Да юбілею Быкава збудуем новы плот вакол музея пісьменніка!

Абвешчаны збор сродкаў на добраўпарадкаванне сядзібы-музея Васіля Быкава.
Фота з фейсбука Глеба Лабадзенкі

Фота з фейсбука Глеба Лабадзенкі

Пра гэта ў фейсбуку паведаміў Глеб Лабадзенка.

У чэрвені споўніцца 95 год Васілю Быкаву. У ягоных родных Бычках (Вушацкі раён) дзейнічае сядзіба-музей пісьменніка, адкрытая ў 2004 годзе. З таго часу плот сядзібы зусім спарахнеў і вось-вось абрынецца. А хочацца, каб пад юбілей пісьменніка, калі сюды прыедуць людзі, усё выглядала хораша.

Глеб Лабадзенка распавядае, што ён меў перамовы з кіраўніцтвам Вушацкага райвыканкама. Яны будуць удзячныя, калі грамадскасць дапаможа ўсталяваць новую агароджу. Яны таксама далучацца: дапамогуць фізічна — бяруць усе працы па ўсталяванню на сябе.

Старыя спарахнелыя слупы вырашана замяніць на металічную аснову (каб прастаяла даўжэй), а штакеціны вырабіць зноўку драўляныя.

Апроч таго, пад юбілей выканкам усталюе насупраць хаты валун з памятнай дошкай "На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў".

Плот будзе замаўляцца непасрэдна на месцы. Сума цалкам адэкватная, бо трэба абгарадзіць даволі вялікую тэрыторыю. Давайце разам зробім добрую справу! Збор сродкаў тут.

Па словах Лабадзенкі, гэта далёка не ўсе планы па ўшанаванню Васіля Быкава на ягонай малой радзіме, але ўсё па чарзе!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!