Да рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік прыйшлі сілавікі (абноўлена)

Да рэдактаркі спецпраектаў гродзенскага парталу Hrodna.life Ірыны Новік прыйшлі сілавікі. Аб гэтым ёй паведаміў муж. Самой Ірыны дома не было, яна таксама праходзіць па справе аб «экстрэмісцкіх матэрыялах», як і галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота.

Ірына Новік

21:20 Як перадае Беларуская асацыяцыя журналістаў, супрацоўнікі міліцыі пабылі каля пад'езда рэдактаркі спецпраектаў Ірыны Новік і з'ехалі. Цяпер Ірына дома.

Раней 30 траўня затрымалі, а потым вызвалілі з Ленінскага РАУС Горадні да суду Аляксея Шоту. У яго забралі ноўтбук, тэлефон, тры старых жорсткіх дыскі і бел-чырвона-белы парасон. Яго вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, перадае Радыё Свабода.

Гарадзенская міліцыя пракаментавала ў сацыяльнай сетцы УКантакце затрыманне галоўнага Hrodna life. «Падчас маніторынгу сеткі інтэрнэт супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Гродна выяўлены факт размяшчэння сайтам Hrodna life інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай», — гаворыцца ў паведамленні.

На Аляксея Шоту завялі адміністрацыйную справу па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасць». Ён паведаміў Hrodna.life, што яго затрымалі за публікацыю на сайце аднаго з Telegram-каналаў, прызнаных экстрэмісцкім.

Як выявілася, відэа пра затрыманне Шоты на YouTube апублікавалі за два дні да самога затрымання. У інтэрнэце выявілі спасылку з пазнакай «не для ўсіх», дзе супрацоўнік сілавых структур распавядае пра агляд па месцы жыхарства Шоты па новай справе. Відэа апублікавалі яшчэ 28 траўня.


Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 аўдыторыя сайту рэзка павялічылася, аднак разам з гэтым пачасціліся візіты сілавікоў у рэдакцыю, у тым ліку з ператрусамі. Частка журналістаў, у прыватнасці вядучы рэпарцёр парталу Руслан Кулевіч вымушана пакінулі Беларусь. Сёлета ў сакавіку Шоту і рэдакцыю Hrodna.life аштрафавалі на 12325 рублёў за «распаўсюд інфармацыі, якую ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КаАП).

«Цябе ў любы момант могуць закрыць з надуманай прычыны. Няўжо раней газеты не выкідалі з падпісных каталогаў? Ці не заводзілі справы на журналістаў? Раней улады стараліся падладжваць справу пад закон, цяпер яны не замарочваюцца доказамі», — казаў Шота ў травеньскім інтэрв’ю Свабодзе.

Інтэрнэт-партал Hrodna.life працуе з 2016 году. Ён паўстаў на базе папярэдняга сайту «Твой стыль» (2007–2015), дзе публікавалі матэрыялы навучэнцаў Школы журналістыкі.

У 2015–2016 гадах партал прайшоў поўны рэбрэндынг. Перадусім ён існуе за кошт рэкламы, продажу кантэнту і ахвяраванняў чытачоў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: