Да Віктара Бабарыкі ў СІЗА ўжо тры дні не пускаюць адваката

Адвакат Віктара Бабарыка Дзмітрый Лаеўскі не можа патрапіць да прэтэндэнта ў прэзідэнты, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ з 20 чэрвеня. Сёння яму зноў не далі пабачыцца з падабаронным, спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю, распавёў Лаеўскі TUT.BY.
Дзмітрый Лаеўскі. Фота: Дар

Дзмітрый Лаеўскі. Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY



— Сёння, 23 чэрвеня, я зноў паспрабаваў наведаць Віктара Дзмітрыевіча, падаў у бюро пропускаў КДБ неабходныя дакументы, іх не прынялі. Я зноў падаў скаргу ў Генпракуратуру, — сказаў Лаеўскі.

Нагадаем, апошні раз Дзмітрый Лаеўскі сустракаўся з Віктарам Бабарыкам у СІЗА 20 чэрвеня, калі ў яго прысутнасці праходзілі «працэсуальныя дзеянні». Пасля гэтага трапіць да свайго кліента адвакат не можа — 22 чэрвеня Лаеўскага ў СІЗА заявілі, што наведванні адвакатамі падабаронных у ізалятары ў цяперашні час не праводзяцца з-за эпідэмічнай сітуацыі. Лаеўскі падаў скаргу ў Генпракуратуру.

Іншы абаронца Віктара Бабарыкі — вядомы адвакат Аляксандр Пыльчанка распавёў некаторыя падрабязнасці справы. 

— Раніцай 18 чэрвеня, каля 9 гадзін раніцы, ён выязджаў у горад. Вёз з сабой падпісныя лісты для іх падачы ў камісію. Недалёка ад вёскі Мачаны, дзе ён пражывае, на пустыннай прасёлкавай дарозе каля могілак яго спыніў супрацоўнік ДАІ. Пакуль ён падаваў яму дакументы, да машыны падбеглі некалькі чалавек. Віктар Дзмітрыевіч папрасіў прадставіцца, яму нешта тыкнулі пад нос, але ён нічога не паспеў прачытаць. Бабарыка вывелі з-за руля аўтамабіля, пасадзілі на задняе сядзенне яго Tesla. Віктар Дзмітрыевіч сказаў, што, калі да яго ёсць пытанні, ён гатовы па першаму патрабаванню органа расследавання прыбыць у названыя месца і час. На гэта яму адказалі: давязем. Бабарыка заявіў, што расцэньвае гэта як выкраданне, і запатрабаваў запрасіць яго адвакатаў, — распавёў Пыльчанка.

Хтосьці з тых, хто затрымліваў Бабарыку, сеў за руль яго машыны, і кандыдата ў кандыдаты прывезлі ў ДФР Камітэта дзяржкантролю. Асабістыя рэчы — планшэт, два тэлефоны, гадзіннікі — кінулі ў машыну на задняе сядзенне, а яго адвялі ў будынак.

Адвакат адзначае, што Віктар Бабарыка з першых хвілін патрабаваў запрасіць яго абаронцаў, а сам Аляксандар Пыльчанка і яго калега Дзмітрый Лаеўскі спрабавалі патрапіць у будынак, але ўваход зачынілі. Не прымалі ў адвакатаў і дакументы, і скаргу на адвольнае неабгрунтаванае затрыманне.

Пыльчанка таксама распавёў пра ўмовы ўтрымання Віктара Бабарыкі ў "амерыканцы".

— Да персаналу прэтэнзій няма. Умовы ўтрымання — як у многіх. Ёсць праблемы побыту. З-за нядопуску нас да Віктара Дзмітрыевіча 18 чэрвеня ён не змог паведаміць, якія перадаць яму асабістыя рэчы. Рэжым прыёму перадач: панядзелак, серада, пятніца. Так што ўвесь гэты час ён быў у офіснай вопратцы. Спальнае месца ў яго — дадатковае. Так званы "верталёт" — ставіцца паміж іншымі ложкамі на ноч. Гэта значыць, што днём у камеры няма куды прыткнуцца.

Журналіст Марына Коктыш таксама пацікавілася ў адваката, як ён расцэньвае заяву кіраўніка КДК Івана Церцеля аб тым, што ён уявіць сабе не можа, што «кіраўнік банка мог быць не ў курсе таго, што яго работнікі здзейснілі злачынства».

Аляксандр Пыльчанка нагадаў пра арышт былога намесніка начальніка ГУБАЗіК Уладзіміра Ціхіні і "справу 17", па якой былі асуджаныя супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК, а таксама пра 2справу Уцюрына". Адвакат адзначыў, што, мяркуючы па агучанай логіцы, міністры і старшыні ведамстваў павінны былі быць у курсе здзейсненых іх супрацоўнікамі злачынстваў.

Аляксандр Пыльчанка ў чарговы раз адмовіўся назваць артыкулы крымінальнай справы, па якіх Віктару Бабарыку прад'яўленыя абвінавачванні. «Пад страхам крымінальнай адказнасці нам, адвакатам, забаранілі называць артыкулы Крымінальнага кодэкса, па якім прад'яўленае абвінавачванне», — адзначыў ён.

— Як я казаў раней, артыкулы мы не маем права называць, таму я іх і не агучваю. А з пункту гледжання зместу абвінавачвання — я задаволены, калі можна так выказацца. Чакаю не дачакаюся, калі яго абвесцяць дзяржаўныя СМІ або службовыя асобы! Для іх жа таямніц папярэдняга расследавання звычайна не існуе. А ў нас з'явіцца магчымасць па ім выказацца.

Каментуючы заявы генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка, што ў дачыненні да Віктара Бабарыкі таксама распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 і 3 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй) Крымінальнага кодэкса Беларусі, адвакат адзначыў, што тут ён нічога не можа патлумачыць.

— Заўважу толькі, што такія склады злачынстваў няпроста даказваюцца... як жартаваў калісьці генпракурор Савецкага Саюза (а можа, і не ён): галоўнае падчас следчых дзеянняў — не выйсці на саміх сябе.

Адвакат таксама выказаў свой пункт гледжання на жорсткія ўмовы да інфармацыі па гэтай справе.

- Мяркую, што гэта звязана з праблемамі па наяўнасці аб'ектыўных доказаў. Адна справа — заявіць пра неабвержныя і шматлікія доказы таго, хто іх тлумачыць вельмі свабодна, па сваім разуменні. Іншае — сабраць следчаму гэтыя доказы ў форме, прадугледжанай КПК. І калі такая проблемка маецца, то разлічваць прыходзіцца толькі на "царыцу-выратавальніцу" — поўную таямнічасць і абмежаванне інфармацыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: