Да фігуры гарадавога ўсклалі пахавальны вянок з надпісам «Іміджу МУС»

Відэа акцыі ў прамым эфіры з'явілася ў фэйсбуку Вячаслава Касінерава, паведамляе Радыё Свабода.

На відэа актывісты Вячаслаў Касінераў і Сяргей Спарыш пакінулі каля фігуры гарадавога пахавальны вянок.

Пазней у акаўнце Касінерава ў жывой трансляцыі маладых людзей спрабуе затрымаць супрацоўнік міліцыі.

Мінскі анархіст Вячаслаў Касінераў 12 сакавіка 2018 правёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства». Каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю помніка гарадавому. Касінерава затрымалі і змясцілі пад варту, дзе ён правёў больш за месяц, яму выставіліі абвінавачанне па артыкуле «хуліганства». У выніку, суд пакараў актывіста штрафам у 105 рублёў.

17 лістапада з'явілася відэа, на якім падлетак Арсені выбачаецца за тое, што даў поўху гарадавому. Публікацыя на Ютуб-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі спарадзіла шмат крытычных каментароў у інтэрнэце і медыях. Праваабаронцы адзначылі парушэнні закону пры завядзенні адміністрацыйнай справы на падлетка Арсенія і размяшчэнні відэа з ягонымі выбачэннямі ў інтэрнэце.

Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгі Яўчар быў зняты з пасады. Паводле крыніцаў «Нашай нівы», гэта стала вынікам «агулам нездавальняючай работы», а таксама скандальнай гісторыі вакол скульптуры гарадавога ў Мінску. Сам жа Яўчар кажа, што самастойна прыняў такое рашэнне і сышоў з міліцыі «ў сувязі з поўнай выслугай гадоў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: