Да палякаў у Літве і Беларусі трапяць святочныя пасылкі, падрыхтаваныя ў Польшчы

Сёлетняя колькасць сабраных рэчаў прыемна ўразіла арганізатараў: будуць падрыхтаваныя больш за 2 тысячы пасылак.



Да палякаў у Літве і Беларусі трапяць святочныя пасылкі, падрыхтаваныя ў рамках акцыі «Пасылка на Крэсы». Збор падарункаў арганізаваў фонд «Крэсы ў патрэбе — палякі палякам» і Польскі нацыянальны фонд. Учора ў адной з варшаўскіх школ валанцёры сартавалі і пакавалі сабраныя прадукты. Да акцыі далучыліся харцэры, Мазавецкі савет па адукацыі і Добраахвотніцкі рабочы корпус.

Чалец праўлення Польскага нацыянальнага фонду Цэзары Анджэй Юркевіч сказаў, што валанцёры паедуць у Беларусь і Літву ў наступныя выходныя і наведаюць палякаў, якія там жывуць:

— Тое, што мы павінны памятаць пра палякаў на Крэсах, праяўляючы гэта матэрыяльным чынам, — гэта важна. Але насамрэч справа ў памяці, якую павінны несці яны. Пра што яны ў нас пытаюцца? У СМІ яны назіраюць адну рэч: нашыя сваркі. І скажу шчыра: яны трымаюць за нас кулакі, каб у нас не было гэтых спрэчак, у нас, у Польшчы. Яны адчуваюць патрэбу еднасці ў краінах, дзе жывуць, ці то ў Літве, ці то ў Беларусі. Для іх важна, каб Польшча была еднасцю, была знакам, што мы здольныя разам існаваць.

Камендант харцэраў Марцін Свідэрскі паедзе ў Беларусь і Літву ўжо чацвёрты раз. Да працы ён прыцягнуў 80 харцэраў. Камендант расказвае, што паездка да палякаў, якія жывуць у Літве ці ў Беларусі — гэта ўрок пакоры і польскасці:

— Мы едзем з 15 харцэрамі, здымаем цэлы бус, бо гэта бясцэнныя хвіліны. Гэта толькі адзін фрагмент акцыі «Пасылка на Крэсы». Я вельмі стараюся, каб кожны валанцёр прынамсі раз паехаў туды і паглядзеў на рэакцыю мясцовых палякаў, калі яны атрымліваюць гэтую пасылку. Яны маюць слёзы ў вачах, а гэта нашмат важней, чым сама пасылка. Яна з’яўляецца толькі дапаўненнем. Самым важным з’яўляецца кантакт з палякамі. Я запомніў слёзы ў вачах. Адна пані стала на калені і пацалавала мяне ў руку. Я таксама ўзрушыўся і таксама пацалаваў яе ў руку.

Пачкі пакавала валанцёрка Зоф’я Урбанэк, якая чарговы раз паедзе ў Беларусь і Літву:

— У Беларусі я была ў мінулым годзе. Паездка туды — гэта незвычайны досвед. Пакуючы тут пасылкі, разумееш, што дапамагаеш. Але няма зразумення таго, каму дапамагаеш, бо не кожны з нас мае магчымасць перажыць сустрэчы з гэтымі людзьмі. А яны вельмі ўдзячныя. Для нас гэта нешта невялікае — упакоўка кавы і дзве шакаладкі, а для тых людзей — гэта незвычайная справа, што нехта прысвячае ім час і прыязджае да іх. Пераважна гэта самотныя, старыя людзі, які не сустракаюцца з польскасцю штодзённа. Звычайна просяць, каб мы заспявалі ім нейкую песню, нешта расказалі. Гэта сапраўды незвычайна і кранальна.

Сёлетняя колькасць сабраных рэчаў прыемна ўразіла арганізатараў. У нядзелю валанцёры да позняга вечара запакавалі 1250 пасылак. У аўторак і сераду працягнецца падрыхтоўка чарговых. Чакаецца, што будуць спакаваныя яшчэ 1000 пасылак.

Акцыя «Пасылка на Крэсы» арганізоўваецца два разы ў год — перад Вялікаднем і перад Раством. Да гэтага часу перададзеныя 10 тысяч пасылак.

www.polskieradio.pl



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: