабода».
Сяргей Спарыш 

Сяргей Спарыш 

Антаніне Канавалавай і яе мужу Сяргею Ярашэвічу — па 5 гадоў і 6 месяцаў зняволення. Антаніна будзе адбываць тэрмін у калоніі агульнага рэжыму, Сяргей — узмоцненага.

Сяргею Коршуну і Яўгену Прывалаву — па 4 гады і 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Падсудных абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і падрыхтоўцы беспарадкаў. 

Жонка Сяргея Спарыша

Сяргея Спарыша вінавацяць яшчэ і ў тым, што ён перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркаму.

Адміністратара канала «Армія з народам» Яўгена Прывалава ўзялі пад варту адразу пасля агучвання прысуду. Да таго ён быў пад падпіскай і адзіны з падсудных не знаходзіўся ў жалезнай клетцы. Падсудныя, паводле прысутных, сустрэлі прысуд моўчкі.

Абаронцы ўсіх пяці абвінавачаных прасілі для сваіх кліентаў апраўдальных прысудаў.

Тэлеграм-канал «Армія з народам» узнік у чэрвені 2020 году. МУС закідае яму каардынацыю пратэстаў і супраціву сілавікам.

Маці Сяргея Спарыша Жана сказала, што не чакала іншага прысуду 

Маці Сяргея Спарыша

«Не было сумненняў, бо суды падпарадкаваныя бесчалавечнай сістэме і даюць дакладна такія тэрміны, якія агучваюць пракуроры».

Жана Спарыш прысутнічала на ўсіх пасяджэннях і зрабіла выснову, што віна яе сына не была даказаная.

«Не пачула ніякіх доказаў, акрамя агульных размоваў. Прыкладам, яго вінавацілі ў стварэнні перашкод Цэнтрвыбаркаму. Дык усе бадай беларусы кажуць у размовах тое ж, што казаў мой сын. Што фальсіфікуюць вынікі, што не лічаць, як трэба, што там мусяць працаваць сумленныя не залежныя ад улады людзі. Дык што, цяпер усіх за гэта меркаванне будуць судзіць?»

Паводле Жаны Спарыш, віна яе сына нібыта ў падрыхтоўцы і навучанні да пратэстаў таксама не даказаная.

«Сяргей не служыў у войску, ніколі не трымаў у руках зброі, чаму ён мог навучыць іншых? Ён таленавіты чалавек, прафесійна займаўся музыкай, цікавіцца жывапісам. Ён стаў палітыкам, каб у краіне змянілася сістэма на дэмакратычную, і заўсёды змагаўся мірнымі сродкамі. Суд робіць з яго ледзь не тэрарыста, але гэта наўмысна. Мне відавочны палітычны сэнс гэтага прысуду», — сказала Жана Спарыш.

Жанчына адзначыла, што яе сын значна схуднеў, «выглядае як хлопчык», але не скарыўся і трымаўся на працэсе «вельмі прыстойна». Жана Спарыш перакананая, што сын абскардзіць прысуд, але яна думае, што гэта не дапаможа.

«6 гадоў чакаць — гэта будзе пакута. Раней спадзявалася, што нешта здарыцца добрае ў краіне, і ён раней выйдзе, яшчэ да суду, але цяпер даводзіцца мяняць надзеі. І ўсё ж перакананая, што не праз 6 гадоў, а раней убачу свайго Сяргея на волі», — сказала маці актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша Жана Спарыш.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: