Да палітвязня Рамана Пратасевіча другі дзень не дапускаюць адваката

Інэса Аленская, адвакатка журналіста Рамана Пратасевіча, безвынікова спрабуе трапіць да падабароннага ў мінскае СІЗА № 1.


Спачатку дазвол не даваў следчы, а затым высветлілася, што такога затрыманага нібыта няма ў ізалятары, хоць з апублікаванага ў праўладным тэлеграм-канале відэа вынікае, што Раман Пратасевіч менавіта там, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на TUT.BY.

Інэса Аленская распавяла, што 26 траўня яе запрасілі ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску, каб даць дазвол на наведванне падабароннага. Аднак чарговая спроба нічым не скончылася.

«Нягледзячы на тое, што гэта не абавязковы дакумент, я прыехала па дазвол, бо для мяне прынцыпова важна сустрэцца з Раманам сёння. Па-першае, родныя вельмі хвалююцца за стан яго здароўя, па-другое, неабходна ведаць пазіцыю кліента, бо ёсць верагоднасць допыту ў найбліжэйшы час. Але мне паведамілі, што дазвол на подпісе ў начальніка і калі што будзе — невядома. Не дачакаўшыся, пасля абеду я прыйшла ў СІЗА, дзе атрымала нечаканы адказ: Пратасевіча ў іх няма! Я папярэдзіла следства: незалежна ад жадання праводзіць следчыя дзеянні, спачатку мой кліент павінен атрымаць кансультацыю адваката».

Паводле юрысткі, права на абарону гарантавана Канстытуцыяй (арт. 62) і не можа быць абмежавана следчымі органамі або адміністрацыяй СІЗА. На распаўсюджаным відэа Раман Пратасевіч кажа, што «дае прызнальныя паказанні па факце арганізацыі масавых беспарадкаў». Паколькі яна не сустракалася з падабаронным, не зразумела, хто прысутнічае на гэтых допытах. Прынамсі, аб прыцягненні «дзяжурнага» адваката ні МУС, ні СК не паведамлялі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: