Дабрачыннасць і правы чалавека пад забаронай? Чаму ДФР зацікавіўся Офісам па правах людзей з інваліднасцю

Стала вядома, што Дэпарамент фінансавых расследаванняў КДК сёння праводзіць праверку праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю». Чым займаецца арганізацыя, якую падазраюць у магчымым неправамерным завалодванні грашыма, атрыманымі як дабрачынныя ўнёскі?
Сёння прыкладна а 10-ай ранку ў дзверы да былога намесніка дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіла Мацкевіча пазванілі двое высокіх мужчын і жанчына. Яны не прадставіліся, ніякай формы на іх таксама не было. Мацкевіч не адчыніў. Тады тыя сказалі, што будуць ламаць дзверы. Але, шчэ нейкі час пагрукаўшы, рабіць гэтага не сталі, і цяпер нібыта сайшлі.

Міхаіл Мацкевіч

Таксама стала вядома, што ў бухгалтаркі Офіса Таццяны Крышталь забралі камп’ютар і тэлефон. Звязацца з дырэктарам Офіса Сяргеем Драздоўскім і юрыстам Алегам Граблеўскім не ўдаецца.

Міхаіл Мацкевіч, які пакуль працягвае знаходзіцца ў сваёй кватэры, у каментары «Новаму Часу» сказаў, што ўжо паўгода як не працуе ў Офісе па правах людзей з інваліднасцю, і не ведае, хто і навошта прыходзіў да яго і з якой нагоды ДФР распачаў праверку Офіса.

Асветніцкая праваабарончая арганізацыя «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» была заснавана ў 2011 годзе. Дырэктарам арганізацыі стаў Сяргей Драздоўскі, які ў 28 гадоў аказаўся на вазку.

Сяргей Драздоўскі

Сяргей Драздоўскі

Арганізацыя стваралася як ініцыятыва, якая б мела магчымасць прававымі метадамі дамагацца ад дзяржаўных органаў вырашэння праблем людзей з інваліднасцю і выканання законаў у дачыненні да грамадзян, якія праз свае фізічныя асаблівасці не ў стане зрабіць гэта самастойна. На момант свайго стварэння Офіс пераследваў яшчэ адну мэту – далучэнне Беларусі да Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, якую Беларусь усё ж ратыфікавала ў 2017 годзе.

Дзейнасць Офіса ўмоўна можна падзяліць на два блокі: асветніцкі і праваабарончы. Так, Офіс ладзіў сустрэчы і семінары, якія б дапамагалі беларускаму грамадству пераадолець бар’еры і прымхі ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Офіс ставіў сабе за задачу памяняць свядомасць людзей і іх стаўленне да пытання інваліднасці. Інваліднасць – гэта не толькі медыцынская праблема, а перш за ўсё, гэта праблема захавання і абароны правоў чалавека. Офіс садзейнічаў распаўсюджванню аб’ектыўнай інфармацыі пра сітуацыю з правамі людзей з інваліднасцю ў Беларусі.

Юрысты Офіса дапамагалі людзям з інваліднасцю адстойваць свае правы ў судзе. Да іх звярталіся, напрыклад, тады, калі ў пад’ездах, дзе жывуць людзі з інваліднасцю, дзяржава адмаўлялася ўсталёўваць пандусы. Дапамагалі юрысты і тады, калі органы апекі адбіралі дзяцей у бацькоў з інваліднасцю па прычыне наяўнасці ў бацькоў групы, калі адбывалася дыскрымінацыя на працоўных месцах і незаконныя звальненні, пры праблемах з атрыманнем пенсій і афармленнем догляду за людзьмі з інваліднасцю… Офіс таксама ўвесь час прыцягваў увагу грамадства і дзяржавы да такіх закрытых інстытутаў, як псіханеўралагічныя інтэрнаты, выступаў з ініцыятывамі увесці ў закон паняцце частковай дзеяздольнасці, бо поўнае пазбаўленне дзеяздольнасці (галоўная ўмова засялення ў псіханеўралагічны інтэрнат) – парушэнне правоў чалавека. Апошнім часам Офіс аказваў юрыдычную дапамогу і тым людзям з інваліднасцю, якія аказаліся ў ізалятарах часовага ўтрымання ці на якіх аказваецца ціск з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Спецыялісты кансультавалі людзей з інваліднасцю як па тэлефоне, так і непасрэдна ў офісе. Усё гэта рабілася бескаштоўна для людзей з інваліднасцю, якія ў сваёй большасці жывуць на адну пенсію.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: