Да першага чытання рыхтуюць праект закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў»

Плануецца, што ў першым чытанні законапраект будзе прыняты ў аўтарскай рэдакцыі, а затым яго будуць дапрацоўваць разам з грамадскасцю, паведамляе БелТА са спасылкай на старшыню Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяну Кананчук.
Паводле слоў дэпутата, аналагаў няма «не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў Еўропе». Дакумент прадугледжвае комплекснае рэгуляванне, а пакуль пытанні аховы і выкарыстання тарфянікаў рэгулююцца ў Кодэксе аб нетрах, водным кодэксе, у законах аб ахове навакольнага асяроддзя, асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, аб меліярацыі зямель.

Галоўнай мэтай законапраекта Таццяна Кананчук назвала захаванне натуральных балот, вызначэнне канкрэтных патрабаванняў да гаспадарчай (сельскагаспадарчай і лясной) дзейнасці, каб зменшыць негатыўны ўплыў на тарфянікі і балоты.

На ўзроўні падзаконных актаў плануецца рэгламентаваць парадак распрацоўкі і зацвярджэння плана кіравання балотамі, правядзенне маніторынгу, інвентарызацыі тарфянікаў, стварэння іх рэестра і выкарыстання дадзеных з яго.


Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!