Да палітвязня-анархіста Емяльянава пусцяць ксяндза

Анастасія Емяльянава, маці асуджанага на 7 гадоў калоніі актывіста анархісцкага руху Мікіты Емяльянава, сёння мела спатканне з сынам у СІЗА.

Пра гэта ў Facebook паведаміла анархістка Марына Касінерава:

«Мікіта ні аб чым не шкадуе і ў добрым настроі, была вельмі ўсцешаны вялікай падтрымкай у судзе. Знаходзіцца ў камеры на 16 асобаў. Усе людзі раней не былі асуджаныя. Падчас следства да Мікіты спрабаваў трапіць ксёндз, але яго не пусцілі. Цяпер начальніка СІЗА сказаў, што Мікіта атрымае сустрэчу».

Мікіта Емяльянаў (справа) падчас суду

Мікіта Емяльянаў (справа) падчас суду

Прысудам суда Савецкага раёна Мінска ад 12 лютага 2020 году анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар былі асуджаныя на сем гадоў пазбаўлення волі кожны за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, уражваючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

У віну Емельянову і Комару ставілася закідванне лямпачкамі з фарбай фасада будынка Мінскага гарадскога суда ў верасні 2019 года і два эпізоды выкарыстання гаручай сумесі для падпалу дзвярэй следчага ізалятара ў кастрычніку 2019 года ў Мінску.

Мікіта Емяльянаў не адмаўляў свайго ўдзелу ва ўсіх трох акцыях і заявіў, што мэтай яго дзеянняў было прыцягненне ўвагі да палітычных зняволеных у Беларусі, выказванне нязгоды з дзеючай сістэмай і рэпрэсіямі за свабоду меркаванняў.

Іван Комар адмаўляў свой актыўны ўдзел у акцыях і заяўляў аб ужыванні да яго жорсткага абыходжання і ціску на яго прадстаўнікамі ГУБАЗіК МУС і іншымі асобамі з мэтай напісання яўкі з павіннай.

Праваабаронцы прызналі Емяльянава і Комара палітвязнямі. У прыватнасці, на той падставе, што яны былі асуджаны да празмерна жорсткага пакарання, якое з'яўляецца відавочна непрапарцыйным учыненаму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: